Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мурманскай вобласьці Расеі баяцца новай хвалі сырыйскіх уцекачоў


Порт Мурманску.

Порт Мурманску.

Улады Печанескага раёну Мурманскай вобласьці асьцерагаюцца прыбыцьця ў рэгіён другой хвалі бежанцаў з Сырыі.

Як паведамляе ТАСС, цяпер у Печанескім раёне знаходзяцца каля 300 мігрантаў. Яны знаходзяцца ў Расіі легальна, аднак, калі іх стане больш, «могуць зьявіцца складанасьці з разьмяшчэньнем, а таксама паўстаць незадаволенасьць мясцовых жыхароў», — заявіла кіраўніца раёну Ірына Няверава.

Паводле яе слоў, сырыйскія бежанцы прыяжджаюць у Мурманскаю вобласьць, каб затым перайсьці ў Нарвэгію, з якой мяжуе Печанескі раён. Паводле дадзеных абласнога ўпраўленьня ФСБ, штомесяц у Нарвэгію такім чынам трапляюць каля ста мігрантаў. Пасьля прыбыцьці туды яны зьвяртаюцца па палітычны прытулак. Нарвэгія пакуль не адмаўляла уцекачам ва ўезьдзе, адзначаюць у ведамстве. Паводле словаў саміх мігрантаў, шлях у Эўропу праз Мурманскую вобласьць зьяўляецца самым выгадным.

З пачатку 2015 году на тэрыторыю Эўразьвязу прыбыло больш за 400 тысяч мігрантаў з краін Блізкага Ўсходу і Афрыкі. Пры гэтым адна Нямеччына сёлета, як чакаецца, прыме больш за 800 тысяч уцекачоў.

XS
SM
MD
LG