Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Татарскі актывіст Рафіс Кашапаў асуджаны на 3 гады калёніі


Рафіс Кашапаў у судзе

Рафіс Кашапаў у судзе

Суд горада Набярэжныя Чаўны прысудзіў да трох гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму аднаго з лідэраў Татарскага грамадзкага цэнтра Рафіса Кашапава. Яму таксама забаронена карыстацца сацыяльнымі сеткамі цягам двух гадоў.

Крымінальная справа ў дачыненьні да 57-гадовага татарскага актывіста Кашапава знаходзілася ў вытворчасьці цэнтральнага апарату сьледчага ўпраўленьня Сьледчага камітэту Расеі па Татарстане.

Паводле сьледзтва, у мінулым годзе Рафіс Кашапаў разьмясьціў у інтэрнэце некалькі інфармацыйных матэрыялаў, якія, згодна з заключэньнем экспэртаў, скіраваныя на парушэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі і на ўзбуджэньне міжнацыянальнай варожасьці, а таксама супраць асноваў канстытуцыйнага ладу і бясьпекі дзяржавы.

Падчас абвяшчэньня прысуду судзьдзя падкрэсьліў, што апублікаваныя матэрыялы былі даступныя неабмежаванаму колу асобаў. Агульная колькасьць падпісчыкаў Кашапава ў сацсетках перавышае 20 тысяч чалавек.

Сам Рафіс Кашапаў сваю віну не прызнаў. Ён растлумачыў, што ня лічыць свае пасты экстрэмісцкімі. Ніякага намеру заклікаць да парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі і абуджаць міжнацыянальную варожасьць у яго не было.

Паводле Кашапава, ён лічыў неабходным расказаць аб праблемах вакол сытуацыі ва Ўкраіне і ў Крыме. У прыватнасьці, ён крытыкаваў палітыку прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна за далучэньне Крыму і лічыў, што магчымае знаходжаньне расейскіх войскаў у Данецку і Луганску прывядзе да вялікай вайны.

Адвакат асуджанага заявіла, што вэрдыкт будзе абскарджаны ў Вярхоўным судзе Татарстана.

Пакуль рашэньне суда не ўвайшло ў законную сілу, Рафіс Кашапаў будзе знаходзіцца ў сьледчым ізалятары.

На думку праваабаронцаў з інфармацыйна-аналітычнага цэнтра «Сава», прысуд Кашапаву неправамоцны. Актывіст ўнесены ў сьпіс палітычных зьняволеных праваабарончым цэнтрам «Мэмарыял».

У 2014 годзе актывіст разьмясьціў на сваёй старонцы ў сеціве тэксты на палітычныя тэмы, у якіх апісваў прарасейскую адміністрацыю анэксаванага Крыму як «акупантаў» і параўноўваў Уладзімера Пуціна з Адольфам Гітлерам. Таксама ў матэрыялы справы трапіў «дэматыватар» з рэзкай крытыкай расейскай зьнешняй палітыкі.

XS
SM
MD
LG