Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца Алесь Бяляцкі ў Празе бярэ ўдзел у працы міжнароднай канфэрэнцыі «Форум-2000», у якой удзельнічаюць палітыкі і лідэры грамадзянскай супольнасьці як з дэмакратычных краінаў, гэтак і з дзяржаваў, дзе правы чалавека груба парушаюцца. Сёньня Алесь Бяляцкі наведаў беларускую рэдакцыю радыё Свабода.

Слухаць гутарку цалкам:

Навумчык: Алесь, пра што Вы казалі ў сваім выступе на адкрыцьці форуму?

Бяляцкі: Я зрабіў некалькі акцэнтаў, найперш, на сёньняшняй палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Адзначыў, што выпуск палітвязьняў — добры сыгнал, але ён ня сьведчыць пра нейкія сур’ёзныя, вялікія зьмены ў палітыцы беларускіх уладаў і гэта ўспрымаецца проста як саступка міжнароднаму ціску і актыўнасьці грамадзтва ў самой Беларусі. У рэшце рэшт, такая ясная і прынцыповая пазыцыя дала свой плён — палітвязьні выйшлі на волю. Казаў таксама, што рэжым знаходзіцца ў вялікай залежнасьці ад Расеі, і пагроза для незалежнасьці Беларусі застаецца. Тым больш апошнім часам яна ўзмацнілася, бо ўздымае галаву расейскі імпэрыялізм, і сама сутнасьць імпэрыялізму патрабуе наступных крокаў. І пасьля вайны ў Грузіі, пасьля вайны ў Данбасе, анэксіі Крыму, паўстае пытаньне — а хто наступны? Вельмі не хацелася б, каб наступнай краінай была Беларусь.

Навумчык: На канфэрэнцыі абмяркоўваецца і праблема, якая цяпер выйшла ў Эўропе на першае месца — вялізная хваля мігрантаў, якая рушыла з блізкаўсходніх краінаў, дзе ідзе вайна.

Бяляцкі: Я дам тут сваю ацэнку, таму што палярнасьць поглядаў на гэтае пытаньне захоўвалася на форуме. Мне падаецца, што мы сапраўды сутыкаемся з хваляй мігрантаў як з нечым другасным, тым, што ужо ёсьць вынікам цяжкай сытуацыі, зьвязанай з вайной у краінах, якія знаходзяцца каля межаў Эўразьвязу. І тут мы зноў прыходзім да таго, што зьнешняя палітыка Эўразьвязу далёкая ад дасканаласьці. Яна не адказвае хутка на сучасныя выклікі. І гэта датычыцца таксама і грамадзянскай вайны, яна ўжо перарасла ў нейкую міжнародную, якая вядзецца ў Сырыі. І было зроблена паўкроку — але ня быў зроблены цалкам крок, каб рашуча апанаваць сытуацыю ў Сырыі. І вось гэтая непасьлядоўнасьць і слабасьць міжнароднай палітыкі ператварыла сытуацыю ў Сырыі проста ў жахлівую, дзе чалавек ня можа жыць спакойна, бо можа загінуць. Таму хваля мігрантаў — вынік вось такой слабай міжнароднай палітыкі Эўразьвязу.

Таму я стаўлюся да гэтага з разуменьнем, тым больш што я асабліва ня бачу там нейкіх вялікіх адрозьненьняў культурных з сырыйцамі, якія дастаткова культурны народ, знаходзяцца на нармальным ўзроўні разьвіцьця побач з эўрапейскімі народамі.

Што тычыцца саміх мігрантаў, то я стаўлюся зь вялікім разуменьнем і шкадаваньнем да гэтых людзей, якія знаходзяцца проста ў безнадзейнай сытуацыі. І трэба сказаць, што і ў нас, беларусаў, таксама былі гістарычныя пэрыяды, калі мы знаходзіліся ў надзвычай складаных сытуацыях. І прыходзілася зьяжджаць з краіны мільёнам беларусаў, як у часы першай усясьветнай вайны. Ці іншыя трагічныя падзеі, калі сапраўды людзям трэба дапамагаць. Таму я стаўлюся да гэтага з разуменьнем, тым больш што я асабліва ня бачу там нейкіх вялікіх адрозьненьняў культурных з сырыйцамі, якія дастаткова культурны народ, знаходзяцца на нармальным ўзроўні разьвіцьця побач з эўрапейскімі народамі. Там ня менш, пытаньне Сырыі патрабуе свайго вырашэньня. І больш таго: Сырыя паказала, што падобнае можа адбыцца на якіх заўгодна тэрыторыях і ў якіх заўгодна краінах, якія зьяўляюцца суседзямі Эўразьвязу. Украіна — гэта наша «славянская Сырыя», у рэшце рэшт. Мы там маем два мільёны ўцекачоў, частка зь якіх пераехала ў іншыя раёны Ўкраіны, а палова расьсеялася па сьвеце, і сто тысяч ў якасьці ўцекачоў пасяліліся ў Беларусі. Пры разьвязваньні нейкіх жорсткіх шырокамаштабных канфліктаў, што асабліва ня выключана ў будучыні, і на бліжэйшыя гады і ва Ўкраіне, і ў Беларусі, і ў іншых постсавецкіх краінах. Гэта абсалютна рэальныя сцэнары, і Ўкраіна паказала, што гэтыя «нерэальныя сцэнары» вельмі хутка робяцца рэальнымі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG