Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі б я быў кандыдатам, я б зрабіў пікет на фоне катэджаў у Драздах»


Прэзыдэнцкая кампанія. Падчас збору подпісаў

Прэзыдэнцкая кампанія. Падчас збору подпісаў

Як можна прааналізаваць апублікаваныя праграмы кандыдатаў у прэзыдэнты? Ці прадстаўляюць яны каштоўнасную альтэрнатыву Аляксандру Лукашэнку? Ці рэагуе кіраўнік дзяржавы ў сваіх дзеяньнях на праграмы іншых кандыдатаў, ці проста ігнаруе іх існаваньне?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць палітычныя аглядальнікі Ўладзімер Падгол і Паўлюк Быкоўскі.

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Афіцыйна зарэгістраваныя кандыдаты ў прэзыдэнты апублікавалі свае праграмы. Не надрукаваў сваю праграму пакуль толькі Аляксандар Лукашэнка, але ён заяўляе, што ўся ягоная дзейнасьць — гэта ягоная праграма. Ці можна ўжо рабіць высновы наконт таго, як сябе пазыцыянуюць кандыдаты? Ці альтэрнатыва яны Лукашэнку?

«Папулізм у такой праграме — гэта патрабаваньне жанру»

Уладзімер Падгол

Уладзімер Падгол

Падгол: У нечым яны тоесныя, у нечым маюць нейкія «адценьні шэрага». У Лукашэнкі напісанай праграмы пакуль няма, але ёсьць пэўныя ўнікальныя апошнія дзеяньні. Вось Лукашэнка падараваў МАЗы Таджыкістану. Адкуль у яго МАЗы? Што, ён забраў уласнасьць заводу і падарыў іншай краіне? І тутака ж ён аддае калійныя нетры Міхаілу Гуцэрыеву. Гэта таксама ягонае ўласнае? Такім чынам, мы бачым, што Лукашэнка ігнаруе прыватную ўласнасьць — «усё гэта маё».

Але калі паглядзець на праграмы Ўлаховіча, Гайдукевіча, Караткевіч — то мы ўбачым, што ў іх таксама няма тэмы самай вялікай нашай праблемы, прыватнай уласнасьці на зямлю. Шчыра кажучы, Караткевіч намякае на гэта, цытую: «распрацаваць праграму будаўніцтва зь дзяржаўнай падтрымкай індывідуальных жылых дамоў на ўласным зямельным участку». І яшчэ — «прыняць і рэалізаваць праграму рэфармаваньня сельскай гаспадаркі на аснове шматукладнасьці, свабоднага разьвіцьця ўсіх формаў уласнасьці і стварэньня рынку зямлі». Але які можа быць рынак зямлі, калі няма інстытуту прыватнай уласнасьці?

Паўлюк Быкоўскі

Паўлюк Быкоўскі

Быкоўскі: Фармальна, калі казаць па апублікаваных праграмах, адрозьненьні ад дзейнага кіраўніка дзяржавы ў кандыдатаў досыць вялікія. Нават у Ўлаховіча, які заяўляе, што падтрымлівае Лукашэнку, ёсьць і словы пра падзел уладаў і гэтак далей. Можа, найбольш шчырым быў Сяргей Гайдукевіч, які, акрамя прыгожых словаў, нічога не пакінуў у праграме. Бо гэта тэксты вельмі малога аб’ёму, і там немагчыма выкласьці сапраўдную сур’ёзную праграму.

І калі мы паглядзім на абмеркаваньне праграмы Тацяны Караткевіч, якое ўжо адбываецца ў сацыяльных сетках, то часта на ўсе выпады апанэнтаў прыхільнікі Караткевіч кажуць — «ну, гэта вельмі сьціслы тэкст, мы пакажам вам пазьней большы». Да таго ж, хутчэй за ўсё, выбарчыя штабы кандыдатаў не асабліва разьлічваюць, што будзе шмат людзей, якія захочуць прачытаць кожны параграф гэтай праграмы і параўнаць.

Цыганкоў: Я якраз сярод тых, хто напісаў матэрыял наконт праграмы Караткевіч, у якім зьвярнуў увагу на папулізм гэтага дакумэнту. А вы як бы ацанілі памер папулізму ў гэтай праграме?

Быкоўскі: Папулізм у такой праграме — гэта патрабаваньне жанру. Нават цяжка сказаць, ці гэты дакумэнт «левы», ці «правы» — настолькі там усё неадназначна. Тое самае ў Гайдукевіча і Ўлаховіча, якія нібыта хочуць даць свабоду рынку — магчыма, яны па-рознаму разумеюць гэтыя паняцьці. Што вылучае Караткевіч — гэта словы пра свабоду слова і беларускую мову.

«Галоўны вораг Лукашэнкі — Лукашэнка ўзору 2010 году»

Цыганкоў: Ці рэагуе Лукашэнка ў сваіх дзеяньнях на праграмы іншых кандыдатаў, ці проста ігнаруе іх існаваньне?

Падгол: Гэтых апанэнтаў ён абсалютна ігнаруе. Бо ў яго ёсьць зусім іншы жудасны вораг — Лукашэнка ўзору 2010 году, які абяцаў тысячу даляраў заробку і прагрэс. А тут усё ляснулася. Таму цяпер ён прыдумляе, што вакол ідзе вайна, а ўнутры Беларусі ідзе эканамічная вайна — і, ён кажа, нам бы не патануць, а чапляцца за тое, што ёсьць. Але шмат хто памятае пра тое, што ён абяцаў у 2010 годзе — вось у чым для яго праблема.

Цыганкоў: Ці спрабуюць іншыя кандыдаты згуляць на эканамічных цяжкасьцях краіны, што было б натуральным для апазыцыйных палітыкаў? Ці яны пабойваюцца гэта рабіць?

Падгол: Яны амаль не рэагуюць на гэта. Калі б я быў кандыдатам у прэзыдэнты на месцы Караткевіч, я б арганізаваў пікет з тэлездымкамі на фоне катэджаў у Драздах, якія каштуюць мільёны даляраў. Расказаў бы, каму яны належаць і колькі мільёнаў даляраў каштуюць. І калі іх прадаць з аўкцыёну, колькі можна аддаць грошай пэнсіянэрам. Вось так трэба змагацца, і гэта быў бы рэальны папулізм. І далей заяўляць, што трэба адабраць уласнасьць у чыноўнікаў — бо няма ў Беларусі інстытуту прыватнай уласнасьці.

Быкоўскі: Падчас рэгістрацыі кандыдатаў некаторыя зь іх згадалі пра сытуацыю ў эканоміцы, і, што забаўна, БТ найперш выразала гэтыя словы — пра эканамічны крызіс. Я ня ўпэўнены, што гэтыя палітыкі пойдуць у масы зь лёзунгамі, пра якія сказаў спадар Падгол. Гэта не зусім адпавядае іх палітычным поглядам, таму наўрад ці такое рэзкае змаганьне зь дзейным кіраўніком дзяржавы будзе выкарыстоўвацца.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG