Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына і Аўстрыя заклікалі правесьці спэцсаміт ЭЗ па ўцекачах


Раней у аўторак міністар унутраных спраў Нямеччыны заклікаў да ўвядзеньня фінансавых санкцый супраць краін-членаў Эўразьвязу, якія адмаўляюцца прымаць уцекачоў.

Нямеччына і Аўстрыя ў аўторак заклікалі правесьці на наступным тыдні спэцыяльны саміт ЭЗ па ўрэгуляваньні міграцыйнага крызісу. Выступаючы ў Бэрліне на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з канцлерам Аўстрыі Вэрнэрам Файманам, Мэркель заявіла, што Нямеччына, Аўстрыя і Швэцыя ня могуць у адзіночку справіцца з наплывам уцекачоў.

«Праблему міграцыйнага крызісу можна вырашыць толькі сумеснымі намаганьнямі краін-членаў ЭЗ. Усе дзяржавы Эўразьвязу нясуць адказнасьць за гэта, і вось чаму мы пагадзіліся на наступным тыдні правесьці адмысловы саміт ЭЗ па міграцыі. Кіраўнік эўрапейскай Рады Дональд Туск разгледзіць гэтую прапанову», — сказала Мэркель.

Раней у аўторак міністар унутраных спраў Нямеччыны Томас дэ Мэзьер заклікаў да ўвядзеньня фінансавых санкцый у дачыненьні да краін-членаў Эўразьвязу, якія адмаўляюцца прымаць бежанцаў. Паводле яго слоў, неабходна дамовіцца аб тым, як аказаць ціск на гэтыя дзяржавы. Мэзьер адзначыў, што гэтыя краіны часта атрымлівалі значныя фінансавыя сродкі з структурных фондаў ЭЗ і прапанаваў скараціць памеры выплат для іх.

У аўторак у Вугоршчыне ўступілі ў сілу папраўкі да заканадаўства, якія ставяць сваёй мэтай рэзка скараціць плынь мігрантаў, якія прыбываюць у краіну. З гэтага часу асобы, якія незаконна перасеклі вугорскую мяжу, падлягаюць арышту. У той жа дзень вугорскія ўлады заявілі аб намеры пабудаваць сьцяну на мяжы з Румыніяй, каб спыніць паток уцекачоў у краіну. Раней Будапэшт пачаў будаўніцтва плота на мяжы з Сэрбіяй.

Ведамства ААН па справах бежанцаў сёньня выказала глыбокае расчараваньне тым, што на пасяджэньні Рады ЭЗ у панядзелак не ўдалося дасягнуць канчатковага пагадненьня аб разьмяшчэньні 120 тысяч мігрантаў. Пра гэта сёньня ў Жэнэве заявіла афіцыйны прадстаўнік ведамства Мэліса Флемінг.

XS
SM
MD
LG