Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня мытнага камітэту Юры Сянько: Беларускія вустрыцы ў Расею — гэта не парушэньне


Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Юры Сянько (у цэнтры)
Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Юры Сянько (у цэнтры)

Тысячу тон прадуктаў з краінаў, што ўваходзяць у гэтак званы сьпіс «санкцыянаваных», канфіскавала беларуская мытня за 8 месяцаў 2015 году. Гэта больш, чым за той жа час канфіскавалі на расейска-беларускай мяжы расейскія мытнікі на падставе санкцыяў на прадукты харчаваньня з Эўропы. Расейскія мытнікі забралі ў парушальнікаў указу аб санкцыях толькі 650 тон харчоў. Пра гэта паведаміў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Юры Сянько ў Нацыянальным прэс-цэнтры. Паводле Юрыя Сянько, тым ня менш у Расеі працягваюць гучаць абвінавачаньні на адрас Беларусі ў правозе на тэрыторыю Расеі эўрапейскіх харчоў пад выглядам беларускіх.

«Гучаць заявы пра тое, што ў Беларусі нібыта свае вустрыцы, сваё мора і свае морапрадукты. Але ж тут усё ясна, і мне здаецца, што расейскія мытнікі гэта выдатна разумеюць, бо ніякага парушэньня абсалютна няма. Калі наш суб’ект гаспадараньня — той жа „Санта Брэмар“, ці „Санта Імпэкс“, ці ёсьць у Наваградку прадпрыемства „Леўра-плястык“ па перапрацоўцы морапрадуктаў — яны завозяць сыравіну ў сырым выглядзе, цалкам праходзіць працэс яе перапрацоўкі, гатаваньня, пакаваньня, фасаваньня. Цалкам мяняецца тавар, і законна становіцца паходжаньнем зь Беларусі. Тут няма абсалютна ніякіх парушэньняў, бо тавар трапляе ў Расею зь беларускай гандлёвай маркай. Але часам мы бачым у расейскіх мэдыях папрокі, што Беларусь мае свае морапрадукты. Не».

Беларускай мытні споўнілася 24 гады. Сярод новаўвядзеньняў, якімі зьбіраюцца мытнікі адзначыць гэтую гадавіну, — экспэрымэнт з аўтатрафікам на беларуска-польскіх памежных пераходах у Казловічах і Брузгах. Экспэрымэнт мае распачацца зь лістапада. Аўтатрафік — гэта калі грузаперавозчыкі, падаўшы дакумэнты на грузы ў электронным выглядзе, атрымаюць дазвол на праход мяжы, пры ўмове, што ўсё запоўнена дакладна, не ад мытніка, а непасрэдна ад кампутара. Паводле разьлікаў, аўтатрафік значна скароціць час на перасячэньне мяжы, хоць рэжым даверу, на якім ён грунтуецца, усё роўна патрабуе кантролю. Пазьней, калі экспэрымэнт дасьць станоўчыя вынікі, гэтую практыку могуць распаўсюдзіць на іншыя памежныя пераходы.

Паводле Юрыя Сянько, на мяжы з Украінай трафік за 2015 год зьменшыўся больш як на 35–40%.

«Гэта адбылося з-за вядомых падзеяў. Транзытныя грузаперавозчыкі часьцей адмаўляюцца ад напрамку на Ўкраіну», — паведаміў старшыня беларускай мытні.

Адна з новых прыкмет працы беларускіх мытнікаў на мяжы з Украінай — сталі канфіскоўваць у кіроўцаў газавыя пісталеты (гэтак званую «траўматыку») і патроны. «Кіроўцы думаюць пра сваю бясьпеку, але гэтыя рэчы правозіць нельга, і мы іх забіраем», — сказаў Юры Сянько.

Летась мытнікі дамагліся забароны на перасячэньне мяжы пешым ходам, але паабяцалі, што пасьля ўдасканаленьня інфраструктуры тым, хто зьбіраецца перасекчы мяжу пешкі, зноў дадуць «зялёнае сьвятло». Калі гэта будзе зроблена?

Юры Сянько паведаміў, што на пераходзе ў Брузгах ужо пачынаюцца працы па пашырэньні дарогі, і ў 2017 годзе там зьявіцца паласа для праходу мяжы пешаходамі. Аналягічныя пляны існуюць адносна пераходаў у Баброўніках і Бераставіцы, але там пакуль рамонту не пачыналі, бо не знайшлі крыніцы фінансаваньня.

40 супрацоўнікаў Ашмянскай мытні праходзяць па крымінальнай справе аб хабарніцтве, якую працягваюць расьсьледаваць КДБ і Сьледчы камітэт. «Мы ўзмацнілі ідэалягічную працу, актывізавалі службу ўнутранай бясьпекі», — паведаміў старшыня Мытнага камітэту Юры Сянько пра змаганьне з хабарнікамі.

Гучныя справы пра карупцыю на мытнях зьяўляюцца ледзь ня кожны год, але пакуль перамагчы гэтую ганебную зьяву не ўдаецца, прызнаў спадар Сянько.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG