Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніца «Мэдузы»: 86 працэнтаў Пуціна — вялікая хлусьня


Галіна Цімчанка. Прага, 14.09.2015

Галіна Цімчанка. Прага, 14.09.2015

Галоўны рэдактар расейскамоўнага інтэрнэт-рэсурсу «Мэдуза» Галіна Цімчанка падчас дыскусіі на міжнароднай канфэрэнцыі «Форум 2000» у Празе заявіла, што лічыць падманам заявы пра 86-працэнтную падтрымку грамадзянамі Расеі прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна.

У гутарцы з Радыё Свабода Цімчанка патлумачыла, чаму яна ня верыць расейскім сацыялягічным апытаньням, што можна лічыць сапраўднай падтрымкай палітыкі Пуціна і чаму з Латвіі можна рабіць навінны сайт для Расеі.

Цімчанка: На пачатку я спашлюся на меркаваньне заснавальніка газэты «Коммерсант» Уладзіміра Якаўлева. Ён апісаў тое, чаму вучылі на факультэце журналістыкі яшчэ ў савецкія часы, — гэтак званую «тэорыю вялікай хлусьні». Адзін раз укідваецца вельмі вялікая лічба, людзі спачатку страшна зьдзіўляюцца, потым гэтая лічба шмат разоў паўтараецца, і ў выніку людзі, якіх апытваюць, баяцца апынуцца ў меншасьці. Таму яны адказваюць гэтак жа, як ім некалі сказалі. У іх пытаюцца: «Палітыку Расейскай Фэдэрацыі ў Замбіі падтрымліваюць 92 працэнты. Вы ведалі пра гэта?» І людзі аўтаматычна пачынаюць паўтараць, што, вядома ж, мы таксама за, бо страх апынуцца ў меншасьці — адзін з самых моцных страхаў. Гэта маніпуляцыя грамадзкай сьвядомасьцю, якая вядомая яшчэ з 70-х гадоў мінулага стагодзьдзя.

А што тычыцца рэальнай сытуацыі — калі б 86 працэнтаў актыўна падтрымлівалі Ўладзіміра Пуціна, напэўна яны хадзілі б на прэзыдэнцкія выбары. Але на прэзыдэнцкія выбары прыйшлі 50 працэнтаў. Колькі зь іх падтрымалі Пуціна? 53 працэнты. У выніку мы маем значна менш за 86 працэнтаў. [Паводле афіцыйных дадзеных ЦВК Расеі, яўка на прэзыдэнцкіх выбарах 2012 году склала каля 65 працэнтаў, зь іх каля 64 працэнтаў прагаласавалі за Пуціна — РС.]

З другога боку, апытаньні грамадзкай думкі робяцца некалькімі спосабамі. Напрыклад удзень тэлефануюць на гарадзкі нумар. Хто ўдзень знаходзіцца дома? У асноўным пэнсіянэры і тыя, хто не працуе. Калі пэнсіянэрцы кажуць «Добры дзень, Марыя Іванаўна, мы прадстаўнікі сацыялягічнай службы, маем да вас пытаньне», дык у кожнага старэйшага чалавека спрацоўвае «Пра мяне ведаюць, лепей я скажу як трэба». Тут уступае ў сілу сцэнар, які называецца «памяць савецкага чалавека». У Савецкім Саюзе трэба было як мага хутчэй адказаць як патрабуецца і сысьці жыць сваім жыцьцём. Менавіта таму мы бачым апатыю на мясцовых выбарах, апатыю на выбарах ў Дзярждуму, — каб людзі прагаласавалі «правільна» і зьбеглі ва ўласнае жыцьцё.

Часам апытальнікі ходзяць па дамах, і калі перад табой стаяць тры чалавекі з паперамі ў руках, сцэнар выжываньня для цябе адзін — сказаць тое, што трэба, каб табе не задавалі лішніх пытаньняў, зачыніць дзьверы і сысьці ў сваё жыцьцё.

РС: Ці значыць гэта, што ў цяперашняй Расеі ўвогуле немагчыма рэальна вызначыць грамадзкае меркаваньне?

Цімчанка: Вядома ж магчыма. Але, на жаль, я маю вельмі вялікія прэтэнзіі да сацыёлягаў і да таго, як фармулююцца пытаньні. Вельмі шмат дасьледаваньняў ёсьць пра тое, што адказ залежыць ад формы пытаньня. Вядома ж, вядзецца праца зь вялікімі масівамі дадзеных, але публікуюцца для грамадзтва тыя апытаньні, якія паказваюць уладу ў найлепшым сьвятле.

РС: То бок вы ня бачыце ў цяперашняй расейскай сацыялёгіі людзей, незаангажаваных уладай?

Цімчанка: Я бачу людзей, але я бачу людзей у канкрэтных умовах. Ім таксама трэба ў Расеі жыць і працаваць. Ім трэба, каб іх не закрылі і не абвясьцілі непажаданымі арганізацыямі.

РС: Вы казалі пра нізкую яўку на прэзыдэнцкіх выбарах 2012 году. Але ад таго часу шмат што зьмянілася. Тыя выбары былі да «Крымнашу» і цяперашняй хвалі патрыятычнай прапаганды. Цяпер шмат у каго з тых, хто глядзіць на Расею, складаецца ўражаньне масавага вар’яцтва. Можа людзі сапраўды памяняліся?

Цімчанка: Так не бывае. Безумоўна, зьмены адбыліся. Але мы цяпер з вамі гаворым пра 86 працэнтаў. Вельмі шмат людзей маюць нейкія свае перакананьні, і гэта нармальна. У любым грамадзтве ёсьць людзі згодныя і нязгодныя. Іншая рэч, што нават тыя, хто падтрымлівае Пуціна, неабавязкова лічаць ворагамі тых, хто яго не падтрымлівае. Бо цяпер гавораць, што 86 працэнтаў падтрымліваюць Пуціна, і значыць яны, сьледам за расейскай прапагандай, лічаць усіх нязгодных ворагамі. Гэта ня так. Нават калі ў страшным сьне ўявіць, што 86 працэнтаў сапраўды сказалі, што яны падтрымліваюць палітыку Пуціна, як вы думаеце, што яны адкажуць на наступнае пытаньне: «Ці хочаце вы, каб ваш сын пайшоў ваяваць за Данбас?»

РС: Але гэта ўжо іншыя пытаньні, і яны таксама ставяцца...

Цімчанка: Так, і людзей, якія адказваюць на іх сьцьвярджальна, значна менш. А вось гэта і ёсьць актыўная падтрымка — тыя, хто гатовы пайсьці ваяваць і паслаць сваіх дзяцей. Таму гэтае пытаньне пра 86 працэнтаў вісіць у паветры.

РС: Падчас дыскусіі на «Форуме 2000» вы казалі, што рэдакцыя «Мэдузы» толькі есьць і сьпіць у Рызе, але жыве цалкам у расейскай інфармацыйнай прасторы. Але ж вашыя крытыкі могуць сказаць, што немагчыма адэкватна ацэньваць сытуацыю, не знаходзячыся фізычна ўнутры краіны.

Цімчанка: Я ня бачу тут ніякай сувязі. Так кажуць людзі, якія вельмі кепска разумеюць як працуе інтэрнэт і сацыяльныя сувязі. Напрыклад, для таго, каб зразумець праблемы з інклюзіўнай адукацыяй альбо з забесьпячэньнем людзей абязбольвальнымі лекамі, мне неабавязкова знаходзіцца каля ложка хворага. Я павінна мець журналіста, які сам паедзе, як гэта зрабіла Кацярына Гардзеева, адсядзіць са сваякамі па ўсіх раённых паліклініках, зробіць чатыры рэпартажы, потым возьме інтэрвію ў дачкі адмірала Афанасенкі, які скончыў самагубствам, потым пагутарыць зь іншымі. Мне тут неабавязкова прысутнічаць самой. Наша штаб-кватэра знаходзіцца ў Рызе, каб аднойчы да нас не прыйшлі людзі і не сказалі «Рукі на стол! Мы апячатваем вашае памяшканьне».

РС: Наколькі вялікі ціск цяпер чыніцца на вашых карэспандэнтаў у Расеі?

Цімчанка: Гэта абсурд расейскага жыцьця. З аднаго боку дэпутат Дзяржаўнай думы піша запыт у Генэральную пракуратуру, каб журналіста «Мэдузы» Данііла Туроўскага і мяне прыцягнулі да адказнасьці за экстрэмізм, бо мы публікуем расьсьледаваньне пра «Ісламскую дзяржаву», а з другога боку Даніілу Туроўскаму даюць прэмію «Журналіст году» за тое самае расьсьледаваньне.

Галіна Цімчанка была галоўным рэдактарам інтэрнэт-рэсурсу Lenta.ru. У красавіку 2014 году яна была звольненая з пасады, бо акцыянэраў не задаволіла стаўленьне рэдакцыі да расейска-ўкраінскага канфлікту. Частка журналістаў lenta.ru сышлі на знак салідарнасьці і разам яны стварылі новы расейскамоўны сайт «Мэдуза», рэдакцыя якога месьціцца ў Рызе.

XS
SM
MD
LG