Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты не выключаюць ваенна-палітычнай дэстабілізацыі Беларусі Расеяй цягам бліжэйшых трох-шасьці месяцаў.

Экспэрты Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсен Сівіцкі і Юры Царык апублікавалі даклад «Новая геастратэгія Расеі: наступствы і выклікі для архітэктуры міжнароднай бясьпекі».

Зьнешнюю палітыку Расеі ад моманту, які папярэднічаў украінскаму крызісу, аўтары апісваюць як праяву новай прагматычнай геапалітыкі Крамля. Разглядаецца ўжываньне гэтай стратэгіі ў розных рэгіёнах сьвету і яе міжнародна-палітычная прырода.

Паводле дасьледчыкаў, новая стратэгія Масквы перадусім прадугледжвае перанос стратэгічнай лініі абароны ад сваіх межаў да заходніх межаў Калінінградзкай вобласьці, Беларусі, Украіны, Прыднястроўя, паўднёвых межаў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі ва Ўсходняй Эўропе і Казахстану, Кіргізстану, Таджыкістану — у Цэнтральнай Азіі. Правакаваньне нестабільнасьці ўздоўж гэтага пэрымэтру — адзін з інструмэнтаў зьмяншэньня ўплыву і прысутнасьці ў згаданых рэгіёнах іншых усясьветных і рэгіянальных дзяржаваў.

Як лічаць экспэрты, расейская геастратэгія надзвычай прагматычная і нацэленая на дасягненьне канкрэтных эфэктаў у часавым гарызонце ад 1 да 4 гадоў. У доўгатэрміновым пляне яна абапіраецца на гіпотэзу, што яе рэалізацыя абумовіць такую эвалюцыю міжнародных зносінаў, якая істотна палепшыць пэрспэктывы Расеі. Іншымі словамі, калі новая геастратэгія будзе пасьпяхова рэалізаваная, то чарговая «халодная вайна», шматпалярная паводле сваёй прыроды, стане асноўнай інстытуцыянальнай рамкай на аглядную пэрспэктыву.

Гаворачы пра месца і ролю Беларусі ў новай геастратэгіі Расеі, Арсен Сівіцкі і Юры Царык адзначаюць наступнае:

ЗША і краіны Эўразьвязу павінны ўлічваць высокую імавернасьць ваенна-палітычнай дэстабілізацыі Рэспублікі Беларусь на працягу бліжэйшых трох-шасьці месяцаў і прыняць меры, якія дазваляюць панізіць верагоднасьць такога сцэнара

«ЗША і краіны Эўразьвязу павінны ўлічваць высокую імавернасьць ваенна-палітычнай дэстабілізацыі Рэспублікі Беларусь на працягу бліжэйшых трох-шасьці месяцаў і прыняць меры, якія дазваляюць панізіць верагоднасьць такога сцэнара. Да дэструктыўных крокаў у дачыненьні да свайго заходняга саюзьніка Расею падштурхоўвае тупіковая сытуацыя ва Ўкраіне: страта ўплыву на СБУ і ўкраінскія радыкальныя нацыяналістычныя арганізацыі, пагроза новых санкцыяў у спалучэньні зь непазьбежным вітком крызісу ў расейскай эканоміцы ўвосень 2015 году запатрабуе новай хвалі мабілізацыі грамадзкай думкі на аснове рыторыкі „ваеннага часу“. Намеры Беларусі трымацца нэўтральнай і міратворчай пазыцыі ва ўкраінскім канфлікце, нармалізаваць адносіны з ЭЗ і ЗША, стаць партнэрам КНР у праекце Эканамічнага поясу Шаўковага шляху наўпрост супярэчаць новай геастратэгіі Расеі і падштурхоўваюць яе да паўтарэньня ўкраінскага сцэнару ў Беларусі».

Вайсковыя вучэньні КСАР АДКБ «Узаемадзеяньне-2015», якія адбыліся пры канцы жніўня, ускосна сьведчаць пра падрыхтоўку сцэнара ўводу расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі. Падставай для такога кроку можа стаць рашэньне Менску адмовіцца ад разьмяшчэньня расейскай авіяцыйнай базы на сваёй тэрыторыі і, як дадаюць аўтары дакладу, падарваць тым самым мірны працэс ва Ўкраіне.

«Важны аргумэнт для расейскага кіраўніцтва на карысьць арганізацыі зьмены рэжыму ў Беларусі — велізарны ўплыў, які Расея мае на спэцслужбы, дзяржаўны апарат, дырэктарат дзяржаўных прадпрыемстваў, інфармацыйную прастору і эканоміку Беларусі. У той жа час вышэйшае кіраўніцтва Беларусі недвухсэнсоўна абазначыла безальтэрнатыўнасьць мэты захаваньня сувэрэнітэту краіны, што дае некаторыя падставы для аптымізму», — зазначаюць экспэрты.

Класкоўскі: Не падзяляю алярмізму наконт дэстабілізацыі

Палітоляг Аляксандр Класкоўскі дапускае, што палітолягі могуць мець такі пункт гледжаньня — што ня выключана ваенна-палітычная дэстабілізацыя Беларусі Расеяй у бліжэйшыя тры-шэсьць месяцаў. Але кажа, што такі алярмізм не зусім абгрунтаваны:

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

«З аднаго боку, мы бачым: Масква сапраўды цісьне, гэта было прадэманстравана ў пытаньні пра авіябазу, якое Масква дэманстратыўна вынесла ў публічную сфэру, па сутнасьці, паказаўшы, што Лукашэнка вельмі ад яе залежны і нікуды ня дзенецца. Зь іншага — выбары ў Беларусі тут выкарыстоўваюцца толькі як адна з опцыяў. Таму што Масква — гэта імпэрыя, там мысьляць глябальнымі катэгорыямі і думаюць найперш, як ямчэй супрацьстаяць Захаду. А ўжо беларускі пляцдарм, выбары прэзыдэнта Беларусі — гэта нейкія акалічнасьці, якія толькі бяруцца пад увагу.

Таму тут ня варта аглядальнікам цярпець на беларусацэнтрызм, нібыта ў Крамлі толькі і думаюць, як разгойдаць рэжым Лукашэнкі. Пуціну хапіла Ўкраіны, ён там улез глыбока, санкцыі б’юць балюча, і цяпер Масква думае, як пакрысе адкруціць сытуацыю назад. Таму Масква ня будзе пачынаць разгойдваць сытуацыю ў Беларусі. Да таго ж Лукашэнка жорстка кантралюе ўнутраную сытуацыю. І ўявіць, што тут нейкія „сотні“ баевікоў могуць фармавацца, а спэцслужбы, якія ўсё прасьвечваюць рэнтгенам, пра гэта ня ведаюць, — немагчыма. А беларускі кіраўнік, хоць ён наравісты і капрызны, на сёньня Маскву задавальняе».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG