Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напал жарсьцяў, якія разгарэліся вакол постаці Тацяны Караткевіч і яе выбарчай кампаніі, выклікае зьдзіўленьне і патрабуе асэнсаваньня.

Выпадкаў, калі інтарэсы розных групаў, плыняў апазыцыі і ўсёй грамадзянскай супольнасьці ўваходзілі ў жорсткі клінч, у найноўшай беларускай гісторыі было шмат. Драматычна двойчы расколваўся БНФ, у 2001 годзе для прыхільнікаў Сямёна Домаша было шокам тое, як ён саступіў Уладзімеру Ганчарыку, у 2006 годзе Аляксандар Казулін аб’ектыўна моцна перабег дарогу Аляксандру Мілінкевічу, пазбавіўшы апошняго статусу «адзінага», у 2010 годзе была наагул вайна ўсіх супраць усіх, і відавочна, што Ўладзімер Някляеў і Андрэй Саньнікаў адбіралі галасы адзін у аднаго. Усе гэтыя калізіі спараджалі канфлікты паміж прыхільнікамі адпаведных палітыкаў, але цяперашняга напалу, так прыгадваецца, не было і блізка. А тут — зьнявагі, абвінавачаньні, разрывы адносінаў. Суцэльны Шэксьпір.

Пры тым што па вялікім рахунку ніводзін з бакоў цяперашніх халівараў у глыбіні душы ня лічыць, што посьпех ці няўдача лініі, якую ён адстойвае, будзе мець лёсавызначальнае значэньне. Ну зьнялася б Караткевіч зараз з выбараў — дык што, абрынуўся б рэжым Лукашэнкі ад народнага байкоту? У куды больш крытычных сытуацыях не абрынаўся, а тут абрынецца? З чаго? І наадварот — ну паўдзельнічае Караткевіч у выбарах, атрымае свае адсоткі і што — асыпле Захад Лукашэнку золатам, рукі цалаваць яму будзе? Не асыпле і цалаваць ня будзе.

Дык з чаго ж тады такія жарсьці? Здаецца, нагода — дэманічная постаць кіраўніка штабу Караткевіч, яе «шэрага кардыналу», паводле злых языкоў — «мозгу», Андрэя Дзьмітрыева, абвінавачаньні на яго адрас у сувязях з КДБ і адміністрацыяй прэзыдэнта. Але той самы Дзьмітрыеў у 2010 годзе як кіраўнік штабу кандыдата Някляева такіх эмоцыяў, так прыгадваецца, не спараджаў. Ну а абвінавачаньні ў сувязях з КДБ — гэта для айчыннай апазыцыі проста звычайная мова камунікацыі.

Магчыма, да пэўнай ступені цяперашнія жарсьці падагравае пол кандыдаткі. І гэта ня толькі ў беларускай палітыцы так, гэта і наагул у беларускім жыцьці так — жанчына, якая імкліва робіць кар’еру, выклікае значна большае раздражненьне, чым мужчына.

«Вы ня маеце значэньня»

Але здаецца, што справа па вялікім рахунку ўсё ж ня ў гэтым.

Ужо колькі гадоў у беларускай апазыцыі і ў незалежным грамадзтве чутны енк — эх, вось прыйдзе маладое пакаленьне, ну калі ж прыйдзе маладое пакаленьне, як яно добра нам усім будзе, калі яно прыйдзе. Пры гэтым па змаўчаньні неяк меркавалася, што гэтая нашая надзея і будучыня будзе такімі самымі, як папярэднікі, толькі маладзейшымі, пазбаўленымі досьведу паразаў і памылак.

Дык вось яно і прыйшло. І зусім не такое, як чакалася.

І гэта — як бы ні ў чым канкрэтна і ва ўсім. Выйшаў БНФ з кампаніі Караткевіч — адзін зь яе паплечнікаў кажа: нам жа лягчэй, ня трэба тлумачыць, што мы не бээнэфаўцы. Нават вэтэраны намэнклятуры, якія падаліся ў «рэвалюцыю» — Ганчарык і Казулін — не асьмельваліся так сказаць. Як можна, БНФ — гэта ж сьвятое, гэта ж легенда. А для каманды Караткевіч — цяжар, і яны гэта адкрыта кажуць.

Ці чытаная недзе замалёўка з пікету па зборы подпісаў: падыходзіць да пікету кандыдаткі сівы дзед, пачынае з лаянкі, пасьля гутаркі з Караткевіч кажа: «Ладна, дачка, я ўсё роўна прагаласую за Лукашэнку, але за цябе падпішуся». Уяўляеце такую гутарку са Статкевічам, Саньнікавым, Мілінкевічам, ды з кім заўгодна з апазыцыі? Ганьба? Не, палітыка. Для каманды Караткевіч — усяго толькі палітыка.

Ці цяперашні супольны вэрдыкт экспэртаў — праграма Караткевіч папулісцкая. У адказ — млявыя пярэчаньні яе паплечнікаў, а пра сябе — зьдзіўленьне з усьмешкай: ну так, такая і ёсьць, а якая ж перадвыбарчая праграма павінна быць? Яна ж не для разумнікаў пішацца.

Яшчэ цікавая дэталь — зьяўленьне ў камандзе кандыдаткі вядомага эканаміста Сяргея Чалага. У беларускай апазыцыі і незалежным грамадзтве хапае «саўлаў, якія сталі паўламі», дастаткова прыгадаць Анатоля Лябедзьку і Аляксандра Фядуту. Але апошнія неяк выказвалі шкадаваньне ці нават каяліся ў тым, што некалі былі з Лукашэнкам. Толькі ня Чалы. Паводле яго, тады была выдатная кампанія і выдатны кандыдат. Такі быў час. А цяпер зьмяніўся час, прыйшлі іншыя кампаніі і іншыя кандыдаты. А што вам не падабаецца?

І на абурэньне шаноўнай публікі гэтай жыцьцёвай філязофіяй (не аднаго Чалага і не пераважна яго, а ўсёй, так бы мовіць, кагорты) — ня столькі нават пярэчаньні, колькі абыякавасьць і нават пэўнае задавальненьне, як у выпадку з БНФ: ды ня маюць значэньня вашыя меркаваньні, калі не падабаецца вам, то нават добра — спадабаецца іншым.

Як ня маюць, ды што ж гэта робіцца? Мы ж — соль зямлі беларускай, духоўная эліта, уладары думак, настаўнікі народу. Вось так — ня маюць і ўсё. «Бяз нас», як пісаў Валянцін Акудовіч.

Палітыка як бізнэс

Некаторыя спрабуюць уціснуць гэтую новую зьяву ў звыклыя формы, бачачы ў падыходзе «пакаленьня Караткевіч» адроджанае народніцтва пачатку ХХ стагодзьдзя, маўляў, арыентуюцца на народную масу, бачаць у ёй нейкую няісную мудрасьць.

Зусім не. Хіба бачыць у народзе нейкую вышэйшую мудрасьць, скажам, фабрыкант зубной пасты ці мыла? Ён сабе такой лухтой наагул галаву ня тлуміць, ён любіць не народ, а капітал. А капітал расьце ад задавальненьня патрэбаў спажыўцоў. Разумных, дурных, простых, складаных — а няважна, абы куплялі тавар.

У разуменьні «пакаленьня Караткевіч» палітыка — той самы бізнэс. Капітал — галасы ці шырэй — народная любоў. Галасы ў Беларусі лічаць вядома як, але вось народную любоў не Ярмошына вызначае. І ёсьць моцнае падазрэньне, што і не прасунутая публіка таксама.

Вось экзыстэнцыйны жах ад сутыкненьня з гэтай новай філязофіяй ня толькі палітыкі, але і жыцьця, і ляжыць, так выглядае, у аснове цяперашніх спрэчак і жарсьцяў вакол сёлетняй выбарчай кампаніі.

Гэтак сама як гераіню чэхаўскага «Вішнёвага саду» Ранеўскую жахала сама прапанова бізнэсоўца Лапахіна — як так, любімы да сьлёз вішнёвы сад, у якім прайшло дзяцінства, юнацтва, сьсячы, і ператварыць у летнікі пад арэнду? Ды гэта ж... Фінал, спадзяюся, усе памятаюць.

Самы тон маёй нарацыі, як і літаратурная аналёгія (фінал «Вішнёвага саду» сапраўды вядомы), магчыма, схіляе да высновы, што гэтае новае непазьбежнае і яму трэба пляскаць у ладкі. Насамрэч зусім не. Ці не зусім так.

Неабавязкова новае — гэта лепшае. Неабавязкова новае перамагае, робіцца мэйнстрымам. Даводзілася неяк пісаць, што любая грамадзкая норма — гэта могілкі спробаў яе зьмяніць.

Сякеры ў вішнёвым садзе

Я толькі пра выклік, кінуты тым самым нормам, якімі шмат гадоў жыла і жывілася беларуская грамадзянская супольнасьць. Выклікі неабавязкова разбураюць (ці неабавязкова адразу разбураюць) норму.

А можа на працягу наступнага месяца пратэстная хваля ў Беларусі будзе нарастаць, як сьнежны камяк, 11 кастрычніка краіна перажыве катарсіс пустых выбарчых участкаў, а ўжо ўвечары таго самага дня Лукашэнка з дрыготкай у голасе будзе маліць Міколу Статкевіча ці нават Уладзімера Мацкевіча сесьці зь ім за «круглы стол». Чаму не — абсалютна рэальная рэч. Так бывае, прынамсі.

Тады якая такая Караткевіч, хто такая Караткевіч?

Ці нават усё больш банальна, звыкла і сумна: ня пойдзе за Караткевіч апазыцыйны электарат, не прыцягне яна нікога іншага, набярэ свой мізэр, булькне, як і не было — і праз пэўны час толькі адмыслоўцы прыгадаюць, што была такая. Выклік? Які выклік? Не было ж нічога.

Тым больш, што сама нашая гераіня наконт выкліку — крышачку як у «12 крэслах»: «Калі б Астап ведаў, што гуляе такія мудрагелістыя партыі і сутыкаецца з такой выпрабаванай абаронай, то вельмі б зьдзівіўся — справа ў тым, што гросмайстар гуляў у шахматы другі раз у жыцьці».

Але жыцьцё не канчаецца сёлетнімі выбарамі, і нешта мне падказвае, што і наступны выклік будзе такога самага кшталту, будзе падобны на сёлетні.

Што мяне ня тое каб вельмі радавала. Той вішнёвы сад 80-90-х мінулага стагодзьдзя — гэта ж вішнёвы сад і майго юнацтва. Але ў стылістыцы, у філязофіі кампаніі Тацяны Караткевіч я чую гукі сякераў у гэтым вішнёвым садзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG