Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«А хіба ў нас ёсьць выбар? У нас выбару няма», — vox populi ў Менску


«Многія апазыцыйныя лідэры заклікаюць ня ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, бо лічаць іх фарсам. Як вы ставіцеся да такіх заклікаў? Ці пойдзеце галасаваць?» Гэтыя пытаньні менскім мінакам задавала Галіна Абакунчык.

Спадар старэйшых гадоў: «Пайду галасаваць за бацьку. Трэба ісьці, бо мяне ўсё задавальняе».

Юначка: «Ня ведаю.... Пэўна, усё ж пайду на выбары, каб галасаваць супраць дзейнай улады. Як менавіта, яшчэ ня вырашыла».

Спадар старэйшых гадоў: «На выбары трэба хадзіць. Калі ты жывеш у гэтай краіне, то ты павінен удзельнічаць у грамадзкім жыцьці краіны без аніякіх пытаньняў. Байкот — гэта неканструктыўная пазыцыя. Можна па-рознаму ставіцца да выбараў, аднак у іх удзельнічаць».

Спадарыня сярэдніх гадоў: «Пайду, бо пайду. А чаму не ісьці? Ну як жа? Гэта наш грамадзянскі абавязак. А што тычыцца заклікаў апазыцыі, то мне наша апазыцыя зусім не падабаецца, таму я ня буду казаць, што я пра гэта думаю».

Юначка: «Не пайду на выбары. Бо не лічу іх ні свабоднымі, ні дэмакратычнымі, які сэнс?»

Спадарыня маладых гадоў: «Я ня бачу прычынаў, каб не ісьці. Гэта выбар для ўсіх, і ў гэтым абавязкова трэба ўдзельнічаць. Бо мы выбіраем прэзыдэнта, сваю будучыню. А якой будзе гэтая будучыня, залежыць ад кожнага з нас».

Юначка: «Я на выбары пайду. Ня трэба байкатаваць, а ісьці галасаваць — і ўсё будзе добра».

Юнак: «Галасаваць не пайду. Не галасую».

Спадар сярэдніх гадоў: «Абавязкова пайду і аддам свой голас за таго кандыдата, якога выберу сам. А агітаваць супраць выбараў — гэта няправільна. Выбары — гэта свабоднае волевыяўленьне, і чалавек павінен у гэтым удзельнічаць. І я абсалютна ўпэўнены, што байкот — гэта нявартая справа».

Спадарыня сярэдняга веку: «А хіба ў нас ёсьць выбар? У нас выбару няма».

XS
SM
MD
LG