Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына параіла кандыдатам узяць «хлопца з гармонікам»


Лідзія Ярмошына падчас рэгістрацыі ў Цэнтравабаркаме кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта. 10 верасьня 2015 году

Лідзія Ярмошына падчас рэгістрацыі ў Цэнтравабаркаме кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта. 10 верасьня 2015 году

Зарэгістраваныя кандыдаты на прэзыдэнта Беларусі не сьпяшаюцца весьці агітацыю за сябе. Фактычна нідзе ня бачна выбарчых пікетаў, няма абвестак пра сустрэчы з выбарцамі. Чаму прэтэндэнты на вышэйшую пасаду марудзяць?

Мікалай Улаховіч першую сустрэчу з выбарцамі правядзе ў адной зь менскіх школ 17 верасьня. Затрымку ён тлумачыць Свабодзе тым, што для яго ўсё, зьвязанае з выбарамі прэзыдэнта, адбываецца ўпершыню:

Мікалай Улаховіч

Мікалай Улаховіч

«Трэба быць рэалістам. Калі, напрыклад, узяць Караткевіч, то ёй 38 гадоў. Яна лёгкая на нагу, абаяльная як жанчына. Натуральна, яна штодня можа з раніцы да вечара бегаць па розных подыюмах і паўсюль выступаць.

Альбо ўзяць Гайдукевіча. Ён ужо „накатаны“ чалавек, які мае шматгадовы досьвед працы кандыдатам на прэзыдэнта альбо блізка каля гэтага. Ён працаваў у парлямэнце, ведае, дзе лішнюю энэргію траціць не патрэбна.

А мне, як навічку, каб не насіцца з адной станіцы ў другую станіцу, то мы з маім штабам распрацавалі праграмны дакумэнт. Там вызначана, што мы будзем на тэлебачаньні, будзем езьдзіць па абласных цэнтрах.

Але ўсё гэта будзе рацыянальна. І мы кожную хвіліну будзем зьберагаць для выкананьня свайго канстытуцыйнага абавязку. Калі ты прыйшоў кандыдатам на прэзыдэнта, калі ласка, выканай свой абавязак, скажы народу — навошта ты пайшоў, што ты думаеш».

Выбарчае заканадаўства дазваляе кандыдатам на прэзыдэнта ня браць дазвол у мясцовых уладаў на свае мерапрыемствы. Але папярэдзіць улады пра акцыі, якія плянуюцца, неабходна не пазьней як за два дні. Таму першым днём агітацыі рэальна стала субота, 12 верасьня. У гэты дзень Тацяна Караткевіч і яе група падтрымкі правялі сымбалічнае апытаньне жыхароў сталіцы: ці патрэбны Менску мэр, якога абяруць мясцовыя жыхары, ці няхай застаецца старшыня гарвыканкаму, якога асабіста прызначае кіраўнік дзяржавы.

«Мы вырашылі не губляць ніводнага дня», — кажа кіраўнік выбарчага штабу прэтэндэнткі Андрэй Дзьмітрыеў:

Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў

«У нас ужо распрацаваны плян. Згодна зь ім мы і будзем рухацца далей. Што тычыцца першай сустрэчы, якая адбылася ў суботу, то гэта толькі пачатак агітацыі. Людзі яшчэ зь цяжкасьцю разумеюць, што адбываецца.

Звычайна самымі насычанымі бываюць апошнія паўтара тыдні да выбараў. Менавіта тады людзі прымаюць рашэньне для сябе — ісьці галасаваць ці не ісьці, а калі ісьці, то за каго галасаваць.

Так, у нас ёсьць плян. У ім шмат паездак. На выбарчым сайце Тацяны Караткевіч мы будзем кожны тыдзень друкаваць маршруты яе паездак. І людзі будуць ведаць, куды ім прыходзіць, дзе яны змогуць сустрэцца з Тацянай».

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына спадзявалася, што кандыдаты на прэзыдэнта разгорнуцца ў дзень Менску, адзначыла яна сёньня ў размове са Свабодай:

«Шчыра кажучы, я думала, што нашы кандыдаты будуць дзесьці з народам. Я, праўда, сама не гуляю па горадзе. Але ня чула, каб нешта было. На мой погляд, у сьвяточны дзень ім трэба было паўдзельнічаць у нейкіх грамадзкіх мерапрыемствах, стварыць замест пікету сваю міні-сцэну. Узяць, напрыклад, хлопца з гармонікам, які сьпяваў бы прыпеўкі ды славіў будучага прэзыдэнта. Гэта, мне падаецца, было б больш эфэктыўна.

А выбары мэра, на мой погляд, не ўваходзяць у лік прыярытэтаў жыхароў сталіцы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG