Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найбольшыя прыбыткі з кандыдатаў — у Лукашэнкі


Мікалай Лазавік, Лідзія Ярмошына, Алег Сьліжэўскі падчас рэгістрацыі кандыдатаў на прэзыдэнта ў Цэнтравыбаркаме. Менск, 10 верасьня 2015 году
Мікалай Лазавік, Лідзія Ярмошына, Алег Сьліжэўскі падчас рэгістрацыі кандыдатаў на прэзыдэнта ў Цэнтравыбаркаме. Менск, 10 верасьня 2015 году

Найбольшыя даходы сярод кандыдатаў у прэзыдэнты ў 2014 годзе меў Аляксандар Лукашэнка, найменшыя — Тацяна Караткевіч. Цэнтравыбаркам апублікаваў інфармацыю пра прыбыткі і маёмасьць кожнага з кандыдатаў у прэзыдэнты, іх блізкіх сваякоў, якія разам зь імі жывуць і вядуць агульную гаспадарку.

Сяргей Гайдукевіч
Сяргей Гайдукевіч

Даход старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча склаў 263 млн 158 тыс. 324 рублі. Гэта заробак, пэнсія, даход ад продажу аўтамабіля, а таксама даход, атрыманы з-за мяжы, і штомесячнае грашовае ўтрыманьне. Ва ўласнасьці Гайдукевіча два легкавыя аўтамабілі: NISSAN X-TRAIL — 2014 году выпуску і BMW 730 — 1996 году выпуску.

Даходы ягонай жонкі Алы Гайдукевіч (заробак і здача ў арэнду маёмасьці) склалі 238 млн 260 тыс. 448 рублёў. Яна мае жылы дом у вёсцы Сёмкава Менскага раёна агульнай плошчай 155 кв. м, зямельны ўчастак у той жа вёсцы плошчай 0,25 га, тры кватэры ў Менску — аднапакаёвую плошчай 30 кв. м, аднапакаёвую плошчай 25 кв. м, двухпакаёвую агульнай плошчай 35 кв. м. Таксама яна мае легкавы аўтамабіль Renault-Duster 2013 году выпуску.

Тацяна Караткевіч
Тацяна Караткевіч

Даходы актывісткі кампаніі «Гавары праўду» Тацяны Караткевіч у 2014 годзе склалі 60 млн 86 тыс. 98 рублёў. Гэта даходы ад заработнай платы і даходы, атрыманыя па дагавору дарэньня. Нерухомай маёмасьці і транспартных сродкаў у яе ўласнасьці няма.

Даходы яе мужа Віталя Караткевіча склалі 40 млн 47 тыс. 237 рублёў. У ягонай уласнасьці два легкавыя аўтамабілі: Ford Scorpio 1988 году выпуску і Honda Accord 1998 году выпуску. Даходы маці Караткевіч Натальлі Халецкай склалі 108 млн 536 тысяч 6 рублёў, у яе ўласнасьці — кватэра ў Менску агульнай плошчай 62 кв. м.

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Даход Аляксандра Лукашэнкі ад заработнай платы склаў у 2014 годзе 551 млн 761 тыс. 258 рублёў. Іншых даходаў і ўласнасьці ў яго няма.

Даходы жонкі Галіны Лукашэнкі ад заработнай платы, пэнсіі і дывідэндаў склалі ў 2014 годзе 98 млн 223 тыс. 332 рублі. У яе ўласнасьці — жылы дом у Шклове Магілёўскай вобласьці агульнай плошчай 115 кв. м; 1/2 долі ў праве ўласнасьці на жылы дом у вёсцы Вялікі Межнік Шклоўскага раёну Магілёўскай вобласьці агульнай плошчай 53 кв.м, а таксама 56 акцыяў ААТ «Шклоўскі масларобны завод».

Мікалай Улаховіч
Мікалай Улаховіч

Даходы старшыні Беларускай патрыятычнай партыі, вярхоўнага атамана «Беларускага казацтва» Мікалая Ўлаховіча ў 2014 годзе ад заробку і пэнсіі склалі 243 млн 502 тыс. 475 рублёў. Ва ўласнасьці ён мае жылы дом у вёсцы Яцкаўшчына Ляхавіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці плошчай 82 кв. м, зямельны ўчастак у той жа вёсцы плошчай 0,25 га, а таксама жылы дом у вёсцы Млын Чашніцкага раёну Віцебскай вобласьці агульнай плошчай 45 кв. м і 240 тысяч акцыяў ААТ «Парытэтбанк».

Даходы ягонай жонкі Раісы Ўлаховіч ад заробку і пэнсіі склалі 235 млн 323 тыс. 678 рублёў. У яе ўласнасьці ёсьць нерухомасьць у Менску — кватэра плошчай 148 кв. м, гараж-бокс плошчай 24 кв. м, адміністрацыйна-гандлёвае памяшканьне плошчай 64 кв. м (доля — 99/100), адміністрацыйнае памяшканьне плошчай 34 кв. м (доля — 99/100), гандлёвае памяшканьне плошчай 16 кв. м (доля — 99/100), — а таксама гандлёвае памяшканьне ў раёне вёскі Азярцо Менскага раёну плошчай 10 кв. м.

Самы высокі заробак Аляксандар Лукашэнка атрымліваў у мінулым годзе — 4481 даляр за месяц. Гэта ў паўтара раза больш, чым пяць гадоў таму, і ў адзінаццаць разоў больш, чым пятнаццаць гадоў таму, паведамляюць naviny.by.

Сёлета зьвесткі пра даходы і маёмасьць маці і сыноў Аляксандра Лукашэнкі не падаваліся ў Цэнтравыбаркам.

У 2000 годзе, напярэдадні выбараў 2001 году, сярэднегадавы даход Аляксандра Лукашэнкі склаў амаль 3,8 млн рублёў, або каля 393 даляраў у месяц. Крыніца даходу — Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта Беларусі.

У 2000 годзе Лукашэнка разам з жонкай Галінай Лукашэнкай былі ўладальнікамі жылога дома ў Шклоўскім раёне плошчай 115,71 кв. м. Ягонай жонцы таксама належалі 56 акцыяў Шклоўскага масларобнага заводу. Старэйшы сын Віктор Лукашэнка валодаў матацыклам ММВЗ-3112. Цешча Алена Жалняровіч мела жылы дом у Шклоўскім раёне агульнай плошчай 50 кв. м. Другі сын Дзьмітры Лукашэнка ня меў уласнасьці.

Напярэдадні выбараў 2006 году — у 2005 годзе сярэднегадавы даход Лукашэнкі склаў 59 млн рублёў, або 2288 даляраў у месяц. Крыніца даходу — заробак.

Большы сукупны гадавы даход быў задэкляраваны толькі ў лідэра ЛДП Сяргея Гайдукевіча. Ён склаў амаль 143 млн рублёў, або 5527 даляраў у месяц. Сярод крыніцаў даходу значацца заробак, пэнсія, прыбытак ад продажу аўтамабіля і пакрыцьцё маральнай шкоды — па судовым пазове супраць газэты «Народная воля» на карысьць Гайдукевіча было спагнана 100 млн рублёў.

У 2005 годзе ў Лукашэнкі не было маёмасьцi ва ўласнасьці. У жонкі Галіны Лукашэнкі быў задэкляраваны дом у вёсцы Рыжкавічы Шклоўскага раёну агульнай плошчай 174 кв. м, а таксама 56 акцыяў Шклоўскага масларобнага заводу. У цешчы Алены Жалняровіч — дом у вёсцы Вялікі Межнік Шклоўскага раёну агульнай плошчай 50 кв. м. У маці і сыноў Аляксандра Лукашэнкі маёмасьці не было.

Напярэдадні выбараў 2010 году — у 2009 годзе Аляксандар Лукашэнка зарабіў за год звыш 94 млн рублёў, або 2810 даляраў у месяц. Гэта быў самы высокі прыбытак сярод астатніх дзевяці кандыдатаў у прэзыдэнты.

У 2009 годзе ў Лукашэнкі не было маёмасьцi ва ўласнасьці.

У жонкі Галіны Лукашэнкі задэкляраваны жылы дом у Шклове агульнай плошчай 174 кв. м, 56 акцыяў Шклоўскага масларобнага заводу. Акрамя таго, яна валодала паловай долі ў жылым доме ў вёсцы Вялікі Межнік Шклоўскага раёну агульнай плошчай 53,8 кв. м.

Зьвесткі пра даходы і маёмасьць маці і сыноў Лукашэнкі не падаваліся ў Цэнтравыбаркам.

У сьнежні 2010 году брытанскае выданьне The Guardian са спасылкай на інтэрнэт-рэсурс WikiLeaks паведамляла, што маёмасьць Аляксандра Лукашэнкі ацэньваецца ў 9 млрд даляраў.

У прыватнасьці, The Guardian апублікавала рэзюмэ з дэпэшы 2006 году, засакрэчанай тагачасным амбасадарам ЗША ў Беларусі Джорджам Кролам.

У ім паведамлялася, што эканамічны супрацоўнік амбасады атрымаў сьпіс 50 найбагацейшых алігархаў Беларусі з ацэнкамі чыстага кошту іхніх актываў. Кіраўнік беларускай дзяржавы «камфартабэльна разьмясьціўся на вяршыні сьпісу 50 найбагацейшых алігархаў краіны».

Камэнтуючы гэтую інфармацыю, распаўсюджаную WikiLeaks, Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Калі знойдзеце гэтыя грошы, мне аддайце адзін працэнт, а 99% забірайце сабе. Жанчынам крыху больш аддадзім, мужыкам — крыху менш».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG