Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мёртвы сырыйскі хлопчык на турэцкім пляжы — хто вінаваты?


Паводле канадзкай тэле- і радыёкампаніі CBCnews, ня выключана, што адказным за сьмерць малога сырыйскага хлопчыка, фатаграфія якога нядаўна абляцела ўвесь сьвет, можа быць ягоны бацька.

Бацькам трохгадовага Алана, цела якога знайшлі на пляжы ў Турэччыны, зьяўляецца Абдула Курдзі, які страціў яшчэ аднаго сына, пяцігадовага Галіба, і жонку ў трагічным выпадку, калі перапоўненая лодка зь мігрантамі перакулілася ў адкрытым моры. Як высьветлілі журналісты, сям’я Абдулы Курдзі меркавала дабрацца ў Эўропу, а потым выехаць у Канаду, дзе жывуць іхныя сваякі.

Фатаграфія мёртвага Алана Курдзі на пляжы ў Турэччыне была растыражаваная па ўсім сьвеце, прыцягваючы ўвагу да трагедыі сырыйскіх уцекачоў.

Потым зьявіліся некаторыя іншыя сьведчаньні, датычныя да трагедыі з лодкай, на якой знаходзілася сям’я Курдзі. У прыватнасьці, Зайнад Абас, якая страціла двое сваіх дзяцей у згаданай трагедыі, сказала журналістам, што Абдула Курдзі належаў да групы кантрабандыстаў, якая ўзяла ад яе 10 тысяч даляраў за перавоз пяці чалавек яе сям’і ў Эўропу.

Паводле Зайнад Абас, якая цяпер знаходзіцца ў Іраку і спадзяецца атрымаць прытулак у Аўстраліі, лодка была перапоўненая і ня ўсім на ёй хапіла выратавальных камізэлек. Жанчына таксама сьцьвярджае, што лодкай кіраваў Абдула Курдзі.

«Ён быў кантрабандыстам, і гэта ён стаяў за стырном лодкі» — сказала яна і адзначыла, што яе муж спрабаваў пагаварыць з Курдзі, каб той ня вёў перагружаную лодку захутка.

Пасьля таго, як лодка перакулілася і Абас зразумела, што ейныя двое дзяцей патанулі, Курдзі сказаў ёй, што ён сам страціў двух сваіх сыноў і жонку, і прасіў яе нікому не казаць, што гэта ён быў за стырном — сказала журналістам Зайнад Абас.

Сам Курдзі сьцьвярджае, што ён толькі спрабаваў узяць кантроль над лодкай пасьля таго, як капітан выскачыў зь яе, пакінуўшы мігрантаў на волю лёсу.

XS
SM
MD
LG