Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эдуард Дубянецкі нарадзіўся 20 красавіка 1966 у вёсцы Чудзін на Ганцавіччыне. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1988). Працаваў навуковым супрацоўнікам у БДУ і Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтры імя Ф. Скарыны, дацэнтам у Інстытуце сучасных ведаў, БДУ і БДПУ; цяпер — вядучы навуковы супрацоўнік аддзелу тэорыі і гісторыі беларускай культуры БДПУ імя М. Танка. Дасьледуе праблемы міжнацыянальных адносін на Беларусі, мэнтальнасьці і нацыянальнага характару беларусаў, узаемаўплываў прафэсійнага і народнага мастацтваў, разьвіцьця нацыянальнай культуры ў эпоху глябалізацыі. Кандыдат гістарычных навук (1995). У 1990 былі надрукаваны першыя навуковыя артыкулы, а ў наступным годзе — першыя вершы (у газеце «Літаратура і мастацтва»). Зьяўляецца аўтарам такіх навукова-папулярных, публіцыстычных кніг і энцыклапедычных даведнікаў, як «Таямніцы народнай душы» (1995), «Цяжкі шлях да адраджэньня» (1997), «Сусьветная культура: ад старажытнасьці да нашых дзён» (Мн., 2001), «Культуралогія» (Мн., 2003). Выдаў паэтычныя зборнікі «Душы маёй няскончаны палёт» (2011) і «Покліч самотнага неба» (2013). Гэтыя кнігі ўтрымліваюць упершыню ўведзеныя ў айчынную паэзію ўзоры як аўтарскіх, так і малавядомых у сёньняшняй літаратуры відаў і формаў верша. Сябра Саюза беларускіх пісьменьнікаў (2012). Артыкулы, эсэ і вершы перакладаліся на англійскую, польскую, украінскую і рускую мовы.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Па-першае, найчасьцей не пішу, а за-пісваю радкі новых твораў, бо яны нібы самі прыходзяць зьнекуль у зьмененым стане сьвядомасьці — паміж яваю і сном. Натуральна, што ў гэтыя моманты абсалютна ня думаеш пра тое, для каго ці дзеля чаго ты пішаш/запісваеш. А па-другое, паколькі ідэальных чытачоў (як, дарэчы, пісьменьнікаў) у прыродзе і ў грамадзтве не існуе, то для мяне найбольш важным зьяўляецца меркаваньне блізкіх мне па духу асоб і чытачоў не-ідэальных, але ў той жа час адукаваных, неабыякавых да чалавечага жыцьця-быцьця ў цэлым і да мастацкага слова ў прыватнасьці.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Позна ўвечары і ўначы дома ці на дачы, у поўнай цішыні. Праўда, на наступны дзень у такі спачатку адчуты (пад)сьвядомасьцю ды інтуіцыяй, а потым хутка занатаваны тэкст нярэдка шляхам сьвядома-рацыянальных высілкаў уносяцца пэўныя праўкі, удакладненьні.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Натуральна, хацеў бы быць аўтарам уласнай кнігі, якая б па сваіх якасьцях максымальна набліжалася да мастацкай дасканаласьці. Але, як чалавек адэкватны і самакрытычны, мяркую, што напісаць такую кнігу мне будзе вельмі складана, а мо і ўвогуле немагчыма. У той жа час, уважліва перабраўшы ў памяці ўлюбёныя літаратурныя творы сусьветнай літаратуры, найбольшым гонарам лічыў бы для сябе быць аўтарам рамана Лермантава «Герой нашага часу» альбо драмы Стрындбэрга «Гульня сноў», ці паэмы Купалы «На Куцьцю».

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Ніколі ня лічыў сябе падобным толькі на якога-небудзь аднаго літаратурнага героя, бо кожная чалавечая асоба непаўторная, унікальная і ня можа цалкам атаясамлівацца ні з адным іншым індывідам — тым больш не з жывым чалавекам, а з пэўным пэрсанажам як плёнам творчай фантазіі пісьменьніка. Таму ў розныя пэрыяды свайго жыцьця знаходзіў у сабе большае ці меншае падабенства і з лермантаўскім Пячорыным, і з ібсэнаўскім Пэр Гюнтам, і з гесэўскім Гары Галерам (ён жа Стэпавы воўк), і з купалаўскім Янкам Здольнікам і, урэшце, з Ігнатам Абдзіраловічам з аповесьці Гарэцкага «Дзьве душы». Дарэчы, заўважаю ў сабе нямала падобных рыс і з нашым выдатным эсэістам, паэтам Ігнатам Канчэўскім, які ў якасьці псэўданіму выкарыстоўваў прозьвішча апошняга з вышэйпрыведзеных літаратурных герояў.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Улюбёных пісьменьнікаў у мяне заўжды было і зараз ёсьць досыць шмат, але калі ўсё-ткі рызыкнуць назваць толькі аднаго, то гэта хутчэй за ўсё будзе Альбэр Камю. А калі ўсё ж паспрабаваць вызначыць першую дзесятку сваіх своеасаблівых улюбёнцаў, то акрамя вышэйназванага творцы ў гэты сьпіс увойдуць Румі, Шэксьпір, Ібсэн, Стрындбэрг, Рыльке, Лорка, Гарэцкі, Купала, Барадулін.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Чытаю нядаўна выдадзены зборнік вершаў Ду Фу у перакладах на беларускую мову, аўтабіяграфічную кнігу «Словы» Сартра і пару навуковых прац па гісторыі і тэорыі культуры. А трохі раней у арыгінале азнаёміўся з кнігай паэзіі «Krągły rok» Яраслава Івашкевіча.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Магу павольна чытаць (прычым лепей са слоўнікам пад рукою) на англійскай, польскай і ўкраінскай мовах. А насамрэч, чытаю на гэтых мовах рэдка і, як правіла, тады, калі захочацца што-небудзь перакласьці.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Свае кнігі я звычайна ўспрымаю не як улюбёныя, а як больш ці менш удалыя, у той ці іншай ступені набліжаныя (ва ўласным ўспрыманьні) да мастацкай дасканаласьці і да поўнай рэалізацыі аўтарскай задумы. Дык вось, на сёньня найбольш удалай лічу свой другі паэтычны зборнік, хаця, натуральна, і ён далёка не бездакорны.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Мару напісаць кнігу вершаваных і празаічных прыпавесьцяў. Але ў мяне ёсьць вялікія сумненьні наконт магчымасьці рэалізацыі гэтай мары. Затое больш рэалістычным выглядае выданьне новай кнігі паэзіі і зборніка эсэ на філязофска-культуралягічную тэматыку.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Свабоду ўласнага духу адчуваю амаль заўсёды, а свабоду дзеяньняў, наадварот, вельмі рэдка. Пры гэтым найбольш запамінальным ды яркім адчуваньне свабоды бывае падчас палётаў у сьне і наяве, а таксама тады, калі ў стане абсалютнага ня-думаньня, заплыўшы ў мора як мага далей ад берагу, расслаблена ляжыш на сьпіне і з захапленьнем назіраеш за вольнымі чайкамі ў нябеснай сіні...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG