Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двайнік для прэзыдэнта. Амаль п’еса


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

У Пуціна дача, і ў Івана Дамінікавіча (назавем яго так) дача. Сочы. Лета 2015 году.

У Пуціна дача, і ў Івана Дамінікавіча (назавем яго так) дача. Сочы. Лета 2015 году.

Сустрэліся даўнія сябры пры самавары. Хачу табе нешта сказаць, Іван Дамінікавіч, у мяне для цябе прапанова не для адмовы. На сваё месца прапануеш, Уладзімір Уладзіміравіч? Жартую. Ну амаль што. Ты заўсёды быў здагадлівы. У цябе розум хуткі, розныя камбінацыі пралічваеш, пазайздросьціць можна. А калі без камплімэнтаў? Мне патрэбны чалавек як ты. Які можа паміж айсбэргамі, не сутыкацца. У цябе нават царквы дзьве і ты зь імі ўмееш, усе задаволеныя, ніхто ня піскне. Ты мяне замест Дзьмітрыя Анатольевіча? Але я, ведаеш, не зусім гатовы. Ты не забягай наперад паравоза. Ёсьць думка аднавіць пасаду віцэ-прэзыдэнта. Гэта як жа: я тваім намесьнікам толькі? А навошта мне гэта? Ты не зразумеў. Што значыць намесьнікам? Так, няхай намесьнікам, але адчуй розьніцу: віцэ-прэзыдэнтам вялікай дзяржавы, ад Мурманска да Ўладзівастока, якую ўсе баяцца, Амэрыка пастаянна з пампэрсамі, ясна? Амэрыка, гаворыш? Амэрыка, так, ты ж ёй сам гонар паказваеш, нэрвуеш вечна, голымі рукамі цябе ня возьме. Ну гэта так толькі, гэта ж я збоку, а калі лоб у лоб. А ў лоб і ня трэба, Амэрыку я табе не аддам. А што тады? Пачакай, зараз.

П’юць гарбату. Напружаныя зморшчынамі лбы.

Не, ведаеш, у мяне выбарчая кампанія на носе, адказная палітычная падзея. Ну каму ты гэта гаворыш? Якія выбары? Яны ж у цябе ў рабочым парадку. Ну не зусім, нават калі ў рабочым, як ты гаворыш. Ну дык і ўсё. Не, народ мяне не зразумее, калі прапушчу. Іван Дамінікавіч, што там выбары, ты ж самапрызначэнец, калі шчыра? Ну, не скажы. Народ мяне любіць. Не зразумеюць. Яны ж мяне бацькам называюць. Я ў курсе дзела. І ўсё ж перад народам чырванець. Ведаеш, я даў клятву народу, не магу проста так ня ўдзельнічаць. Іван Дамінікавіч, не сьпяшайся. Гэта ж усё фармальнасьць у цябе, табе ж вядомы жарт: заўтра ў нас пачынаецца выбарчая кампанія па выбарах прэзыдэнта Івана Дамінікавіча? Знаю. Ну дык вось. Выбары твае: цьфу. Я, паглядзі, і тое перапынак зрабіў. Памятаю: зь Дзьмітрыем Анатольевічам памяняліся.

П’юць гарбату. Напружаныя зморшчынамі лбы.

Не, ну ты мяне зразумей: выбарчая кампанія пачынаецца, а я — саскочыць? Гэта ж палітычная сьмерць. Табе сьмерць палітычная не пагражае, не турбуйся. Я табе пра Фаму, а ты мне пра Ярому. Я табе хіба даклярую выбары не праводзіць? А як тады? Няхай будуць. Што, не адмяняць? А навошта? Выбары — пустая фармальнасьць. Але ўсё роўна ўдзельнічаць трэба, у тэлевізары вучыць розуму. Ты мяне зьдзіўляеш. Няма нічога немагчымага. А як тады? Зробім табе ў Крамлі такі самы кабінэт, будзеш інтэрвію раздаваць, як заўсёды, у прывычнай абстаноўцы. Але ня толькі інтэрвію, плянёркі! Выклікай тады, няхай часам пад’едуць, не зламаюцца. Але Ўладзімір Уладзіміравіч, як выбары, я па гаспадарках ежджу, з народам сустракаюся. Няхай двайнік езьдзіць. Які двайнік? А што, у цябе няма? Адкуль?! Жартую. Будзем лічыць упушчэньнем у рабоце, знайдзі сабе двайніка і няхай часам у калгас зьезьдзіць, калі выбары будуць, там жа ў цябе нядоўга, праўда? Шах-шах і ў дамках? Ну, нібыта так. Страшнавата, з двайнікамі нейкімі. Ды нічога страшнага, ты яго ў кулаку трымаць будзеш і ўсіх родных і сваякоў. Ня піскне.

П’юць гарбату. Напружаныя зморшчынамі лбы.

Ну, дапусьцім, двайнік. А што далей? Што ты канкрэтна прапануеш? Ты, Іван Дамінікавіч, у сваім амплуа, разьведаў навокал спачатку ўсё, акалічнасьці. А як жа, падводныя камяні важная рэч. Я табе прапаную пасаду віцэ-прэм’ера, а там у сябе ты застанесься, ніхто цябе мяняць ня будзе. Сумяшчаць пасады будзеш. А там усё ў цябе будзе схоплена, як раней. Як заўжды.

П’юць гарбату. Напружаныя зморшчынамі лбы.

Значыць я – твой намесьнік з правам замяняць цябе? Ну, замяняць, ня так усё адразу. Ты зразумей, ядзерны чамаданчык у мяне застаецца, сам разумееш. Гэта прынцыпова. А навошта я тады табе патрэбны? На сельскую гаспадарку кінеш? Ураджаі падымаць? Самую брудную працу? Аўгіевы стайні? Нашто мне гэты гемарой? Не бяжы так. У гэтага з Вашынгтону ёсьць намесьнік, і ён стайнямі не займаецца. Ён яго прадстаўнік у сьвеце. Мяне яны ня любяць і баяцца, а ты за апошні час набраў ачкоў. Як міратворац. Правільна? Ну набраў, усе мае. Вось іменна, твае. Ніхто ад цябе не забірае. Ты прабач, ты мужык хітры, хітрасьці нам якраз не хапае. Што я не скажу, яны лічаць, што наадварот зраблю. А з табой ня ўсё так гладка, няхай мазгі паламаюць. Ты Крым не прызнаў маім і разам з тым прызнаў, правільна? Ну можна і так сказаць. Ты з Малдавіяй сябруеш і ў Прыднястроўя каньяк бярэш і так далей. Ты, Іван Дамінікавіч, рэаліст. Хвацкі мужык. Уладзімір Уладзіміравіч, я чакаю. Дзе твая канкрэтыка? Ты мне з Данбасам праблему вырашыш, каб і нашым і вашым, згодны? За нашу і вашу перамогу, гэта ў цябе там было так? З Данбасам?

П’юць гарбату. Напружаныя зморшчынамі лбы.

А што б ты хацеў з Данбасам? З Парашэнкам перагаварыць? Сам-насам? Ці Наваросія ўсё сьніцца? Ды сам паняць не магу. Аддаваць шкада. Не аддаваць таксама «не есть хорошо». А ты нешта прыдумаеш: каб ні нашым, ні вашым. Вось як? Думаеш — на ўсе рукі майстар? Ну ты ж умееш паміж Сцылай ды Харыбдай. Ну дзякуй, прыемна чуць.

П’юць гарбату.

Нарэшце Іван Дамінікавіч задае апошняе пытаньне: а якая зарплата будзе? З зарплатай вырашым, не пасьпеў падумаць, не турбуйся. Ну дык што? Па руках? Я падумаю, Уладзімір Уладзіміравіч, не хачу пароць гарачку. Так адразу, на скрут галавы лезьці ў пекла замест цябе? Трэба падумаць. Але прапанова заманлівая. І потым з двайнікамі ў нас праблема. Ну я адзін такі, ты сам разумееш. Але я падумаю, дай час.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG