Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нуланд: Украіна заўсёды будзе адным з прыярытэтаў ЗША


Вікторыя Нуланд
Вікторыя Нуланд

Як заявіла, выступаючы ў Кіеве, намесьніца дзяржсакратара ЗША па пытаньнях краінаў Эўропы і Эўразіі Вікторыя Нуланд, санкцыі, уведзеныя супраць Расеі ў сувязі зь яе роляй ва ўкраінскім крызісе, захаваюцца, пакуль шмат разоў парушанае пагадненьне аб спыненьні агню ня будзе выконвацца цалкам.

Нуланд падкрэсьліла таксама, што Масква панясе «дадатковыя выдаткі» ў выпадку парушэньняў менскіх пагадненьняў у будучыні, паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Толькі пасьля таго, як менскія пагадненьні будуць выкананыя, уключаючы аднаўленьне сувэрэнітэту Ўкраіны над яе межамі, мы можам пачаць згортваць некаторыя санкцыі», — сказала яна.

12 верасьня, выступаючы ў Кіеве на адной з дыскусійных панэляў Дванаццатай штогадовай Ялцінскай стратэгічнай ініцыятывы (YES), Вікторыя Нуланд заклікала ўкраінскія ўлады і грамадзянскую супольнасьць падтрымліваць праэўрапейскі і дэмакратычны курс, арыентаваны на «адзінства ўсіх рэфарматарскіх сілаў».

«Мы будзем надаваць тэхнічную і эканамічную дапамогу, але для гэтага неабходна адзінства ўсіх рэфарматарскіх сілаў. Датычна адзінства, бясьпекі, „Менскага працэсу“ і будучыні Крыму. Мы вельмі выразна сказалі, што санкцыі застануцца да таго моманту пакуль „Менск-2“ ня будзе выкананы і сувэрэннасьць краіны ня будзе адноўленая», — адзначыла Вікторыя Нуланд, выступаючы ў сталіцы Ўкраіны.

Яна падкрэсьліла, што парушэньне «менскіх пагадненьняў» можа прынесьці дадатковыя наступствы для Расеі, і што бакам канфлікту вельмі важна скарыстацца зацішшам на ўсходзе Ўкраіны, каб адвесьці цяжкія ўзбраеньні і падрыхтаваць умовы для правядзеньня выбараў на Данбасе ў адпаведнасьці з украінскім заканадаўствам і пад кантролем АБСЭ 25 кастрычніка 2015 году.

«Жыхары Данбасу не павінны быць у баку, яны заслугоўваюць дэмакратычнага выбарчага працэсу не пад руляй аўтамату. Таму мы павінны працаваць з гэтымі людзьмі, выканаць „менскія пагадненьні“. Мы павінны быць адзінымі як трансатлянтычная супольнасьць па пытаньнях абароны эўрапейскай Украіны», — заявіла Вікторыя Нуланд.

Намесьніца дзяржсакратара нагадала, што глябальныя праблемы, зь якімі сутыкаецца чалавецтва, у большасьці сваёй маюць мірнае рашэньне, і сытуацыя ва Ўкраіне не зьяўляецца выключэньнем.

«Украіна заўсёды будзе знаходзіцца сярод нашых прыярытэтаў. <...> Калі вы паглядзіце, хто зрабіў найбольшы палітычны, эканамічны ўнёсак у вырашэньне гэтай праблемы, то мы, здаецца, на першым месцы, але, калі вы паглядзіце на іншыя выклікі, пытаньне ІГІЛ, алігархічныя ці аўтакратычныя мадэлі, якія зьяўляюцца, то пытаньне у тым, ці зможам мы падтрымаць права людзей жыць дэмакратычна і талерантна ў сваёй краіне?» — адзначыла Вікторыя Нуланд.

Нуланд канстатавала, што з пачатку канфлікту ва Ўкраіне ЗША накіравалі афіцыйнаму Кіеву больш за паўмільярда даляраў для падтрымкі рэформаў, два з паловай мільярды для гарантаваньня пазык, інвэставалі ў бясьпеку і падрыхтоўку Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG