Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Парашэнка абвясьціў пра пачатак «маштабнай дэмабілізацыі» ва Ўкраіне


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што ў краіне цяпер праходзіць маштабны працэс дэмабілізацыі вайскоўцаў. За апошні год колькасьць арміі павялічылася ўдвая, рапартавала напярэдадні Мінабароны.

Прэзыдэнт паведаміў, што 2 верасьня даў даручэньне міністэрству абароны і Генштабу пачаць працэс дэмабілізацыі.

«Цяпер праходзіць маштабны працэс дэмабілізацыі. Я віншую тых мужчын, якія ў гэтыя дні вяртаюцца дадому. Я віншую тых, хто год, хто 9 месяцаў чакаў вяртаньня дадому бацькоў, мужоў і ў рэшце іх убачыць. І я вельмі ўдзячны гэтым украінскім героям, якія, выконваючы свой сьвяты абавязак, абаранілі Ўкраіну», — цытуе заяву Парашэнкі «Інтэрфакс».

«Абсалютна лягічная пазыцыя: мы мабілізавалі, мабілізаваныя хлопцы пайшлі ў мабілізацыйныя цэнтры, яны апранутыя, абутыя, накормленыя, трэніруюцца на абноўленай тэхніцы і прыступілі да абароны дзяржавы. Цяпер праходзіць маштабны працэс дэмабілізацыі — першыя хлопцы ў гэтыя дні вяртаюцца дадому», — растлумачыў Парашэнка.

Прэзыдэнт не ўдакладніў, колькі вайскоўцаў будуць дэмабілізаваны.

Напярэдадні міністар абароны Ўкраіны Сьцяпан Паўтарак падчас паездкі на Данбас паведамляў, што за год колькасьць арміі амаль падвоілася. «За апошні год вырасла колькасьць украінскай арміі — ад 146 тыс. да 280 тыс. Мы адчуваем праблемы зь бюджэтам, харчаваньнем, але, я ўпэўнены, нам трэба цярпеньне, і мы абавязкова створым такую армію, якой бы ганарыліся ўкраінцы, каб нашай арміі не баяліся, але паважалі ўсе астатнія краіны», — перадае яго словы «Інтэрфакс-Украіна».

З моманту пачатку антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе ўкраінская армія правяла шэсьць хваляў мабілізацыі.

XS
SM
MD
LG