Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячорка: «Калі Кароль адчуў, што палітычныя інструмэнты перастаюць працаваць, — пайшоу ў мэдыя»


 Вінцук Вячорка

Вінцук Вячорка

У суботу, 12 верасьня 2015 года, спынілася сэрца Аляксея Караля — гісторыка, палітоляга, галоўнага рэдактара газэты «Новы Час».

Мовазнаўца і палітык Вінцук Вячорка згадвае сваё знаёмства з Аляксеем Каралём:

«Я вочна пазнаёміўся некалі са спадаром Аляксеем праз канфлікт, прычым сутнасьці тае міжпартыйнае спрэчкі зусім ня памятаю. А памятаю ўражаньне, якое зрабілі на мяне карэктнасьць, разважлівасьць, гатоўнасьць да паразуменьня гэтага сьціплага і высокаадукаванага чалавека. Аляксей Кароль аналізаваў падзеі праз прызму сваіх энцыкляпэдычных ведаў.

Ён быў адным зь лідэраў сацыял-дэмакратаў, але адным зь нямногіх, хто сапраўды разумеў, што такое сацыял-дэмакратыя, кансэрватызм, нацыянал-дэмакратыя, і з павагай ставіўся да розных поглядаў. Пры гэтым быў беларускім незалежнікам. Калі адчуў, што палітычныя інструмэнты ў Беларусі перастаюць працаваць, — пайшоу ў мэдыя і стаў адной з найбольш прыкметных асобаў у цэху галоўных рэдактараў. Зьяваю была „Згода“, якая заслужыла адпаведнай ацэнкі ўладаў — закрыцьця.

„Новы час“ з Каралём на чале стаў адметным выданьнем — і пляцоўкай для палітычнае думкі, і крыніцай інфармацыі пра беларускае грамадзкае жыцьцё, і нацыянальна-культурнаю зьяваю, цалкам беларускамоўнаю. Аляксей Сьцяпанавіч без ваганьняў бараніў журналістаў і права на свабоду слова. У жыцьці — гранічна адказны, гаспадар свайму слову, а таксама чалавек, які заўсёды гатовы быў дапамагчы.

Я ўдзячны лёсу за знаёмства і супрацу з Аляксеем Каралём. Глыбокія спачуваньні жонцы, сыну, дачцэ».

Апошнія тры месяцы Аляксей Кароль правёў у коле сям’і сына ў Сынгапуры, дзе праходзіў курс лекаваньня. Прах Аляксея Караля будзе пахаваны ў Менску. Дата і месца мэмарыяльнай службы будзе паведамлена пазьней.

XS
SM
MD
LG