Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачка Аляксея Караля Ірына Віданава: «Тата адышоў лёгка, у сьне»


Ірына Віданава

Ірына Віданава

У суботу, 12 верасьня 2015 года, спынілася сэрца Аляксея Караля — гісторыка, палітоляга, галоўнага рэдактара газэты «Новы Час». Яму было 70 гадоў. У апошні час сп. Кароль змагаўся з ракам лёгкіх, але працягваў актыўна ўдзельнічаць у працы рэдакцыі і грамадзкім жыцьці Беларусі.

Дачка Ірына Віданава распавяла Радыё Свабода пра апошнія дні Аляксея Караля:

Аляксей Кароль

Аляксей Кароль

«​Год таму тата меў апэрацыю і праходзіў курс лекаваньня. Але, калі даведаліся, што хвароба не адступае, то прынялі супольнае рашэньне, каб паехаць на лекаваньне ў Сынгапур — у сям’ю сына і майго брата, дзе ён жыве і працуе мэнэджэрам міжнароднай фінансавай кампаніі. Да таго ж у брата год таму нарадзіўся сын —- гэта было адным з аргумэнтаў на карысьць паездкі ў Сынгапур.

Тата не зьбіраўся паміраць. Але ў яго пагоршыўся стан ў апошнія тры тыдні — абвастрэньне раку на тле каранарнай хваробы сэрца, такое здараецца. Тады патрапіў у шпіталь, але памёр ён дома. Што нас супакойвае, дык гэта тое, што ён адышоў так, як і хацеў адыйсьці: ён не пакутваў — памёр у сьне і гэта здарылася хутка. Да апошняга ён заставаўся самім сабой і адышоў такім, якім яго тут ведалі — такім ён і сышоў. Ён прасіў, каб яго крэміравалі там, а пахавалі тут. Зараз мы высьвятляем, якім чынам гэта арганізаваць.

Тата сфармаваў мяне і майго старэйшага брата, як асобаў, мы абое — гісторыкі паводле адукацыі, і ад яго ішла бясконцая любоў да Беларусі, вера ў яе будучыню. Гэта нас аб’ядноўвала, як і іншыя каштоўнасьці, якія мы падзялялі.

Я думаю, што ён пакінуў сьлед у гісторыі: адкрываў імёны рэпрэсаваных, служыў справе беларусізацыі і свабодзе слова, ніколі ня здраджваў ідэям дэмакратыі і свабоды. Спадзяюся, што ён застанецца ў пераліку тых, каму яшчэ скажам дзякуй».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG