Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Нямеччыны заўважыў прагрэс у перамовах па сытуацыі на Данбасе


Франк-Вальтэр Штайнмаер і Сяргей Лаўроў

Франк-Вальтэр Штайнмаер і Сяргей Лаўроў

Міністар замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер заявіў, што падчас сустрэчы «нармандзкай чацьвёркі» на ўзроўні кіраўнікоў МЗС у Бэрліне дасягнуты значны прагрэс у справе ўрэгуляваньня канфлікту на ўсходзе Украіны.

Выступаючы ў суботу ўвечары пасьля кансультацый з кіраўнікамі МЗС Францыі, Расеі і Украіны, ён адзначыў, што па шэрагу важных пытаньняў удалося прасунуцца наперад, і выказаў надзею, што ў бліжэйшы час будзе дасягнутае пагадненьне аб адводзе ўзбраеньняў ад лініі судакрананьня бакоў.

Па словах Штайнмаера, усе ўдзельнікі сустрэчы пацьвердзілі, што рэжым спыненьня агню ў Данбасе павінен умацоўвацца і захоўвацца.

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў таксама заявіў, што ў яго склалася пазытыўнае ўражаньне ад перамоваў. Паводле яго слоў, нягледзячы на тое што засталіся рознагалосьсі з нагоды правядзеньня мясцовых выбараў у Данбасе і іншых пытаньняў, стварылася ўражаньне, што яны пераадольныя.

Кіраўнік МЗС Украіны Павал Клімкін заявіў, што амаль па ўсіх пытаньнях паміж бакамі засталіся рознагалосьсі, таму не выключана, што адбудзецца яшчэ адна сустрэча на ўзроўні міністраў замежных спраў у фармаце «нармандзкай чацьвёркі». Клімкін заявіў, што ўдзельнікі сустрэчы могуць сустрэцца ў такім жа складзе на палях Генэральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку. Адкрыцьцё 70-й сэсіі Генасамблеі ААН пройдзе 15 верасьня.

Лідэры Германіі, Расеі, Украіны і Францыі павінны сустрэцца ў «нармандзкім» фармаце ў Парыжы 2 кастрычніка.

XS
SM
MD
LG