Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква прапанавала абмяняць Сянцова і Кольчанку на расейскіх «ГРУшнікаў», — Рубан


Алег Сянцоў і Аляксандар Кольчанка

Алег Сянцоў і Аляксандар Кольчанка

На сустрэчах у Менску на мінулым тыдні расейскі бок прапанаваў абменяць украінскага рэжысёра Алега Сянцова і актывіста Аляксандра Кольчанку на расейскіх спэцназаўцаў ГРУ Аляксандра Аляксандрава і Яўгена Ерафеева.

Пра гэта паведаміў кіраўнік Цэнтра вызваленьня палонных Афіцэрскага корпуса Ўладзімер Рубан, перадае «Громадське телебаченне».

Рубан адзначыў, што цяпер рашэньне павінен прыняць украінскі бок «Я не назаву крыніцу, не назаву бок, з якім мы размаўлялі. Менавіта з-за іх просьбы. Гэта прадстаўнікі Расеі, а не Данецка. Сустрэча была ў Менску. Размова была дастаткова сур’ёзная», — распавёў Рубан у эфіры «Громадське телебаченне».

«Аднак я бачу, што ўкраінскі бок вырашыў зацягнуць з адказам на гэтую прапанову», — дадаў ён.

25 жніўня расейскі суд прызнаў украінскага рэжысёра Алега Сянцова вінаватым у «стварэньні тэрарыстычнай арганізацыі і ў кіраваньні ёю» і прысудзіў 20 гадоў калёніі. Палітычнаму актывісту Аляксандру Кольчанку, які таксама быў абвінавачаны ў гэтай справе, прысудзілі 10 гадоў. Праваабаронцы прызналі Сянцова і Кольчанку палітвязьнямі.

Байцы расейскага спэцназа ГРУ капітан Яўген Ерафееў і сяржант Аляксандр Аляксандраў былі затрыманы ўкраінскімі вайскоўцамі 16 траўня ў зоне баявых дзеяньняў у Луганскай вобласьці. На допыце абодва расейцы паведамілі, што служаць у 3-й брыгадзе расейскага ГРУ. У Міністэрстве абароны Расеі ад сваіх вайскоўцаў адракліся, заявіўшы, што Аляксандраў і Ерафееў на момант свайго затрыманьня ўжо звольніліся з войска. Украінскія ўлады абвінавачваюць расейцаў у тэрарызьме. Абодва спэцназаўца былі арыштаваныя Шаўчэнкаўскім раённым судом Кіева.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG