Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

80 «хімікаў» з Мазыра паскардзіліся на голад і зьдзекі ахоўнікаў


80 асуджаных да абмежаваньня волі з папраўчай установы адкрытага тыпу №20 паставілі свае подпісы пад калектыўнай скаргай ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС. «Хімікі» паскардзіліся на зьдзекі ахоўнікаў, а таксама на адсутнасьць працы, з-за чаго ў шмат каго зь іх няма заробку, што прыводзіць да голаду. Пра скаргу «хімікаў» з Мазыра паведаміў сайт праваабарончай арганізацыі «Вясна».

«Некаторыя супрацоўнікі насаджаюць парадкі, як на зоне. Урываюцца падчас праверак у пакоі, сьвецяць у твар ліхтарамі, скідаюць з паліц на падлогу рэчы, ледзьве ня топчуцца па іх, калі знойдуць недаедзеныя макароны ці кашу, выкідаюць у вакно. І гэта пры тым, што мы тутака і так не жыруем, мякка кажучы. Ёсьць асуджаныя, якія месяцамі харчуюцца толькі ролтанамі, былі выпадкі і прытомнасць ад голаду гублялі на праверцы», — паведаміў праваабаронцам «Вясны» «хімік» Мікалай.

Паводле «хіміка» Уладзімера, некаторыя зь ягоных калегаў атрымліваюць за працу на «хіміі» ўсяго па 150-200 тысяч рублёў, пры тым, што зь іх па 150 тысяч вылічаюць за інтэрнат. У такой сытуацыі выратоўвае ад голаду толькі дапамога сваякоў, але што рабіць тым, у каго няма родных ці людзей, якія могуць аказаць дапамогу грашыма ці харчамі?

«Я 8 месяцаў прасядзеў у інтэрнаце бяз працы і, нарэшце, мяне працаўладкавалі. Калі ішоў першы дзень на працы, у мяне ад голаду падкашваліся ногі. Сядзець у інтэрнаце ўвесь час, нічога не рабіць горш чым у турме адчуваеш сябе», — распавёў мазырскі «хімік» Уладзімер.

Юры Рубцоў

Юры Рубцоў

Як раней пісала Радыё Свабода, былы палітвязень Юры Рубцоў адбыў на «хіміі» пад Пружанамі амаль паўгоду. На судзе над Юрыем Рубцовым сьведкі-«хімікі» казалі, што зарабляюць усяго па 200-300 тысяч рублёў у мясцовай гаспадарцы і таксама наракалі на тое, што большасьць заробку ў іх адлічаюць на інтэрнат. «Хімія» — гэта выкарыстаньне рабскай працоўнай сілы. Людзей голадам даводзяць да такога стану, калі яны рады працаваць нават не за грошы, а каб далі паесьці», — заяўляў Юры Рубцоў на сваім працэсе, калі яго судзілі за адмову ад працы.

Паводле Юрыя Рубцова «хімікі» рэдка скардзяцца на адміністрацыю, бо за гэта ім пагражаюць новыя рэпрэсіі.

XS
SM
MD
LG