Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас манэўраў «Шчыт саюзу» беларуская і расейская авіяцыя адпрацавала ўдар па «бандфармаваньнях»


Беларускія вайскоўцы бяруць удзел у сумесных з расейцамі манэўрах «Шчыт саюзу-2015», якія пачаліся 10 верасьня і працягнуцца да 16 верасьня. Заплянаваны ўдзел у манэўрах 8 тысяч вайскоўцаў і 400 адзінак баявой тэхнікі, ў тым ліку самалётаў і верталётаў зь Беларусі.

Як паведамляе прэсавая служба Заходняй вайсковай акругі Расеі, у рамках манэўраў на палігоне «Кінгісеп» ў Ленінградзкай вобласьці авіяцыя ўжо страляла па «пазыцыях незаконных узброеных фармаваньняў», наводка на якія адбывалася праз бесьпілётнікі расейскай вытворчасьці «Леер», «Гранат» і «Орлан».

«Агнявое паражэньне сілам умоўнага праціўніка нанесьлі франтавыя бамбавікі Су-34, зьнішчальнікі Су-27 і верталёты Мі-35 ваенна-паветраных сіл Расеі, а таксама штурмавікі Су-25 і верталёты Мі-24П ваенна-паветраных сіл Рэспублікі Беларусь», — паведаміла прэсавая служба Заходняй ваеннай акругі Расеі.

Манэўры «Шчыт саюзу−2015» ёсьць плянавым мерапрыемствам падрыхтоўкі Ўзброеных сілаў Расеі і Беларусі паводле рашэньня кіраўнікоў дзяржаваў, паведамляе РИА Новости.

Як паведамляюць украінскія мэдыі, расейскія бесьпілётныя апараты «Гранат» і «Орлан» актыўна выкарыстоўваюцца прарасейскімі сэпаратыстамі ва Ўкраіне для выведкі пазыцыі сілаў АТА. Адзін з такіх апаратаў у канцы 2014 году быў зьбіты пад пасёлкам Шчасьце Луганскай вобласьці.

XS
SM
MD
LG