Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лісты да Адзінага Прэзыдэнта: Дзякуючы Вам у краіне пабольшала на два шчасьлівыя выбаршчыкі!


Пасьля абвяшчэньня выбараў ну як прарвала. Рэдакцыя Свабоды атрымала мноства лістоў ад працоўных, мясцовага начальства і проста лайдакоў, а таксама жанчын, прадпрымальнікаў і іншых асобаў сумнеўных прафэсіяў. Усе рэжуць праўду-матку, дзе б яна не хавалася, бо душа гарыць і ў роце перасохла. Будзем друкаваць як напісана, бо праўды не заглушыш.

Дарагі адзіны кіраўнік!

Піша вам гардэробшчыца адной з менскіх бальніц.

Я горача падтрымліваю вашу палітыку дзяржавы для народа. А народа для дзяржавы!

Вы ня ведаеце, а я вам раскажу, як ваша палітыка выратавала лёс маладой супрацоўніцы нашай мэдычнай установы.

Марына — мэдсястра. Ейная сям’я прыехала ў Малінаўку з Таджыкістану. Мама родам з Алтаю, тата — з Крывога Рогу, у Беларусі аніякіх сваякоў. Ні слова па-беларуску, як і ўся наша патрыятычная моладзь, таму вучылася добра, прынялі ў БРСМ, далі пуцёўку ў жыцьцё — у нашу бальніцу ў Курасоўшчыне.

І пачаўся яе жыцьцёвы шлях, які супадаў са шляхам нашай дзяржавы: туды і назад, туды і назад, Малінаўка — Курасоўшчына, Курасоўшчына-Малінаўка... І так стабільна, з году ў год.

Але час ідзе, і гляджу, засумавала дзеўка, марнець пачала, вочы на мокрым месцы. Сталі пытацца — аказалася, засумавала Марынка па шчасьці. Захацела знайсьці сабе пару на ўсё жыцьцё. Сям’ю стварыць хацела.

Але дзе ж тут!

Калектыў у нас жаночы, а кантынгент не жаніхоўскі. Шуры-муры з жанатымі дактарамі? Вось і ўсё. Часу няма. Прыходзіць уся такая стомленая дадому пасьля сутак, не паесьць, не прыбярэцца ў кватэры, і адразу залазіць у інтэрнэт — на сайт знаёмстваў. Перапісваецца да раніцы. Жалілася мне, што мужчыны хочуць толькі аднаго. Каб прыслала фота, але бяз вопраткі. У асноўным жанатыя.

Бачу — прападае дзеўка. Заблыталася ў гэтым сеціве, засмактала яе інтэрнэтная багна. Я ёй і кажу аднойчы — ды ня сядзі ты ў інтэрнэце, выйдзі ў людзі, зьезьдзі ў цэнтар. Там, кажуць, такая чысьціня і парадак, што нават замежнікі дзівяцца, як туды ўсіх пускаюць безь білета. Не разумеюць, што ў нас дзяржава для народа. Але лепш, кажу ёй, пасьпяшацца, ці мала што — увядуць прапускную сыстэму. Так у вайну было.

І вось сабралася Марына, косы запляла, і выправілася ў цэнтар Менску. Ідзе сабе, ня верыць у вынік, задумалася, па баках не глядзіць, нічога ня чуе...

І тут — бах! Удар па галаве, цемра, іскры, непрытомнасьць. Праз хвіліну ачуняла, калі яе цягнулі за косы.

Гэта спэцназаўцы далі Марыне дубінкай па галаве і запакавалі ў аўтазак. Яны тады якраз лавілі апазыцыю па ўсім цэнтры. Бо да мітынгу было менш за тры кілямэтры. А яна там ішла.

Марына пасьля мне распавядала шмат чаго харошага. Як канваіры пашырылі яе веды ў сэксапаталёгіі, калі ў аўтазаку везьлі. Такога на сайтах знаёмстваў ня ўведаеш. Як потым дыягназ ёй удакладнілі з сутрасеньня мазгоў першай ступені на паніжаны ціск. Карысны досьвед для любога мэдработніка.

І вось, праз пятнаццаць сутак Марына вяртаецца. Памаладзела! Прычоска новая — косы давялося абрэзаць праз два тыдні без гарачай вады і шампуня. На галаве бінт, на вуснах усьмешка. Аж сьвеціцца, шчасьлівая такая!

— Марына?

— Я там з т-а-к-і-м-і людзьмі пазнаёмілася!

Я нават ня сьцяміла адразу, што яна на другую дзяржаўную мову перайшла. Глядзіць у вакно, і я сьледам гляджу. А перад галоўным уваходам стаіць малады чалавек з кветкамі ў руках. І зь бінтом на галаве.

Дзякуючы Вам у краіне пабольшала на два шчасьлівыя выбаршчыкі!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG