Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я хачу быць самім сабой, служыць у войску і ўтрымліваць сям’ю»


Упершыню ў Беларусі працу атрымаў чалавек з сындромам Даўна.

24-гадовы Мгер Мінасян вырас насуперак усім акалічнасьцям. У 90% выпадках маці перарываюць цяжарнасьць, калі даведваюцца пра сындром будучага дзіцяці. Свабода пагутарыла з хлопцам і ягонымі бацькамі, якія заваявалі для свайго сына звычайнае жыцьцё.

Да нас у Беларусі добра ставяцца, таму мы тут засталіся

Мгер нарадзіўся ў армянскай сям’і ў Ерэване ў 1991 годзе. Ягоныя бацькі ў той час працавалі на аднаўленьні горада Сьпітака, які быў зруйнаваны катастрафічным землятрусам у 1988 годзе. Марыэце, маці хлопца, было 39 год, і яе адправілі ў радзільню ў Ерэван.

Нарадзіўся Мгер у Ерэване, але з 1998 году сям’я жыве ў Беларусі

Нарадзіўся Мгер у Ерэване, але з 1998 году сям’я жыве ў Беларусі

«Тады пра гэты сындром мне нічога не было вядома, — узгадвае той час Марыэта. — Калі лекары пачалі мяне ўгаворваць адмовіцца ад дзіцяці, я не магла зразумець, у чым справа. Маўляў, у вас ужо ёсьць дзеці — вам хопіць».

Але ў бацькоў нават думкі такой не было. Ужо з чатырох месяцаў яны пачалі займацца з Мгерам: маці чытала яму вершы па-армянску, тата — па-расейску.

У 1993 годзе сям’я пераехала ў Маскоўскую вобласьць. А ў 1998 годзе бацька Вазген вярнуўся ў кампанію па будаўніцтве газаправоду «Прамэтэй», дзе ён калісьці працаваў. Тады сям’я пераехала ў Міхнавічы, што пад Менскам.

Тут Мгер пайшоў у вясковую школу. Заняткі праходзілі ў звычайнай клясе, і толькі на ўроках матэматыкі й расейскай мовы зь ім дадаткова займаўся другі настаўнік.

Марыэта кажа: жывучы ў Міхнавічах, яны вырашылі застацца ў Беларусі. Хоць мужу прапаноўвалі працу ў Маскве і Ерэване, яны абралі Менск.

«Праз Мгера мы засталіся тут, — кажа Марыэта. — У Беларусі да нас заўжды вельмі добра ставяцца. Ніколі не ўзьнікала канфліктаў. А гэта важна».

Калі Мінасяны пераехалі ў Менск, Мгер стаў хадзіць у 11-ю школу-інтэрнат. Пару гадоў яго адводзіла маці, а потым ён стаў хадзіць самастойна.

«Ён самастойна ўсё робіць — паўсюль сам езьдзіць, ходзіць у краму», — кажа маці.

Сёлета вучыць палянэз Агінскага

У Беларусі пакуль слаба распрацавана сыстэма адаптацыі ў грамадзтве для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі. Пакуль яны ходзяць у школу, усё даволі проста. Але што зь імі робіцца пасьля выпуску?

Штогод Мгер вучыць новы музычны твор

Штогод Мгер вучыць новы музычны твор

Тых, хто ўмее нешта рабіць, адпраўляюць у вучэбныя камбінаты пры цэрквах. Мгер, напрыклад, шэсьць год пасьля школы быў заняты ў такой майстэрні пры царкве на вуліцы Прытыцкага. Штодня туды прыводзяць маладых людзей, якім патрэбны нагляд. Ім даюць самую простую працу — вырабляць драўляныя цацкі, пакаваць сьвечкі.

Але бацькам мала было проста нечым заняць сына. Яны ніколі не лічылі яго асаблівым — такое самае дзіця, як старэйшыя брат і сястра. А таму, як і астатніх дзяцей, Марыэта аддала Мгера на заняткі па фартэпіяна. Двойчы на тыдзень да іх прыходзіць выкладчык музыкі. Штогод Мгер рыхтуе новы твор да Міжнароднага дня дзяцей з сындромам Даўна ў Палацы дзяцей і моладзі ў Менску. Да наступнага фэстывалю вучыць палянэз Агінскага.

У хлопца сапраўды ўнікальныя здольнасьці. Асабліва калі ўлічыць, што многія людзі з такім сындромам нават ня могуць навучыцца гаварыць. А Мгер размаўляе на трох мовах — беларускай, расейскай і армянскай. А яшчэ ангельскую вучыць праз інтэрнэт.

Калі Марыэта сустрэлася з кабетай з Галяндыі, у чыйго дзіцяці таксама сындром Даўна, тая перапытала, як Мгер грае на інструмэнце: ці па нотах?

«Вядома ж, па нотах! Штогод — новы твор. Яна ня верыла. Кажа: „Гэта немагчыма!“ Як жа немагчыма, калі ён грае?»

Цяпер мыю посуд, потым стану кухарам

Майстэрня пры царкве, заняткі па музыцы двойчы на тыдзень, а пасьля школы да гэтага яшчэ дадаліся танцы — таксама двойчы на тыдзень, і тэатар «Сонечныя дзеці». Гэта была першая ў Беларусі трупа, дзе гралі людзі з сындромам Даўна. Пры тэрытарыяльным цэнтры абслугоўваньня насельніцтва Маскоўскага раёну Менску яе стварыла Сьвятлана Яцэвіч-Падлівач’ева.

На пачатку працоўнага дня хлопец заняты мыцьцём посуду

На пачатку працоўнага дня хлопец заняты мыцьцём посуду

Акурат праз цэнтар занятасьці Мгер і знайшоў працу. Дакладней, праца яго там знайшла. Гэтай вясной у адміністрацыю прыйшлі прадстаўнікі гатэля «Рэнэсанс-Менск», каб адабраць некалькі чалавек для працы ў сталовай.

«Я там мыю посуд, выціраю падносы, сталы, сурвэткі прыгожа ў келіхі кладу, — расказвае пра сваю працу Мгер. — І пыл са стала выціраю».

Ужо другі месяц пяць дзён на тыдзень ён езьдзіць на тралейбусе ў гатэль. Час працы — тры з паловай гадзіны. Але Мгер упэўнены, што можа працаваць больш. Мае нават пляны наконт падвышэньня.

«У нас кухар Саша таксама пачынаў з гэтага, — кажа Мгер. — А калі скончыў гэтую працу — мыць посуд — яго адправілі на кухара».

З татам на сьвяце ў гатэлі

З татам на сьвяце ў гатэлі

І гэта не адзіная мэта, да якой імкнецца Мгер. Ён хоча быць і экскурсаводам, і «кампутаршчыкам», і акторам, і архітэктарам, як брат, і баксёрам, як іншы брат. Таксама хоча навучыцца граць на гітары. Бацькі ніколі не адмаўлялі яму, а таму дома ў розны час былі й баксёрская груша, і гітара, і розная тэхніка.

«Я з тэхнікай на ты, — кажа Мгер. — Цяпер толькі трэба назьбіраць грошай на пляншэт».

Такіх людзей нельга хаваць ад грамадзтва

З ідэяй, каб уладкаваць у гатэль чалавека з сындромам Даўна, выступіў галоўны мэнэджэр «Рэнэсанс-Менску». Датчанін Жэспэр Францл, калі яшчэ працаваў у Даніі, пабачыў перадачу, як такіх людзей уладкоўваюць кампаніі ў яго на радзіме. Ён вырашыў, што і ў ягонай кампаніі таксама будуць працаваць людзі з іншымі магчымасьцямі.

Жэспэр Францл, генэральны мэнэджэр гатэля, сам прапанаваў наняць людзей з сындромам Даўна

Жэспэр Францл, генэральны мэнэджэр гатэля, сам прапанаваў наняць людзей з сындромам Даўна

«Я веру, што людзі з рознымі магчымасьцямі павінны працаваць разам, — расказаў Францл у інтэрвію Свабодзе. — Ідэя ў тым, што гэта карысна й для кампаніі. Я лічу, што вельмі важна дапамагаць такім людзям быць паўнапраўнымі ўдзельнікамі сучаснага грамадзтва».

Францл апісвае Мгера як добрага і пазытыўнага чалавека. За два месяцы працы ён ужо пасьпеў пасябраваць зь іншымі супрацоўнікамі і нават выступаў на карпаратыўным сьвяце — граў Бэтховэна на сынтэзатары.

Францл спадзяецца, што за прыкладам гатэля «Рэнэнсанс-Менск» пойдуць і іншыя кампаніі. Ён упэўнены, што людзі з рознымі магчымасьцямі могуць быць уладкаваныя шмат у якіх месцах.

«Кожны, не зважаючы на колер скуры і свае магчымасьці, мае шанец працаваць. Так мы вучымся адзін у аднаго».

Ужо цяпер у гатэлі гатовыя наняць яшчэ аднаго чалавека з сындромам Даўна. Якая будзе гэтая праца, будзе залежаць толькі ад ягоных здольнасьцяў і інтарэсаў.

«У нас шмат месцаў, дзе яны могуць быць інтэграваныя, — сказаў Францл. — Што насамрэч важна, — каб чалавек адпавядаў працы. Таксама мы заўжды рады бачыць людзей з добрым настроем і добрым стаўленьнем да жыцьця».

Я хачу быць самім сабой

Падчас інтэрвію дома ў Мінасянаў да іх прыходзіць масажыстка Сьвятлана. Яна пачынае пералічваць, што яшчэ ўмее рабіць Мгер. Ён гатуе каву па-ўсходняму й хачапуры, ведае на памяць шмат вершаў, на мінулым тыдні абыграў яе ў шашкі.

«Хачу стаць баксёрам, як мой брат»

«Хачу стаць баксёрам, як мой брат»

«Чаму ты пра гэта не расказаў, Мгер?» — пытае Сьвятлана.

«Так непрыгожа, нельга хваліцца», — адказвае хлопец.

Увогуле, Мгер не пакідае ўражаньня ніякай «асаблівасьці». Ён і сам кажа, што ў яго няма лішняй храмасомы.

«Мы заўжды да яго ставіліся як да звычайнага й самастойнага дзіцяці, — кажа Марыэта. — Гэта ж наша дзіця, а таму мы з мужам ніколі нічога не шкадавалі для яго. Муж заўжды працаваў дзеля яго. І цяпер працуе толькі дзеля яго».

У пакоі Мгера шмат міжнародных дыплёмаў і фота з зоркамі

У пакоі Мгера шмат міжнародных дыплёмаў і фота з зоркамі

Самым звычайным лічыць сябе і Мгер. Ён часта паўтарае, што як сапраўдны мужчына ён мусіць працаваць, зарабляць грошы і служыць у войску.

«Я хачу быць самім сабой, працаваць, каб карміць сям’ю. Сёньня ў мяне ёсьць мама й тата, а заўтра — не. Хто будзе галавой сям’і? Вядома, сын! Я думаю пра сям’ю і пра сваю будучыню».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG