Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Караткевіч у дзень гораду прапануе абраць мэра Менску


Андрэй Дзьмітрыеў (у цэнтры) і Тацяна Караткевіч (справа) падчас збору подпісаў у Менску

Андрэй Дзьмітрыеў (у цэнтры) і Тацяна Караткевіч (справа) падчас збору подпісаў у Менску

«Сёньня а 12.00 каля ўнівэрсама „Цэнтральны“ будзем галасаваць — выбіраць мэра ці цярпець прызначанага кіраўніка Менгарвыканкаму. Прыходзьце на першы пікет Тацяны Караткевіч», — напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку кіраўнік выбарчага штабу кандыдаткі ў прэзыдэнты Андрэй Дзьмітрыеў.

У камэнтары Радыё Свабода Андрэй Дзьмітрыеў сказаў, што такім чынам Тацяна Караткевіч афіцыйна пачынае агітацыйную кампанію:

«Адзін з асноўных пунктаў праграмы Тацяны Караткевіч — гэта рэформа дзяржаўнага кіраваньня. Важны момант у гэтым — абраньне мэраў. Мы казалі пра гэта ў межах „Народнага рэфэрэндуму“, зьбіралі за гэта подпісы. І мы бачылі, што людзям шчыра падабаецца ідэя самім абіраць кіраўнікоў сваіх гарадоў, раёнаў і абласьцей. Сёньня, у Дзень гораду, мы пачынаем агітацыйную кампанію Тацяны Караткевіч — гэта будзе пікет, на якім мы скажам, што Менску патрэбны сапраўдны абраны мэр, а не кіраўнік гарвыканкаму».

Падчас пікету будзе арганізаванае сымбалічнае галасаваньне.

«Мы дадзім магчымасьць выбраць — прызначаны чыноўнік ці абраны мэр. Пакуль гэта сымбалічнае галасаваньне, але мы перакананыя, што хутка яно можа стаць рэальным», — адзначыў Дзьмітрыеў.

Сёньня Менск адзначае 948 год. Дзень гораду традыцыйна адзначаецца ў Менску ў другую суботу верасьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG