Лінкі ўнівэрсальнага доступу

11 верасьня ў цырымоніі пачатку будаўніцтва ў Любанскім раёне Нежынскага горна-ўзбагачальнага комплексу ўзяў удзел Аляксандар Лукашэнка. Комплекс абяцаюць узьвесьці празь пяць гадоў.

Гэта праект кампаніі «Слаўкалій», якая належыць расейскаму бізнэсоўцу Міхаілу Гуцэрыеву. Чакаецца, што да 2020 году аб’ём інвэстыцыяў складзе 2 млрд 700 млн даляраў. Гуцэрыеў сказаў журналістам, што Нежынскі горна-ўзбагачальны комплекс пачне выпускаць прадукцыю празь пяць гадоў і акупіцца да 2030 году.

Старшыня рады дырэктараў «Слаўкалія» падкрэсьліў, што прадукцыя комплексу будзе прадавацца толькі празь Беларускую калійную кампанію.

Міхаіл Гуцэрыеў, архіўнае фота

Міхаіл Гуцэрыеў, архіўнае фота

Аднсона канкурэнцыі зь «Беларуськаліем» Міхаіл Гуцэрыеў адзначыў, што любая канкурэнцыя ідзе на карысьць. Ён сказаў, што Беларусь мае багатыя запасы хлёркалію, і прыход на рынак інвэстара будзе садзейнічаць больш эфэктыўнаму іх асваеньню.

Паводле Лукашэнкі, увод у эксплюатацыю Нежынскага горна-ўзбагачальнага комплексу дасьць дадатковы экспарт каля 860 млн даляраў у год. Яго магутнасьць складзе да 2 млн тон хлярыду калію ў год. У пэрспэктыве гэта дазволіць нарасьціць вытворчасьць калійных угнаеньняў у Беларусі да 14 млн тон у год.

«Для нашай дзяржавы калійныя ўгнаеньні зьяўляюцца адным з асноўных артыкулаў экспарту і важкай крыніцай паступленьня валюты. Штогод мы прадаём звыш 90% усяго аб’ёму гэтай прадукцыі», — цытуе БЕЛТА Лукашэнку.

Кіраўнік краіны пажадаў усім укласьціся ў тэрмін і зрабіць усё якасна.

Яшчэ ў 2011 годзе ўрад Беларусі і GMC Global Energy plc (Вялікая Брытанія) заключылі інвэстыцыйную дамову пра будаўніцтва брытанскай кампаніяй горна-ўзбагачальнага камбінату па вытворчасьці калійных угнаеньняў. Кампаніі быў перададзены Нежынскі ўчастак Старобінскага радовішча калійных соляў.

Дзеля рэалізацыі гэтага інвэстыцыйнага праекту адмыслова была створана кампанія «Слаўкалій». У кастрычніку 2012 году ўладальнік кампаніі GMC Global Energy plc і «Слаўкалія» Міхаіл Гуцэрыеў заявіў пра намер пачаць будоўлю калійнага комплексу ў Беларусі ў сакавіку 2013 году. Тады спадар Гуцарыеў плянаваў, што будоўля шахты зойме тры гады.

На пабудову калійнага комплексу быў прыцягнуты кітайскі крэдыт.

Тацяна Манёнак

Тацяна Манёнак

Незалежны экспэрт у нафтагазавай галіне Тацяна Манёнак сказала карэспандэнту Свабоды, што тут няма ніякай сэнсацыі:

«Гэты праект быў аддадзены ў адны рукі. Ніякага тэндэру на асваеньне гэтага ўчастка не было. Гуцэрыеў — правераны для Лукашэнкі чалавек. Але паглядзім маштабы. Гэты новы калійны камбінат будзе здабываць каля паўтара мільёна тон калійных угнаеньняў. Гэта невялікі аб’ём, улічваючы, што цяпер „Беларуськалій“ здабывае больш за 10 мільёнаў тон. Таксама беларускія адмыслоўцы выдатна разумеюць, што нельга вырасьціць сабе канкурэнта. Таму яшчэ трэба пабудаваць гэты комплекс. А калі ён будзе пабудаваны, увесь аб’ём угнаеньняў будзе прадавацца празь Беларускую калійную кампанію. Таму Гуцэрыеў ня зможа стварыць канкурэнцыю для „Беларуськалія“.

Меркавалася, што гэты праект будзе рэалізаваны раней, але крызіс на калійным рынку вымусіў многіх гульцоў замарозіць калійныя праекты. Гэтак зрабіў і Гуцэрыеў. Цяпер цэны крыху падвысіліся. Але ў сувязі з дэвальвацыяй валют, падзеньнем цэнаў на нафту сытуацыя паляпшаецца ня так хутка.

Магчыма, гэты праект будзе ўласнасьцю Гуцэрыева, але ён ня зможа самастойна экспартаваць угнаеньні. Каб не падарваць цэны на ўсясьветных рынках калію. Я думаю, гэта будзе разумная экспартная палітыка, і канкурэнцыі ня будзе. Таму я не надавала б гэтаму праекту вялікай увагі. Ня так хутка рэалізуюцца такія праекты».

Камэнтуючы заяву Лукашэнкі пра тое, што ўвод Нежынскага горна-ўзбагачальнага комплексу дазволіць дадаткова экспартаваць прадукцыі амаль на 860 млн даляраў у год, Манёнак адзначыла:

«Дай бог прадаць. Самае галоўнае ж не аб’ёмы. Самае галоўнае — цэны, па якіх будзе прадавацца. Сёньня кожная сур’ёзная кампанія імкнецца меней прадаць, але атрымаць большыя кошты. Альбо мець стрыманыя продажы, каб не падарваць рынак, не нашкодзіць ні сабе, ні іншым. Што адбылося, калі „Уралкалій“ абвясьціў стратэгію „прыярытэт — аб’ёмы, а ня цэны“, мы ўжо бачылі. Як рухнулі ўсе рынкі».

Падчас цырымоніі Лукашэнка паведаміў, што «Уралкалій» прапаноўваў Беларусі аднавіць супрацоўніцтва, прасіліся «вазьміце назад». Аднак беларускі бок вырашыў устрымацца ад гэтага. Паводле Лукашэнкі, Беларусь выстаяла ў сытуацыі з «Уралкаліем» і «паклала ўсіх у сьвеце».

Пры гэтым Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі нікому ня ўдасца пагрэць рукі на дзяржаўнай уласнасьці.

«Мы нікому нічога не аддаём. Гэта ўсё застанецца ў нашай дзяржаве — жалезабэтонна. Мы ня жулікі, вы ў чым заўгодна мяне можаце папракнуць, толькі ня ў жульніцтве. Нікому, я сам гэтага не рабіў і нікому не дазваляю. За дваццаць гадоў ніхто ў мяне не пагрэў рукі на дзяржаўным», — сказаў Лукашэнка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG