Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ерэване аднаўляюцца пратэсты супраць падвышэньня энэргатарыфаў


Пратэст у Ерэване 11 верасьня 2015 году

Пратэст у Ерэване 11 верасьня 2015 году

Актывісты грамадзянскага руху «Не — рабунку», які выступае супраць павелічэньня тарыфаў на электраэнэргію ў Армэніі, перакрылі цэнтральны праспэкт Баграмяна ў Ерэване, дзе разьмяшчаецца рэзыдэнцыя прэзыдэнта краіны.

Дайсьці да рэзыдэнцыі ім не дазволілі аддзелы паліцыі, у выніку чаго дэманстранты селі на асфальт і пачалі скандаваць «Баграмян — наш». Рух транспарту па праспэкце ўскладніўся.

Раней у пятніцу актывісты руху заявілі пра намер аднавіць вулічныя акцыі пратэсту. «Мы прынялі рашэньне зноў выйсьці на вуліцу і змагацца ўсімі законнымі мэтадамі, патрабаваць адмены рашэньня аб павышэньні тарыфаў. Пойдзем да канца», — сказаў на мітынгу на плошчы Свабоды ў цэнтры Ерэвану актывіст руху Максім Саркісян. Паводле яго слоў, улады ня выканалі абяцаньне кампэнсаваць павелічэньне энэргатарыфаў да завяршэньня аўдыту кампаніі «Электрычныя сеткі Армэніі» (ЭСА).

ЭСА зьяўляюцца фактычна манапалістам на энэргетычным рынку краіны і знаходзяцца пад кантролем расейскай кампаніі «Інтэр РАО».

19 чэрвеня ў Ерэване пачаліся буйнамаштабныя акцыі пратэсту супраць падаражаньня электраэнэргіі. Рух складаецца пераважна з маладых людзей, якія заяўляюць, што не прадстаўляюць палітычныя і грамадзкія сілы. Акцыі пратэсту спыніліся 10 ліпеня.

Прэзыдэнт Серж Саргсян 27 чэрвеня на нарадзе з адказнымі за энэргетычную палітыку заявіў, што ў кампаніі ЭСА будзе праведзены міжнародны аўдыт, а да яго завяршэньня ўрад возьме на сябе груз павышэньня тарыфаў на электраэнэргію.

Між тым, армянскія СМІ паведамляюць, што супрацоўнікі ЭСА наведваюць прадпрыемствы малога і сярэдняга бізнэсу, патрабуючы падпісаць дакумэнт, паводле якога гаспадарчыя суб’екты павінны плаціць па падвышаным тарыфе. У кампаніі ЭСА гэтую інфармацыю не пракамэнтавалі.

XS
SM
MD
LG