Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назарбаеў прызначыў дачку віцэ-прэм’ерам


Дарыга і Нурсултан Назарбаевы на канцэрце ў Астане 27 красавіка 2015 году ў гонар перамогі Назарбаева на прэзыдэнцкіх выбарах

Дарыга і Нурсултан Назарбаевы на канцэрце ў Астане 27 красавіка 2015 году ў гонар перамогі Назарбаева на прэзыдэнцкіх выбарах

Старэйшая дачка прэзыдэнта Казахстана Дарыга Назарбаева прызначаная намесьнікам прэм’ер-міністра. Адзін з апазыцыйных палітыкаў кажа, што гэтак Назарбаеў вырашае праблему пераемнасьці ўлады.

Указ аб новым прызначэньні 52-гадовай Назарбаевай падпісаў яе бацька. Да гэтага яна была віцэ-сьпікерам мажлісу — ніжняй палаты парлямэнту.

Пост віцэ-прэм’ера да Назарбаевай займаў Бердзібек Сапарбаеў, перамешчаны цяпер на пасаду кіраўніка Акцюбінскай вобласьці.

Палітоляг, аўтар энцыкляпэдыі «Хто ёсьць хто ў Казахстане» Даніяр Ашымбаеў лічыць, што гэта не апошняе прызначэньне ў чарадзе новых кадравых перастановак.

— Зараз цяжка нешта камэнтаваць, трэба паглядзець на ўсю канструкцыю цалкам. Важна, як складзецца канфігурацыя: ці будуць іншыя віцэ-прэм’еры, якое будзе разьмеркаваньне абавязкаў, якія яшчэ будуць прызначэньні, у першую чаргу гэта тычыцца сацыяльнага блёку. Пасьля гэтага можна казаць аб канкрэтыцы. Гэта не апошняе прызначэньне, — кажа Ашымбаеў.

Апазыцыйны палітык Аміржан Касанаў сказаў Радыё Свабода, што наўрад ці Дарыга Назарбаева будзе адказваць за сацыяльны блёк пытаньняў.

— У Назарбаева ёсьць пляны перадачы ўлады ў спадчыну. Магчымыя некалькі варыянтаў. Адзін зь іх — перадача ўлады членам сям’і і ўмацаваньне іх пазыцый. Яны толькі пры ім могуць заняць такія пасты. Калі яго не будзе, то наўрад ці пры адкрытай палітыцы яны даб’юцца такога. Паколькі зьменіцца і палітычнае жыцьцё, палітычныя арыенціры. Гэта сцэнар перадачы ўлады спадкаемцам або спадкаемцу.

Дарыга Назарбаева ў пачатку 2000-х гадоў ўзначальвала партыю «Асар», якая ў 2006 годзе годзе зьлілася з партыяй яе бацькі «Нур Атан». У 2007 годзе Назарбаева на час пакінула палітыку — многія зьвязваюць гэта з тым, што яе тагачасны муж Рахат Аліеў патрапіў у няміласьць. Суд прызнаў за ім факты выкраданьня людзей з мэтай вымаганьня і завочна асудзіў на 20 гадоў. Аліеў папрасіў палітычнага прытулку ў Аўстрыі, дзе нейкі час ён быў паслом Казахстану. Аўстрыя ня выдала Аліева у Казахстан, аднак пазьней ужо ўлады гэтай краіны завялі супраць яго справу па абвінавачваньнях у забойствах. Аліеў быў быў знойдзены павешаным у сваёй адзіночнай камэры ў венскай турме.

Сын Рахата Аліева і Дарыгі Назарбаева цяпер зьяўляецца намесьнікам кіраўніка гораду Астаны. Другі іх сын, Айсултан Назарбаеў, прэтэндуе на пасаду старшыні Фэдэрацыі футболу Казахстану. Ён сам прапанаваў склікаць пазачарговую выбарчую канфэрэнцыю і разгледзець ягоную кандыдатуру на гэтую пасаду.

XS
SM
MD
LG