Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пікет Статкевіча як тэст


Мікалай Статкевіч. Пікет у Менску
Мікалай Статкевіч. Пікет у Менску

Якія палітычныя вынікі пікету, наладжанага 10 верасьня ў Менску Міколам Статкевічам? — адна з тэмаў перадачы «Праскі акцэнт» з удзелам шэф-рэдактара газэты «Народная воля» Сьвятланы Калінкінай, аглядальніка нашага радыё Валера Карбалевіча і публіцыста і паліттэхноляга Аляксандра Фядуты.

Цалкам тэкст перадачы — пазьней на нашым сайце. А зараз прапануем вам частку праграмы, прысьвечанай аналізу ўчорашняй акцыі, арганізаванай былым палітвязьнем і экс-кандыдатам у прэзыдэнты.

Дракахруст: 10 верасьня, у дзень рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты, Мікола Статкевіч правёў пікет з патрабаваньнем правядзеньня новых выбараў. Пікет стаў пачаткам рэалізацыі стратэгіі, абвешчанай 28 жніўня на прэсавай канфэрэнцыі Анатоля Лябедзькі, Уладзімера Някляева, Паўла Севярынца і Міколы Статкевіча.

Ці можна сказаць, што вынікі пікету 10 верасьня — індыкатар эфэктыўнасьці ўсёй стратэгіі «Даёш новыя выбары»? Як вы ацэньваеце яе шанцы на посьпех?

Фядута: Я ня ведаю стратэгію спадара Статкевіча. Ён яе не агучвае. І з майго пункту гледжаньня слушна робіць. Бо калі стратэгія агучваецца, яна агучваецца для ўсіх, у тым ліку і для галоўнага апанэнта. Навошта ж папярэджваць, што ты зьбіраесься рабіць?

Дракахруст: Давайце назавём гэта інакш — мэта, канцэпцыя. Нешта ж было агучана. Наколькі пікет спрыяе дасягненьню гэтай мэты?

Фядута: Так, ён сказаў, што будзе спрабаваць пашырыць абсяг свабоды. Сваім пікетам ён у пэўным сэнсе гэтага дамогся. Я глядзеў у інтэрнэце трансьляцыю пікету, людзі падыходзілі, размаўлялі, цікавіліся. І галоўнае — падыходзілі, каб выказаць сваю падтрымку таму, што ён робіць, і асабіста Статкевічу за ягоную мужнасьць. Я ня ведаю, што ён зьбіраецца рабіць далей, але калі ён сапраўды ставіў мэту пашырэньня абсягу свабоды — ён яго трохі пашырыў.

Дракахруст: Філёзаф і публіцыст Уладзімер Мацкевіч скрытыкаваў гэтую акцыю, сказаўшы, што яна гуляе на руку Аляксандру Лукашэнку, яна павялічвае электаральную актыўнасьць — падштурхоўвае людзей ісьці на выбары. Да гэтага можна дадаць, што назіральнікі АБСЭ напэўна адзначаць у сваёй справаздачы, што ў дзень рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты ў цэнтры сталіцы прайшла недазволеная маніфэстацыя, якая не была разагнаная. Дэмакратыя.

Калінкіна: Я падтрымліваю Ўладзімера Мацкевіча ў плашчыні сур’ёзных паліталягічных разважаньняў. Але па-чалавечы мне спадабаўся пікет, які правёў Мікола Статкевіч. Зразумела, хацелася б, каб там было больш людзей, але, шчыра кажучы, гэтым ніхто не займаўся і не заклікаў так ужо пільна людзей на гэтую акцыю. Мне спадабалася атмасфэра і галоўнае — было бачна, што людзі з радасьцю віталі Статкевіча. Я мяркую, што гэта было і яму прыемна, і выпадковым мінакам было прыемна...

Дракахруст: Сьвятлана, калі разважаць паводле Мацкевіча, то можа і Лукашэнку гэта было прыемна.

Калінкіна: Можа і Лукашэнку прыемна, хаця я ня думаю, што Лукашэнку прыемна бачыць, як менчукі не абыходзяць бокам, не баяцца, а падыходзяць да Статкевіча, паціскаюць яму руку, кажуць словы падтрымкі. Калі Лукашэнку гэта прыемна, то я за яго таксама радая.

Мацкевіч мае пэўную рацыю, што ня трэба ствараць цікавасьці гэтым выбарам, што іх трэба ігнараваць цалкам, каб ніякіх ілюзіяў у грамадзтве не было. Але ў мяне тады пытаньне насустрач — як жа даносіць да людзей інфармацыю пра гэтую стратэгію ігнору, калі не праводзіць ніякіх акцыяў, калі наагул не гаварыць пра гэтыя выбары, калі палітыкі ўзроўню Някляева, Статкевіча, Лябедзькі ня пойдуць да людзей?

У мяне пакуль няма адказу на пытаньне, якая стратэгія будзе лепшая для той часткі апазыцыі, якая ня ўдзельнічае ў выбарах. І яны, на жаль, адказу на гэтае пытаньне таксама не далі, бо з аднаго пікету не вынікае яснага бачаньня таго, што яны будуць рабіць.

Дракахруст: Валер, а можа нават калі разважаць не «па-чалавечы», як кажа Сьвятлана, а менавіта паліталягічна, то і тут магчымыя варыянты? Мы памятаем лета 2011 году — пачатак акцый маўклівых воплескаў. Прайшла першая акцыя, яе не разагналі, і на наступныя акцыі прыходзіла ўсё больш і больш. А можа наступствам і гэтага недазволенага і неразагнанага пікету стане эфэкт «сьнежнага камяка»?

Карбалевіч: Трэба дамовіцца, што лічыць эфэктыўнасьцю і посьпехам. З пэўнага гледзішча гэты пікет можна лічыць посьпехам. Ён быў масавы. Такую вялікую колькасьць людзей падчас гэтай выбарчай кампаніі не ўдалося дасюль сабраць нікому. Пікет не разагналі. Можна казаць пра пэўны эфэкт. Хоць невядома, чым яшчэ скончыцца для Міколы, бо склалі адміністрацыйны пратакол. Думаю, улады разглядалі гэтую падзею як пэўны тэст, і будуць прымаць нейкія захады. Магчыма, наступных пікетаў проста не дапусьцяць. Для таго, каб узьнік эфэкт «сьнежнага камяка», патрэбная іншая атмасфэра ў грамадзтве. Сёньня ў грамадзтве пануе атмасфэра страху паўтарэньня ў Беларусі ўкраінскага Майдану, апатыя, адчуваньне фатальнай наканаванасьці вынікаў выбараў. Таму цяжка ўявіць, што апазыцыя зможа прымусіць уладу нешта мяняць у сцэнары выбараў.

Дракахруст: Валер, на папярэднім этапе кампаніі некаторыя экспэрты і палітыкі разглядалі інтэнсіўнасьць збору подпісаў за кандыдатаў як індыкатар грамадзкай і электаральнай актыўнасьці. Падпісваліся людзі млява, адсюль рабілася выснова, што актыўнасьць нізкая.

А ці нельга ўжыць той самы спосаб ацэнкі да пікету Статкевіча? І калі можна, то якая выснова? На яго прыйшло ажно 200 чалавек ці на яго прыйшло ўсяго 200 чалавек?

Карбалевіч: Сапраўды, усё спазнаецца ў параўнаньні. Гэтую колькасьць можна параўнаць з той колькасьцю людзей, якія прыйшлі сустракаць Міколу Статкевіча, калі ён вяртаўся з турмы.

Асоба Статкевіча выклікае ўвагу найбольш актыўнай, рашуча настроенай часткі беларускага грамадзтва, увагу палітычных актывістаў. Але калі Статкевіча нэўтралізуюць, пасадзяць на 15 ці 30 сутак да заканчэньня выбараў, то на гэтым супраціў і скончыцца.

Я б пакуль з гэтага пікету не рабіў далекасяжных высноваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG