Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 даступных супэрпрадуктаў


У маім разуменьні, супэрпрадукт — гэта прадукт, які ўтрымлівае адзін або некалькі важных для здароўя элемэнтаў у выключна вялікай колькасьці. Невялікія дозы супэрпрадуктаў станоўча ўплываюць на здароўе і замяняюць сынтэтычныя харчовыя дабаўкі. Прадукты гэтыя, што нямалаважна, добра дасьледаваныя і зьяўляюцца бясьпечнымі.

1.Бразыльскія арэхі

Бразыльскія арэхі — самая багатая харчовая крыніца сэлену на зямлі.

Функцыі сэлену разнастайныя. Ён спрыяе добраму стану валасоў і пазногцяў, абараняе клеткі ад акісьляльнага стрэсу, спрыяе нармальнай працы імуннай сыстэмы і вытворчасьці спэрмы, уносіць істотны ўклад у нармальную працу шчытападобнай залозы.

Сусьветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) рэкамэндуе сутачную дозу спажываньня сэлену ў дыяпазоне 55-70 мкг. Усяго толькі адзін бразыльскі арэх зьмяшчае каля 100 мкг сэлену!

2-3. Льняны алей і зерне

Льняны алей і зерне зьяўляюцца самымі багатымі крыніцамі альфа-ліналенавай кіслаты (АЛК) у прыродзе. АЛК — гэта першасная тлустая кіслата сямейства Амега-3. Жанчынам для аптымальнага здароўя неабходныя прыкладна 2 грамы гэтай кіслаты на дзень, мужчынам — 3 грамы.

Адна сталовая лыжка льнянога алею (14 г) утрымлівае цэлых 7 грамаў АЛК. Такім чынам, спажываньне ўсяго двух-трох лыжак льнянога алею пакрые вашу тыднёвую патрэбу АЛК. Гэты алей, дарэчы, не рэкамэндуецца награваць, бо цяпло разбурае карысныя рэчывы.

Адна сталовая лыжка льнянога зерня (10 г) утрымлівае прыкладна 2,5 грама АЛК. Ільняное зерне можна дадаваць у кашы, выпечку, ёгурты. Ільняное зерне валодае здольнасьцю паглынаць вадкасьць і зьвязваць яе.

4. Марская капуста

Водарасьці перш за ўсё — выдатная крыніца ёду. Чэмпіён па ўтрыманьні ёду — бурыя водарасьці. У прыватнасьці, лямінарыя пальчатарасьсечаная (гэта і ёсьць знаёмая нам марская капуста) утрымлівае ў сярэднім 1% ёду, што ў 30.000 разоў больш, чым канцэнтрацыя ёду ў марской вадзе. У адным граме лямінарыі ўтрыманьне ёду роўнае ста літрам марской вады!

Ёд прысутнічае ў арганізьме чалавека ў невялікіх колькасьцях амаль выключна ў шчытападобнай залозе. Гармоны шчытападобнай залозы рэгулююць абменныя працэсы ў большасьці клетак, а таксама адыгрываюць вызначальную ролю ў працэсе раньняга росту і разьвіцьця большасьці органаў, асабліва мозгу. Дэфіцыт ёду ў любы пэрыяд жыцьця можа вызваць недастатковасьць шчытападобнай залозы з дрэннымі наступствамі, уключаючы разумовую адсталасьць.

Штодзённая патрэба ў ёдзе залежыць ад узросту і фізіялягічнага стану і складае ад 90 да 250 мкг. Водарасьці ўтрымліваюць надзвычай вялікую колькасьць ёду: ад 1.600 да 8.000 мкг у 100 г сухога прадукту.

5. Какава

Навукова даказана, што багатая на фляванолы какава карысная для нармальнага крывацёку. Фляванолы — гэта кляса прыродных хімічных злучэньняў, якія прысутнічаюць у расьлінных прадуктах. Усяго толькі 200 мг фляванолаў какавы на дзень спрыяюць нармальнаму крывацёку. Для даведкі, 200 мг фляванолаў какавы ўтрымліваюцца ў палове чайнай лыжкі какава-парашка з высокім утрыманьнем фляванолаў або ў 10 г цёмнага шакаляду (таксама зь іх высокім утрыманьнем). Большасьць какава-прадуктаў, аднак, атрымліваюць з дапамогай шчолачнага мэтаду, які пазбаўляе какава-бабы большай часткі яго здаровых фляванолаў.

Апошнія маштабныя дасьледаваньні таксама ўпэўнена кажуць пра тое, што багатая на фляванолы какава таксама запавольвае кагнітыўнае (разумовае) старэньне. Прасьцей кажучы, калі вы п’яце какаву рэгулярна, у вас больш шанцаў даўжэй заставацца ў здаровым розуме!

6-7. Салодкая бульба і морква

У 100 грамах салодкай бульбы ўтрымліваецца амаль 400% дзённай нормы вітаміну А. Цікава, што салодкая бульба зьяўляецца галоўным кампанэнтам традыцыйнай ежы доўгажыхароў востраву Акінава. Яны зьядаюць больш за 800 грамаў салодкай бульбы за дзень!

У моркве ўтрымліваецца трохі меней вітаміну А, чым у салодкай бульбе, прыблізна 350% ад дзённай нормы ў 100 грамах. Вітамін А, акрамя іншых яго функцый, абсалютна неабходны для падтрыманьня здаровай скуры і сьлізістых абалонак. Вітамін А — тлушчараспушчальны, гэта значыць, што ён засвойваецца пры наяўнасьці тлушчу. Так што дадаваць у маркоўны сок трохі расьліннага алею — лягічна.

8. Пятрушка

Усяго толькі 10 грамаў пятрушкі (10 галінак) утрымліваюць двайную сутачную дозу вітаміну К. Вітамін К мае важнае значэньне ў фармаваньні згусткаў крыві і неабходны для аптымальнага здароўя костак.

9. Чорная парэчка

Насуперак распаўсюджанаму меркаваньню, апэльсіны — ня самая лепшая крыніца вітаміну С. Ёсьць куды лепшыя крыніцы. Шкляначка чорнай парэчкі (120 г) утрымлівае 400% сутачнай дозы вітаміну С (для параўнаньня, адзін апэльсін утрымлівае прыкладна 60 мг вітаміну С, ці амаль 100% дзённая нормы). Чорная парэчка валодае таксама прабіятычнай уласьцівасьцю — спрыяе таму, што колькасьць дабратворных бактэрый у нашым кішэчніку расьце.

10.Часнок

Часнок — прадукт маленькі ды ўдаленькі. Ён утрымлівае вялікую колькасьць злучэньняў серы — аліцыну, што, як мяркуюць, забясьпечвае такое карыснае ўзьдзеяньне часнаку на здароўе чалавека. З аліцынам таксама зьвязаны спэцыфічны рэзкі пах часнаку. Даказана, што часнок можа панізіць узровень халестэрыну і крывяны ціск, змагаецца з прастудай, прадухіляе размнажэньне шкодных бактэрый і выводзіць цяжкія мэталы з арганізма. Больш падрабязна пра часнок чытайце тут.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG