Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Юля Цімафеева


Фота Альгерда Бахарэвіча

Фота Альгерда Бахарэвіча

Юля Цімафеева — паэтка, перакладчыца. Нарадзілася ў 1982 у вёсцы на Брагіншчыне. Адна з рэдактарак літаратурнага інтэрнэт-часопіса «ПрайдзіСьвет», перакладае з ангельскай. Аўтарка зборніка паэзіі і паэтычных перакладаў «Кніга памылак» (2014). Пераможца літаратурнага конкурсу для маладых пісьменьнікаў «Эксьлібрыс» (2012), пераможца конкурсу маладога літаратара імя Максіма Танка (2012), фіналістка прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча (2015). Удзельніца літаратурных фэстываляў у Беларусі, Літве, Швэцыі, Украіне, Фінляндыі.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Я ўявіла, як гэтае пытаньне задаюць не сучасным пісьменьнікам, а сучасным мастакам, і стала крыху сьмешнавата. Але ўсё ж, калі я пішу вершы, я не пішу іх для некага, я пішу іх для самой паэзіі, мне цікавыя хімія і хімэра мовы. А пераклад паэзіі — гэта спосаб яе вельмі ўважліва прачытаць.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Зачыніўшыся ў самой сабе, калі на «маім унутраным небе» — хмары, а дажджу ня будзе.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Не хачу паўтараць за іншымі. У мяне ёсьць свая Кніга памылак.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Мне хочацца думаць, што гэта Арланда з аднайменнага раману Вірджыніі Вулф.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Цяпер я люблю пісьменьніц. Адна з апошніх любовяў — канадка Эліс Манро.

6. Што вы цяпер чытаеце?

З мастацкай літаратуры — апавяданьні Эліс Манро, зь немастацкай — «A Jury of Her Peers: American Women Writers from Anne Bradstreet to Annie Proulx» (2009) аўтарства Элэйн Шоўолтэр.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Я шмат чытаю па-ангельску, свабодна чытаю па-ўкраінску, са слоўнікам магу чытаць па-нямецку і па-гішпанску.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Я пакуль выдала толькі адну кнігу. Выбіраць няма з чаго :)

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Вострую, як лязо травы.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабоднай?

Калі ня чую стогнаў часу над вухам.

XS
SM
MD
LG