Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе ў Беларусі будзе расейская авіябаза


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Дзіўна чытаць у прэсе, што «адным з вынікаў перамоваў у Горадні стала стварэньне авіябазы ў Беларусі».

Дзіўна чытаць у прэсе, што «адным з вынікаў перамоваў у Горадні стала стварэньне авіябазы ў Беларусі».

Як вядома, у Горадні пабываў расейскі прэм’ер Мядзьведзеў. І, значыць, усё без Лукашэнкі вырашыў? І дзіўная рэакцыя чыноўнікаў, якім няма чаго сказаць (альбо яны баяцца) наконт рашэньня аб расейскай авіябазе, быццам яно прынятае ў аднабаковым парадку.

Мала таго, захоўваецца інтрыга аб месцы дысьлякацыі. Быццам «сакрэтны пратакол» існуе таксама. Дык дзе будзе расейская авіябаза? Сапраўды ў Баранавічах, як распусьцілі чуткі? Ці ўсё ж — у Бабруйску, як плянавалася? Нельга выключыць, што расейцам хочацца выкарыстаць абодва аэрадромы, па чарзе. Можна дапусьціць, што ў Баранавічах яны пасадзяць свае зьнішчальнікі, а Бабруйск будуць трымаць у плянах, як магчымае месца для іншых сваіх самалётаў. На будучыню. На ўсякі выпадак.

Як вядома, два гады таму «незаконнае ўзброенае фармаваньне» захапіла «цывільны аэрапорт» у Бабруйску. Як у «Арэшку» з Брусам Вілісам, памятаеце? Але яго адбілі ў «тэрарыстаў» казахі, армяне, расейцы і беларусы, дэсантнікі. Адбыліся супольныя вучэньні сілаў апэратыўнага рэагаваньня «Узаемадзеяньне-2013». Беларускі бок меў магчымасьць пахваліцца: у якім добрым стане падтрымліваецца былы вайсковы аэрадром. І гэта не магло не спадабацца расейскаму боку. І пасьля таго былі заявы аб тым, што ён цалкам падыдзе РФ для авіябазы.

Дзеля даведкі: у Беларусі некалі існавала пяць базаў далёкай авіяцыі (штаб знаходзіўся ў Смаленску). Гэта стратэгічныя бамбавікі, затым, пасьля пераўзбраеньня, – ракетаносцы з далёкім абсягам дзеяньня. Адна толькі 22-я, дарэчы, «Данбаская» дывізія мела тры палкі: Бабруйск (дзе быў штаб), Баранавічы, Мачулішчы. 75 цяжкіх самалётаў. Цэлы ракетаносны флёт. Можна было разбамбаваць усю Эўропу і ня толькі.

Нагадаю: аэрадромы ў Баранавічах і Мачулішчах па-ранейшаму выкарыстоўваюцца. У Баўбасаве каля Воршы і ў Бабруйску – трымаюцца ў добрым стане. Адно ў Зябраўцы каля Гомеля захаваўся толькі сам пас, дарэчы, для такога тыпу самалётаў яго будавалі вельмі доўгі. Спачатку два з паловай, затым тры кілямэтры, а цяпер у Расеі яго падаўжаюць да трох з паловай. Між іншым, полк цяжкіх бамбавікоў у Баўбасаве першым атрымаў некалі атамныя бомбы (1954).

Што да Бабруйску, у мяне зь ім зьвязаны пэўны сэнтымэнт, хоць я там ніколі не бываў. Так выйшла, што мяне «заплянавалі» ў Бабруйску, дзе служыў бацька. Але бацькі неўзабаве пераехалі на новае месца. Засталася адна гісторыя пра гібель экіпажу бамбавіка, бацька быў на пахаваньні. Ту-16 вяртаўся з бомбакіданьня. Абарваўся патрубак, паліва вылілася ў паветра, самалёт стаў падаць. Камандзір даў каманду быць гатовымі катапультавацца, але было ўжо занадта нізка. Малады лейтэнант ня стаў чакаць, ён загінуў. Астатнія – калі самалёт бразнуўся аб зямлю. Захаваўся адзін камандзір агнявых установак, толькі нагу зламаў.

Пачытаць сёньня гісторыю далёкай авіяцыі – суцэльныя аварыі, Ту-16 пастаянна разьбіваліся. Далі наступны, Ту-22, недапрацаваны, зноў катастрофы. Гонка ўзбраеньняў падштурхоўвала. Асабліва крывавымі бывалі вучэньні па дазапраўцы ў паветры. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Мой бацька таксама аднойчы падаў. Праўда, на іншым самалёце. Былі вучэньні. Ім нечакана далі новы вылет, але ў мітусьні не дазаправілі. Набралі належную вышыню, але пазьней сталі рэзка траціць яе, скончылася паліва. Самалёт быў добрай канструкцыі, надзейны, і камандзір вопытны. Сталі пласкасьцямі, як казалі ў авіяцыі, рэзаць хмызьнякі, селі ў балоце. Пашанцавала: была зіма, глыбокія сумёты.

На аэрадроме ў Бабруйску, як аказалася, пачынаў службу і мой цесьць. Праўда, крыху няўдала: пасьля футболу ўвесну прылёг, зямля яшчэ была халоднай, моцна заняпаў. Бацька быў паляўнічым, вылечыў барсучыным тлушчам. Нават у марское вучылішча потым узялі.

Ну а я сёньня той аэрадром магу паразглядаць з паветра, з дапамогай Гугла. І пагадаць: ці напраўду туды вернуцца аднойчы зусім непатрэбныя беларусам сёньня самалёты?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG