Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганна Кісьліцына: «Кніга Навумчыка «Дзевяноста пяты» выдатна адпавядае жанру «нон-фікшн»


Ганна Кісьліцына

Ганна Кісьліцына

Сябра журы прэміі ў галіне літаратуры «нон-фікшн» літаратуразнаўца Ганна Кісьліцына ўжо ацэньвала папярэднюю кнігу Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы», якая вылучалася на прэмію Марыі і Аляксандра Стагановічаў за творы ў сэрыі «непрыдуманай літаратуры».

Журы гэтай прэміі высока ацаніла тады кнігу Сяргея Навумчыка. Што да новай кнігі, Ганна Кісьліцына зазначыла Свабодзе:

«Кніга выдатна адпавядае жанру „нон-фікшн“. Бо што такое „нон-фікшн“ паводле вызначэньня? „Нон-фікшн“ — гэта мастацка-публіцыстычны жанр літаратуры, асноўнымі асаблівасьцямі якога зьяўляецца пагружэньне ў сьвет герояў, выключна рэалістычнае і дакумэнтальна-дакладнае адлюстраваньне падзеяў праз прызму вобразнага і эстэтычнага ўспрыняцьця аўтара. У кнігах гэтага жанру выкарыстоўваюцца мастацкія прыёмы раскрыцьця вобразаў і такая спэцыфічная кампазыцыйная арганізацыя твораў — сцэна за сцэнай. У выпадку зь Сяргеем Навумчыкам гэта ня толькі сцэна за сцэнай, але і год за годам. І можна сказаць, што гэта ў пэўным сэньсе ўзорны нацыянальны „нон-фікшн“. Бо асноўнымі крытэрамі атрыбутацыі гэтага жанру зьяўляюцца асаблівасьці вобразнай сыстэмы. Асноўныя адрозьненьні вобразаў у „нон-фікшн“ ад вобразаў мастацкай літаратуры ў тым, што яны праўдзівыя і дакладныя на ўсіх узроўнях мастацкага абагульненьня, пачынаючы з дэталяў, апісаньня самога хода падзеяў у іх гістарычнай пасьлядоўнасьці і заканчваючы высновамі і абагульненьнямі. Дарэчы, сёньня „нон-фікшн“ стаў вельмі модным жанрам сярод беларускіх аўтараў. Аднак актуальнасьць кніг Сяргея Навумчыка зьвязаная не з маркетынгам, не са стратэгіяй фармаваньня кніжнага рынку, а з тым, што ў кнігах гэтага аўтара робіцца спроба стварэньня цэласнага вобраза Беларусі як краіны з самастойнай гісторыяй».

XS
SM
MD
LG