Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магерыні: Беларусь і Эўразьвяз маюць «акно магчымасьцяў»


Фэдэрыка Магерыні

Фэдэрыка Магерыні

«Мы хочам рухацца ў кірунку далейшага паляпшэньня нашых адносінаў на падмурку ўзаемна абнадзейлівых крокаў», — заявіла вярхоўная прадстаўніца Эўразьвязу па зьнешняй палітыцы Фэдэрыка Магерыні, выступаючы 9 верасьня на сэсіі Эўрапейскага парлямэнту ў Страсбуры.

Магерыні назвала доўгачаканым крокам вызваленьне ў Беларусі палітычных вязьняў два тыдні таму. «Важна гарантаваць, каб усе былыя палітвязьні маглі цалкам карыстацца сваімі грамадзянскімі і палітычнымі правамі і, вядома ж, каб не адбылося новых палітычна матываваных зьняволеньняў», — сказала яна.

Прадстаўніца Эўразьвязу падкрэсьліла, што вельмі важным будзе тое, як пройдуць прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ў кастрычніку. «Вядома ж, мы разумеем, што сытуацыя не зьмянілася ў сыстэмным сэнсе. Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, якая дагэтуль ужывае сьмяротнае пакараньне. Грамадзянскія і палітычныя правы, такія як свабода асацыяцыяў і сабраньняў, і свабода слова і мэдыяў застаюцца абмежаванымі, а ў дадатак эканамічнае і фінансавае становішча краіны надзвычай складанае».

Магерыні вітала тое, што Беларусь пагадзілася прыняць паўнавартасную місію назіраньня за выбарамі з боку Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе. Паводле яе, на выбарах таксама чакаецца 400 кароткатэрміновых назіральнікаў.

«Упершыню ад канца 2010 году можна ўявіць больш канструктыўныя адносіны паміж Эўразьвязам і Беларусьсю, і я ўпэўненая, што варта скарыстацца момантам і прыступіць да больш пазытыўнага парадку дня ў адносінах з адным з суседзяў Эўразьвязу і ключавой дзяржавай ва [Усходнім] Партнэрстве,» — сказала Магерыні.

Прадстаўніца Эўразьвязу падкрэсьліла, што абодва бакі павінны скарыстаць «акно магчымасьцяў» у адносінах і ўзмацніць супрацоўніцтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG