Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя: Фарсу — не, выбарам — так


Круглы стол у АГП

Круглы стол у АГП

Апазыцыйныя палітыкі, якія не бяруць удзел у цяперашняй выбарчай кампаніі, выступілі з заявай, у якой назвалі першы этап выбарчай кампаніі фарсам і запатрабавалі вольных і справядлівых выбараў.

Удзельнікі «круглага стала» ў сядзібе АГП зацьвердзілі тэкст заявы апазыцыйных сіл, у якой выказалі стаўленьне да выбараў прэзыдэнта 11 кастрычніка і далейшага ўдзелу ў гэтай кампаніі. Першы этап выбараў у Беларусі ў заяве названы «фальшывай імітацыяй».

«Выбары ў Беларусі як дэмакратычны інстытут зьмены ўлады зьнішчаны кіраўніцтвам краіны і зьяўляюцца фальшывай імітацыяй.

Мы заяўляем пра свой няўдзел у выбарчым фарсе і згадваем грамадзянам краіны пра іх права, якое замацавана ў 65 артыкуле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь — асабіста вырашаць, ці ўдзельнічаць у выбарах», — напісана ў прынятай заяве.

Падпісанты заявы запатрабавалі «правядзеньня ў Беларусі вольных і сумленных выбараў па стандартах АБСЭ, якія адновяць давер людзей да дзяржавы, выведуць краіну з эканамічнага і палітычнага тупіку і створаць магчымасьці для цывілізацыйнага дэмакратычнага разьвіцьця».

Віктар Карняенка

Віктар Карняенка

Таксама ўдзельнікі «круглага стала» дамовіліся наладзіць сумесную сыстэму назіраньня за выбарамі. Паводле Віктара Карняенкі, галоўным стане пытаньне яўкі. Назіральнік мяркуе, што большасьць грамадзянаў выбары праігнаруюць, але ўлады будуць фальшаваць дадзеныя пра ўдзел у выбарах:

«Прынамсі ў Менску ў нас хопіць сілаў пракантраляваць выбары і атрымаць доказы фальшаваньня яўкі».

Грамадзкі актывіст Вацлаў Арэшка перакананы, што апазыцыі пад сілу пракантраляваць ня менш за 100 участкаў, і гэта будзе істотна, каб зафіксаваць «байкотнае галасаваньне».

Сярод тых, хто падтрымаў заяву, — лідэр АГП Анатоль Лябедзька і ягоны намесьнік Леў Марголін, Сяргей Калякін ад Партыі левых «Справядлівы сьвет», былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў, Віталь Рымашэўскі з БХД, Віктар Карняенка, Ірына Вештард з БСДГ, Алесь Арастовіч ад БСДП (НГ), апазыцыйныя палітыкі Вацлаў Арэшка і Валянціна Сьвяцкая. Пазьней заяву прапануюць для зацьверджаньня палітычным партыям і грамадзкім арганізацыям, прадстаўнікі якіх узялі ўдзел у «круглым стале».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG