Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэмль прысьпешвае Лукашэнку са стварэньнем авіябазы


Расейскі самалёт СУ-27, ілюстрацыйнае фота

Расейскі самалёт СУ-27, ілюстрацыйнае фота

Расейскі бок апублікаваў праект пагадненьня аб стварэньні авіябазы ў Беларусі. Але галоўная інтрыга ў тым, што будзе ў дадатках да пагадненьня, якія часьцей за ўсё застаюцца невядомымі.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў палітоляг Андрэй Казакевіч.

Учора на сайце расейскага ўраду быў апублікаваны тэкст праекту пагадненьня паміж Масквой і Менскам аб стварэньні расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі. Дакумэнт апублікавалі ў выглядзе пастановы ўраду РФ з прапановай Уладзімеру Пуціну падпісаць гэтае пагадненьне.

У пастанове адзначаецца, што тэкст пагадненьня быў папярэдне прапрацаваны зь беларускім бокам.

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

«Гэта працяг таго, што адбылося недзе тыдзень таму, калі было абвешчана, што расейскі ўрад будзе абмяркоўваць гэтае пытаньне. Падобна да таго, што гэта пэўны ціск робіцца на беларускае кіраўніцтва», — адзначыў у інтэрвію Радыё Свабода палітоляг-міжнароднік Андрэй Фёдараў.

Але чаму пытаньне расейскай авіябазы актуалізавалася менавіта цяпер? Экспэрт лічыць, што гэта зьвязана з абвастрэньнем адносінаў паміж Расеяй і Захадам.

«Я ня думаю, што гэта зьвязана з нашымі выбарамі. Хутчэй за ўсё, гэта выклікана абвастрэньнем адносінаў паміж Расеяй і НАТО. Паўночна-Атлянтычны альянс стварае шэсьць базаў у краінах, якія знаходзяцца побач з Расеяй, яны ствараюць навучальны цэнтар у Грузіі. Таму я думаю, што гэта збольшага адказ Масквы на тое, што робіць НАТО», — кажа Фёдараў.

Дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч лічыць, што публікацыяй тэксту праекту пагадненьня ў Крамлі хочуць нагадаць беларускім уладам, што падыходзяць тэрміны рэалізацыі папярэдніх двухбаковых дамоўленасьцяў наконт авіябазы.

Андрэй Казакевіч

Андрэй Казакевіч

«Можа, гэта і ня ціск, але фактычнае нагадваньне, што такое пытаньне ёсьць — асабліва перад выбарамі, асабліва ўлічваючы складаную эканамічную сытуацыю, асабліва ўлічваючы тое, што Беларусь цяпер актывізуе свае кантакты з Эўропай і ЗША. У гэтым кантэксьце — нагадаць, паставіць гэтае пытаньне, паказаць, што ўжо падышлі тэрміны яго вырашаць. Я б у гэтым кантэксьце ацэньваў тое, што тэкст дакумэнт стаў публічным, хоць зразумела, што кансультацыі па гэтым пытаньні даўно ідуць», — адзначыў ён у інтэрвію Радыё Свабода.

Між тым, паводле слоў Казакевіча, сам тэкст пагадненьня не зьмяшчае ў сябе нейкіх нечаканасьцяў, якія б вылучылі яго сярод аналягічных дакумэнтаў у міжнародных адносінах.

«З майго пункту гледжаньня, нічога там асаблівага няма, тым больш што там няма нейкай дэталізацыі, якая напэўна будзе ўваходзіць у нейкія дадаткі да гэтай дамовы. Тут пытаньне ў тым, наколькі цалкам гэтыя пагадненьні будуць публічнымі. Таму што нейкія рамкавыя, асноўныя пагадненьні могуць быць публічнымі, а нейкія дадаткі вельмі часта застаюцца невядомымі. Я думаю, што асноўная інтрыга будзе менавіта ў гэтым. Тое, што будзе падпісвацца афіцыйна, ня будзе ўтрымліваць нейкіх пунктаў, якія б маглі сур’ёзна выбівацца з агульнай практыкі разьмяшчэньня замежных базаў на тэрыторыі той ці іншай краіны», — лічыць палітоляг.

У праекце пагадненьня падкрэсьліваецца, што расейская авіябаза ўваходзіць у склад Адзінай рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны Расеі і Беларусі. Прымяненьне вайсковых фармаваньняў расейскай авіяцыйнай базы ў мірны час ажыцьцяўляецца ў адпаведнасьці з рашэньнем камандуючага Адзінай рэгіянальнай сыстэмай СПА.

Склад авіябазы (тып і колькасьць самалётаў, узбраеньня і вайсковай тэхнікі, а таксама колькасьць асабовага складу) у дакумэнце не прапісаны. Адзначаецца, што склад авіябазы будзе вызначацца «расейскім бокам па ўзгадненьні зь беларускім бокам».

Нерухомую маёмасьць і зямельныя ўчасткі, неабходныя для авіябазы, перадаюць у карыстаньне расейскаму боку бясплатна. Расейская база вызваляецца ад выплаты падаткаў, збораў і іншых плацяжоў у бюджэт.

Асабліва зьвяртае на сябе ўвагу артыкул 11 праекту пагадненьня, які тычыцца права на прымяненьне расейскімі вайскоўцамі зброі «па-за месцамі дысьлякацыі».

Так, напрыклад, расейскія вайскоўцы змогуць выкарыстоўваць зброю ў мэтах «адбіцьця збройнага альбо групавога нападу на расейскія воінскія эшалёны, калёны машын і адзінкавыя транспартныя сродкі, каравулы, калі іншымі спосабамі і сродкамі іх абараніць немагчыма» або пры выкананьні «баявых задач у выпадку пагрозы бясьпекі сувэрэнітэту і незалежнасьці Рэспублікі Беларусь». Частка 4 артыкула 11 пагадненьня асобна дае права прымяняць зброю расейскім вайскоўцам, якія ўваходзяць у склад каравула авіябазы і выконваюць «баявыя задачы па-за месцамі дысьлякацыі». Якія задачы «па-за месцамі дысьлякацыі» можа выконваць каравул — не ўдакладняецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG