Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Львове стартуе ХХІІ кніжны форум выдаўцоў


10 верасьня ў Львове пачынаецца штогадовы Форум выдаўцоў.

У чатырохдзённай праграме Форуму, які сёлета ладзіцца 22-гі раз, заплянавана больш за 1400 літаратурных дыскусій, кніжных прэзэнтацый, сустрэч зь пісьменьнікамі, чытаньняў і іншых захадаў.

Як адзначае ўкраінская служба Радыё Свабода, на ўдзел у сёлетнім Форуме пагадзілася менш выдаўцоў, чым летась. Адной з прычын гэтага экспэрты называюць эканамічныя цяжкасьці ва Ўкраіне. Летась кніга ў сярэднім каштавала да 50 грыўняў, цяпер — да 150 (каля 7 даляраў).

«Кніга вырасла ў цане ў некалькі разоў, гэта праблема. Расходныя матэрыялы падаражэлі. Калі летась кніга ў сярэднім была 40-50 грыўняў, то сёньня 50-150, калі цьвёрдая вокладка і прыгожы друк. Хоць у нас былі папяровыя камбінаты, львоўскі камбінат фарбаў, на сёньня ўсё закрылася, не працуе. Цэлюлёзу з Расеі прывозяць, зь іншых краінаў. Тут трэба стымуляваць, каб заходнія інвэстары заходзілі на рынак», — сказаў Радыё Свабода дырэктар выдавецтва «Піраміда» Васіль Гуткоўскі.

Нягледзячы на тое, што кніга падаражэла, попыт на ўкраінскую кнігу ёсьць. Украінскія кніжныя крамы патрабуюць больш літаратуры, выдадзенай ва Ўкраіне. Для выдаўцоў на Форуме важна даведацца пра густы ўкраінскага чытача, каб гэтыя пажаданьні ўлічыць у будучыні.

«Для нас Форум важны ня толькі таму, каб прэзэнтаваць навінкі, але і каб пагутарыць зь людзьмі. Мы хочам бачыць, што людзям трэба тое, што мы робім. Форум — гэта зрэз грамадзкай думкі; калі мы робім 40 навінак і 36 зь іх — пасьпяховыя, то мы гэта робім правільна», — кажа Назар Кавальчук, мэнэджэр «Выдавецтва Старога Льва».

На Форуме арганізатары чакаюць 50 000 наведнікаў.

Беларускую літаратуру на Форуме будзе прадстаўляць Андрэй Хадановіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG