Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інфармнапалм: Сілавыя ведамствы ў Беларусі ачольваюць людзі, якія прайшлі праз расейскі ідэалягічны апарат


Беларускі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка выступае падчас сьвяткаваньня 70-й гадавіны перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Крайні зьлева на фота - міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч у форме НКВД. 9 траўня 2015 году

Беларускі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка выступае падчас сьвяткаваньня 70-й гадавіны перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Крайні зьлева на фота - міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч у форме НКВД. 9 траўня 2015 году

На сайце informnapalm.org зьявіўся сьпіс вышэйшага вайсковага і палітычнага кіраўніцтва Беларусі, яе Ўзброеных сіл і спэцслужбаў. У сьпісе прыводзяцца біяграфічныя зьвесткі пра беларускіх генэралаў і вышэйшых афіцэраў.

Дасьледаваньне, праведзенае ўкраінскім незалежным рэсурсам, мае красамоўную назву: «Беларусь: пратэктарат Расеі ці сувэрэннае дзяржаўнае ўтварэньне?»

Свабода пагутарыла з аўтарам дасьледаваньня Дзянісам Івашыным.

«У вышэйшым вайсковым кіраўніцтве Беларусі пераважаюць людзі родам з Расеі, а таксама беларусы, якія атрымалі вышэйшую адукацыю ў Расеі. І гэта фатальна — беларускія вайсковыя ведамствы павінны ачольваць беларусы, якія скончылі беларускія ВНУ», — кажа аўтар артыкула, журналіст Дзяніс Івашын.

У дасьледаваньні прыведзены дакладны, але няпоўны сьпіс службоўцаў вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва і сілавых міністэрстваў Рэспублікі Беларусь. Паводле аўтара дасьледаваньня Дзяніса Івашына, у сьпіс увайшлі асобы, якія нарадзіліся не на тэрыторыі сёньняшняй Беларусі, а таксама тыя, хто атрымаў вышэйшую вайсковую адукацыю ў Расейскай Фэдэрацыі.

Сьпіс ахоплівае вышэйшае камандаваньне Ўзброеных сілаў, сухапутных войскаў, вайскова-паветраных сілаў, войскаў супрацьпаветранай абароны, сілаў спэцыяльных апэрацыяў, Дзяржаўнага памежнага камітэту, Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, Прэзыдыюму Савету міністраў Рэспублікі Беларусь, Савету бясьпекі Рэспублікі Беларусь, Службы бясьпекі прэзыдэнта і Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь.

Усяго ў сьпісе 62 асобы. Сярод іх міністар абароны Андрэй Раўкоў, старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Леанід Мальцаў, старшыня Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Сяргей Гурулёў, міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч, начальнік УУС Менскага аблвыканкаму Ігар Яўсееў, прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў, начальнік Службы бясьпекі прэзыдэнта Віктар Шынкевіч, старшыня КДБ Валеры Вакульчык.

Амаль усе яны альбо нарадзіліся ў Расеі, альбо атрымалі там вышэйшую адукацыю.

«Гэты сьпіс складзены на падставе крыніцаў, якія знаходзяцца ў адкрытым доступе ў інтэрнэце. Сьпіс ня поўны — не ўдалося атрымаць поўную інфармацыю пра кіроўны склад КДБ, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру і Службы бясьпекі прэзыдэнта. Біяграфічныя зьвесткі пра чыноўнікаў з гэтых структураў недаступныя для грамадзтва. З чаго можна зрабіць выснову, што ад грамадзтва хаваюць, якія задачы выконваюць гэтыя структуры», — кажа Дзяніс Івашын.

Аўтар кажа, што чытач мае сам зрабіць высновы, хто гэтыя асобы — агенты ўплыву Расейскай Фэдэрацыі ці патрыёты Беларусі.

«Але калі чалавек атрымаў вышэйшую вайсковую адукацыю ў Расеі, ён адназначна прайшоў праз ідэалягічны расейскі апарат. Калі ўзяць Украіну, то на працягу чатырох гадоў кіраваньня Януковіча там было два міністры абароны з Расеі. Расейцы фактычна кіравалі ўкраінскай арміяй і прывялі яе да таго стану, у якім яна была на пачатку 2014 году — абсалютна не магла супрацьстаяць расейскай навале», — кажа Дзяніс Івашын.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG