Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША дапамогуць вырашыць міграцыйны крызіс


Вэнгрыя - Мігранты крочаць па шашы да мяжы з Аўстрыяй, з Будапэшту. 4 верасьня 2015 году
Вэнгрыя - Мігранты крочаць па шашы да мяжы з Аўстрыяй, з Будапэшту. 4 верасьня 2015 году

У сераду Злучаныя Штаты абяцалі прыняць новых уцекачоў з Сырыі і іншых краінаў, у той час як Эўразьвяз анансаваў абавязковы да выкананьня плян квотаў на расьсяленьне 160000 мігрантаў.

Пасьля сустрэчы з заканадаўцамі ў Кангрэсе дзяржсакратар ЗША Джон Кэры заявіў:

«Мы старанна абдумваем, якую канкрэтна колькасьць уцекачоў мы зможам прыняць у сувязі з крызісам у Сырыі і Эўропе. У цяперашні момант па гэтым пытаньні вядзецца поўнамаштабная праверка», — паведамляе Голас Амэрыкі.

Кіраўнік Эўракамісіі Жан-Клод Юнкер заклікаў краіны ЭЗ прыняць тысячы ўцекачоў дадаткова цягам наступных двух гадоў, аднак некаторыя краіны пярэчаць супраць сыстэмы квотаў.

«Эўропу, у якой я хачу жыць, увасабляюць людзі, якія дапамагаюць іншым, — сказаў Юнкер, выступаючы ў Эўрапарлямэнце.— Эўропа, у якой я не хачу жыць, гэта Эўропа, якая адмаўляе тым, хто мае патрэбу ў дапамозе».

Аднак, урады Чэхіі і Славакіі па-ранейшаму выступаюць рашуча супраць квотаў, неабходных, па словах Юнкера, для таго, каб справіцца з самым маштабным з часоў Другой сусьветнай вайны міграцыйным крызісам.

«Я выступіў супраць квотаў, таму што я не лічу квоты рэальным рашэньнем міграцыйнага крызісу», — заявіў прэм’ер-міністар Чэхіі Багуслаў Саботка на гэтым тыдні, калі сталі вядомыя дэталі пляну Эўракамісіі.

Прэм’ер-міністар Славакіі Робэрт Фіцо выказаў асьцярогі, што разам з уцекачамі на тэрыторыю Эўропы могуць пранікнуць тэрарысты. Большасьць мігрантаў імкнецца ўладкавацца ў найбольш заможных заходнеэўрапейскіх краінах, асабліва ў Нямеччыне і Швэцыі.

«Калі тэрарысты групуюцца ў Сырыі, як можна адрозьніць іх ад іншых мігрантаў, якія перасякаюць межы Эўрапейскага зьвязу без усялякага кантролю?» — сказаў Фіцо.

У адпаведнасьці з плянам, больш за ўсё ўцекачоў прымуць Нямеччына, Францыя і Гішпанія, сьледам за імі — Польшча, Нідэрлянды, Румынія, Бэльгія і Швэцыя.

Думка пра неабходнасьць квотаў выклікала неадназначную рэакцыю і бурнае асуджэньне з боку Вугоршчыны і іншых дзяржаваў Цэнтральнай Эўропы.

Новая сыстэма расьсяленьня ўцекачоў будзе ўлічваць эканамічныя паказчыкі кожнай краіны, колькасьць насельніцтва, узровень беспрацоўя і колькасьць уцекачоў, якіх краіна ўжо пагадзілася прыняць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG