Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алянд, Мэркель, Парашэнка і Пуцін дамовіліся сустрэцца ў Парыжы


(Зьлева направа) Прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін, прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд на сустрэчы па ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу ў Менску, 11 лютага 2015 году

(Зьлева направа) Прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін, прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд на сустрэчы па ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу ў Менску, 11 лютага 2015 году

Лідэры чатырох краінаў «нармандзкай чацьвёркі» па тэлефоне дамовіліся аб сустрэчы сваіх кіраўнікоў МЗС у Бэрліне 12 верасьня, а асабіста сустрэцца плянуюць у пачатку кастрычніка ў Парыжы, паведамілі прэс-службы ўсіх чатырох кіраўнікоў.

У прыватнасьці, як паведамілі ў Кіеве, у часе размовы прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі з канцлерам ФРГ Ангелай Мэркель, прэзыдэнтамі Францыі Франсуа Аляндам і Расеі Ўладзімерам Пуціным «лідэры Ўкраіны, Нямеччыны і Францыі пагадзіліся, што правядзеньне псэўдавыбараў у асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей будзе парушэньнем менскіх дамоўленасьцяў і паставіць пад пагрозу ўвесь працэс далейшага палітычнага ўрэгуляваньня».

Сярод іншага, прэзыдэнт Украіны адзначыў неабходнасьць вываду ўсіх замежных войскаў з акупаваных тэрыторыяў і аднаўленьня поўнага кантролю Ўкраіны над дзяржаўнай мяжой, а таксама заклікаў неадкладна вызваліць усіх украінскіх закладнікаў, у тым ліку і тых, хто незаконна ўтрымліваецца ў расейскіх турмах — Алега Сянцова, Аляксандра Кольчанку і Надзею Саўчанку, гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Парашэнкі.

У паведамленьні з Бэрліна пацьверджана толькі, што бакі дамовіліся аб неабходнасьці дасягнуць наступнымі тыднямі дамоўленасьці пра час і мадальнасьці мясцовых выбараў у асобных раёнах Данбасу, якія павінны грунтавацца на заканадаўстве Ўкраіны і стандартах БДІПЧ АБСЭ.

Згадак пра гэта ў прэс-рэлізе Элісейскага палацу няма. Там зазначана, што трэба вызначыць узгодненую дату арганізацыі мясцовых выбараў у асобных раёнах Данбасу, і паралельна «неабходна весьці працу па мадальнасьці гэтых выбараў і па прасоўваньні ў бок мясцовага самакіраваньня».

У Крамлі ж паведамілі, што расейскі прэзыдэнт «акцэнтаваў неабходнасьць хутчэйшага наладжваньня паўнавартаснага прамога дыялёгу паміж кіеўскай уладай і прадстаўнікамі паўднёвага ўсходу».

Акрамя таго, у паведамленьні з Масквы названая дакладная дата асабістай сустрэчы чатырох лідэраў, якой няма ў трох іншых прэс-рэлізах — 2 кастрычніка.

Усе чатыры прэс-службы паведамілі, што бакі віталі выкананьне апошнім часам рэжыму спыненьня агню на лініі супрацьстаяньня і іншы прагрэс, дасягнуты ў працы Трохбаковай кантактнай групы, і заклікалі як мага хутчэй заключыць і выканаць дамоўленасьць аб адводзе ўзбраеньняў калібра да 100 мілімэтраў.

Фармат «нармандзкай чацьвёркі» быў сфармаваны ў чэрвені 2014 году — пасьля сустрэчы лідэраў Украіны, Францыі, ФРГ і Расеі ў францускай Нармандыі на ўрачыстасьцях з нагоды 70-годзьдзя высадкі войскаў саюзьнікаў.

Папярэдняя асабістая сустрэча «чацьвёркі» адбылася ў лютым 2015 году, тады па яе выніках былі заключаныя чарговыя менскія дамоўленасьці, вядомыя як комплекс захадаў або «Менск-2».

XS
SM
MD
LG