Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы інфарматар спэцслужбаў камуністычнай Польшчы можа стаць амбасадарам у Беларусі


Януш Скалімоўскі (фота з твітэру журналіста Цэзарыя Гмыза)

Януш Скалімоўскі (фота з твітэру журналіста Цэзарыя Гмыза)

Камісія ў міжнародных справах польскага сэйму падтрымала кандыдатуру Януша Скалімоўскага на пасаду амбасадара ў Менску. Гэты дыплямат быў інфарматарам тайных службаў камуністычнай Польшчы.

Як паведаміў карэспандэнт TV Republika і тыднёвіка «Do Rzeczy» Цэзары Гмыз, які сачыў за пасяджэньнем сэймавай камісіі ў міжнародных справах, за кандыдатуру Скалімоўскага выказалася дзевяць сяброў камісіі. Супраць галасавалі тры.

Падчас слуханьняў кандыдат у амбасадары прызнаўся, што супрацоўнічаў з польскім вайсковым аташэ ў Лёндане і выкладаў у Акадэміі ўнутраных справаў.

Раней журналісты TV Republika распавялі, што Януш Скалімоўскі вучыўся дыпляматыі ў Савецкім Саюзе ў 1970-х гадах. Скончыў дыпляматычную акадэмію ў Маскве, дзе пасьля заняў пасаду першага сакратара амбасады ПНР. У часы посткамуністычнай Польшчы быў амбасадарам у Дубліне і Вільні. Шмат гадоў падтрымлівае палякаў з «крэсаў».

У Інстытуце нацыянальнай памяці захаваліся дакумэнты, зь якіх вынікае, што ён сьвядома стаў інфарматарам спэцслужбаў ПНР у 1989 годзе, незадоўга перад перамовамі за круглым сталом уладаў і апазыцыі. Як дыплямат сярод іншага меў заданьне «распрацоўваць» польскую эміграцыю. Сёньня займае пасаду старшыні фонду «Дапамога палякам на Ўсходзе».

Падаючы люстрацыйную заяву, Скалімоўскі прызнаўся ў супрацоўніцтве з органамі бясьпекі ПНР. Паводле Закону аб люстрацыі, асобам, якія прызналіся ў супрацоўніцтве зь дзяржбясьпекай, не пагражае ані люстрацыйны працэс, ані іншыя наступствы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG