Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Місія ААН зафіксавала факты масавых забойстваў баевікамі цывільных асобаў на Данбасе


Сытуацыя ў зоне баявых дзеяньняў на 9 верасьня 2015
Сытуацыя ў зоне баявых дзеяньняў на 9 верасьня 2015

Маніторынгавая місія ААН па правах чалавека ва Ўкраіне зафіксавала факты масавых забойстваў цывільных асобаў, выкраданьні людзей, катаваньні, сэксуальны гвалт, прымусовую працу і вымагальніцтва грошай баевікамі на Данбасе.

Пра гэта гаворыцца ў камэнтары МЗС Украіны ў сувязі з публікацыяй 11-га дакладу Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека пра становішча ў галіне правоў чалавека ва Ўкраіне.

Даклад ахоплівае пэрыяд з 16 траўня да 15 жніўня 2015 году.

«Сабраная маніторынгавай місіяй інфармацыя стала чарговым сьведчаньнем вельмі нэгатыўнага ўплыву расейскай агрэсіі супраць Украіны на сытуацыю з правамі чалавека. У прыватнасці, выразна канстатуецца ўплыў зьнешніх фактараў — такіх як пастаўкі з тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі ваенных сіл, узбраеньняў і боепрыпасаў на Данбас — на правы чалавека ў рэгіёне», — гаворыцца ў паведамленьні.

Адзначаецца, што даклад мае важнае значэньне як дакумэнтаваньне злачынстваў, учыненых незаконнымі ўзброенымі фармаванньямі, якія падтрымліваюцца Расеяй, на ўсходзе Ўкраіны.

Ва ўкраінскім МЗС адзначаюць, што значная ўвага ў дакладзе ААН нададзена сытуацыі ў акупаваным Расеяй Крыме, «дзе правы крымскіх татараў і этнічных украінцаў зазнаюць сыстэмныя парушэньні».

Прэзэнтацыя дакладу маніторынгавай місіі ААН па правах чалавека пра сытуацыю ва Ўкраіне адбылася 8 верасьня ў Жэнэве.

Расея анэксавала ўкраінскі Крым у сакавіку 2014 году. Кіеў і Захад лічаць паўвостраў тэрыторыяй Украіны.

Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ў падтрымцы прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе. Масква гэтыя абвінавачваньні абвяргае, заяўляючы, што на Данбасе няма расейкіх вайскоўцаў, але ёсьць «добраахвотнікі».

Баявыя дзеяньні на Данбасе працягваюцца з красавіка 2014 году. За гэты час, паводле дадзеных ААН, там загінулі амаль 8 тысяч чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG