Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Журналістаў, аштрафаваных на 55 мільёнаў, узнагародзілі за адданасьць прафэсіі


Кастусь Жукоўскі, Натальля Крывашэй

Кастусь Жукоўскі, Натальля Крывашэй

Гомельская філія ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» уганаравала мясцовых фрылансэраў Кастуся Жукоўскага і Натальлю Крывашэй адмысловымі дыплёмамі «За адданасьць прафэсіі».

Рашэньне прынята напярэдадні, у Міжнародны дзень салідарнасьці журналістаў, на сходзе філіі.

«У конкурсе ўдзельнічалі журналісты зь Берасьця, Гомеля, Менску. Перавагу сябры філіі аддалі Кастусю Жукоўскаму і Натальлі Крывашэй, таму што яны пры выкананьні прафэсійных абавязкаў сапраўды зазнавалі значныя перашкоды, годна іх пераадольвалі, мужна адстойваючы свае правы на прафэсійную дзейнасьць. Гэта адна з адметнасьцяў і ўмоваў заснаванага намі конкурсу», — кажа старшыня Гомельскай філіі ГА «БАЖ» Анатоль Гатоўчыц.

Куды б ні паехалі фрылансеры зь відэакамэрай — у Рэчыцкі, Нараўлянскі, Лоеўскі, Буда-Кашалёўскі, Рагачоўскі раён, — іх амаль паўсюль перасьледавала міліцыя, альбо на іх наўздагон складалі адміністрацыйныя пратаколы за працу без акрэдытацыі і незаконны выраб прадукцыі СМІ, якая, як пазначалася ў пратаколах, дэманстравалася на спадарожнікавым тэлеканале «Белсат» (Польшча).

«Сёлета супраць мяне міліцыя склала 8 адміністрацыйных пратаколаў. Было ўжо шэсьць судоў за так званы незаконны выраб прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі і адзін суд нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце — гэта калі я здымаў на відэа пікетоўца-інваліда ў Сьветлагорску. Натальлю Крывашэй суды штрафавалі чатыры разы. Агулам сума нашых штрафаў склала 55,8 мільёна рублёў. Гэтулькі каштавала нам свабода слова ў Беларусі», — падсумоўвае гомельскі журналіст-фрылансэр Кастусь Жукоўскі.

Агулам сума нашых штрафаў склала 55,8 мільёна рублёў. Гэтулькі каштавала нам свабода слова ў Беларусі

Натальля Крывашэй лічыць, што ў сваім жаданьні прыдушыць распаўсюд незалежнай інфармацыі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў улады даходзяць да сьмяхоцьця, да абсурду.

«У Рагачове, — згадвае Натальля, — судзьдзя Крайнікаў на падставе міліцэйскага пратаколу пакараў мяне на 6 мільёнаў 300 тысяч рублёў за тое, што я стаяла побач з гараджанінам, які распавядаў пра склады, заваленыя нерэалізаванай згушчонкай, і, як сказана ў судовай пастанове, „кіўкамі галавы і мімікай твару падтрымлівала яго, гэта значыць, падахвочвала да размовы“».

Журналісты-фрылансэры імкнуцца абскарджваць пакараньні штрафамі ў вышэйшых судовых інстанцыях, але пакуль безвынікова.

«Разам з Жукоўскім і Крывашэй цяпер мы рыхтуем наглядныя скаргі ў Вярхоўны суд. Калі штрафы ня будуць адмененыя, зьвернемся ў Камітэт ААН па правах чалавека — будзем супольна адстойваць права на свабоду слова, на бесьперашкодны збор і распаўсюд інфармацыі, гарантаваныя Канстытуцыяй і міжнароднымі пагадненьнямі, якія падпісала Беларусь», — паведаміў гомельскі праваабаронца, юрыст Леанід Судаленка, які дапамагае аштрафаваным журналістам-фрылансэрам.

XS
SM
MD
LG