Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Класкоўскі: Можа быць падкінута і такая думка — «ужо лепей Лукашэнка, чым Пуцін на танках»


Чаму Масква зноў ставіць пытаньне пра расейскую авіябазу ў Беларусі, разумеючы, што гэта падрывае імідж Лукашэнкі ў вачах беларускага электарату? Як кіраўнік Беларусі можа адказаць на гэты выклік? Ці сапраўды Крэмль гатовы пайсьці на дэстабілізацыю ўнутранай сытуацыі ў Беларусі?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі і старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

Цыганкоў: Чаму Масква падчас выбарчай кампаніі ставіць пытаньне пра расейскую авіябазу ў Беларусі, разумеючы, што гэта не прыносіць карысьць Лукашэнку і падрывае ягоны імідж у вачах беларускага электарату?

«У вачах Масквы Беларусь была і застаецца стратэгічным пляцдармам, бальконам»

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Лябедзька: Думаю, тут ня ставіцца нейкіх стратэгічных мэтаў. Проста — пацягаць Аляксандра Лукашэнку за вус, ушчыкнуць. Нагадаць пра тое, што ёсьць шворка, на якой знаходзіцца беларускі правіцель. І даўжыня яе не павінна быць настолькі доўгай, каб ён заставаўся без кантролю.

Цыганкоў: Але — хіба няма і стратэгічных мэтаў? З дапамогай авіябазы прывязаць Беларусь намертва вайскова-палітычным чынам?

Лябедзька: У Крамлі добра разумеюць, што цяпер Лукашэнка не гатовы гэтае пытаньне абмяркоўваць. Прынамсі, ён папросіць нейкі тайм-аўт да завяршэньня выбараў.

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Класкоўскі: Каб зразумець лёгіку Масквы, трэба выйсьці за межы гэтага трохкутніка (Крэмль — Лукашэнка — выбары). Сапраўды, іміджавыя страты для Лукашэнкі ўжо ёсьць — праз тое, што Масква вынесла гэтае пытаньне ў публічную прастору. Але яна вынесла яго ня дзеля таго, каб паказаць даўжыню шворкі — а таму, што Масква мысьліць глябальнымі катэгорыямі. Перш за ўсё, яны хочуць паказаць «наш адказ Чэмбэрлену» — Штатам, НАТО. Беларусь тут, уласна, паколькі-пастолькі. У вачах Масквы яна была стратэгічным пляцдармам, бальконам — так і застаецца.

Цыганкоў: А як Лукашэнка можа рэагаваць на зьяўленьне гэтай тэмы?

Класкоўскі: Пакуль беларускі бок выбраў фігуру змаўчаньня, і гэта традыцыйны прыём у такіх сытуацыях. За кулісамі Маскве, магчыма, адказваюць — ну дык што вы, хлопцы, пачакайце, трэба ж кампанію правесьці. А потым — па сытуацыі. Раптам Маскву заходнікі настолькі прыціснуць, што ёй будзе не да гэтых плянаў. Калі ж будзе абвастрэньне — то мы памятаем, як было з Абхазіяй і Паўднёвай Асэтыяй. Лукашэнка тады раптам узгадаў пра парлямэнт, які гэтае пытаньне разгледзіць, а можа, у дэпутатаў будзе іншая думка. Такім чынам праблему можна зацягваць на месяцы.

«Мы бачым крызіс выбарчай мадэлі, і ёсьць рэальная пагроза, што выбарчыя ўчасткі акажуцца паўпустымі»

Цыганкоў: Чаму палітолягі, якіх некаторыя называюць праўладнымі, загаварылі пра магчымасьць дэстабілізацыі Масквой сытуацыі ў Беларусі? На вашу думку, ці сапраўды Масква цяпер разглядае і такія варыянты?

Лябедзька: Я думаю, што выбарчая кампанія — гэта ня толькі падзея для Беларусі, але і шанец Крамлю нагадаць пра сябе і накіраваць пэўнае пасланьне. Асабліва на фоне спробаў Лукашэнкі павярнуцца тварам да Захаду. Што да гэтых дыскусіяў, то яны зьвязаныя з выбарчай кампаніяй у Беларусі. Бо для многіх аналітыкаў было нечаканасьцю тое, што людзі ў сваёй большасьці з апатыяй рэагуюць на выбарчую кампанію. Мы бачым крызіс выбарчай мадэлі, і ёсьць рэальная пагроза, што выбарчыя ўчасткі акажуцца паўпустымі. Вядома, ёсьць адміністрацыйны рэсурс, залежнасьць 80 працэнтаў грамадзянаў ад улады. Але разам з тым крызіс выводзіць людзей за межы звычайнага страху і робіць іх больш актыўнымі. Таму для Лукашэнкі важна размаўляць ня толькі са сваім электаратам, і ён спрабуе працаваць на полі апанэнтаў. Калі разьвіваць тэму пагрозы незалежнасьці, то можна частку «не свайго» электарату мабілізаваць, каб яны альбо пайшлі на ўчасткі, альбо, прынамсі, не агітавалі за байкот.

Вакол выбараў круцілася раней уся краіна — а цяпер нічога ня круціцца, мэханізм зламаны

Цыганкоў: То бок улада перастаралася ў замарожваньні грамадзтва — і цяпер спрабуе, наадварот, яго разварушыць?

Лябедзька: Я думаю, гэта не апошні крок. Мы можам убачыць Лукашэнку, які грае на гармоніку, каб заклікаць людзей прыйсьці на ўчасткі. Мадэль працавала дастаткова эфэктыўна для ўлады. Вакол выбараў круцілася раней уся краіна — а цяпер нічога ня круціцца, мэханізм зламаны. І перад уладай пытаньні — што рабіць з мадэльлю, якая перастала працаваць.

Класкоўскі: Улады зацікаўленыя ў тым, каб падаць Лукашэнку як незалежніка, які ратуе Беларусь ад імпэрскай пагрозы. Але гэты мэсыдж накіраваны не на шырокі электарат. Бо афіцыйны дыскурс застаецца такі: «Мы з Масквой хаўрусьнікі, ніколі Пуцін на нас нападаць ня будзе». Але ў больш вузкай прасторы, з разьлікам на людзей, для якіх незалежнасьць — звышкаштоўнасьць, рыхтуюцца такія тэзы — «дагуляемся, што страцім Беларусь, і з двух ліхаў трэба выбіраць меншае». Гэта распрацоўка адной зь перадвыбарчых опцыяў, калі можа быць закінута і такая думка — «ужо лепей Лукашэнка, чым Пуцін на танках».

Хаця, калі пераходзіць да прагнозу, то, я думаю, Маскве цяпер не да таго, каб муціць у Беларусі. Бо трэба альбо браць яе цалкам, альбо ўся Беларусь можа пайсьці ўразнос. І невядома, куды гэта можа прывесьці Беларусь.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG