Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цярэшчанка заклікае Гайдукевіча, Караткевіч і Ўлаховіча «зьняцца з фальшаваных выбараў»


Віктар Цярэшчанка, архіўнае фота

Віктар Цярэшчанка, архіўнае фота

Віктар Цярэшчанка 9 верасьня заявіў, што выходзіць з прэзыдэнцкай кампаніі. Адначасова ён заклікаў трох кандыдатаў, якія застаюцца патэнцыйнымі супернікамі Аляксандра Лукашэнкі, «ня пэцкаць сваё чэснае імя і зьняць свае кандыдатуры з будучых фальшаваных выбараў».

Сваё рашэньне Віктар Цярэшчанка тлумачыць так:

«Я вымушаны зрабіць гэта ў сувязі з рэальнай пагрозай для майго жыцьця і пагрозамі маёй сям’і. На мяне і на сябраў маёй каманды ідзе вельмі моцны ціск, у тым ліку і празь непасрэдныя пагрозы фізычнай расправы і крымінальнага перасьледу з боку ўлады».

Былы патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта падкрэсьлівае, што яго атручваньне — «гэта зусім ня жарт і ня чыйсьці розыгрыш. Я па-ранейшаму маю сур’ёзныя праблемы са здароўем, і ніхто са спэцыялістаў дагэтуль ня даў тлумачэньня, што адбылося са мною насамрэч. Ёсьць падазрэньні, што ў маім арганізьме знаходзяцца рэшткі хімічных рэчываў».

Спадар Цярэшчанка таксама заяўляе, што ягонае першапачатковае рашэньне балятавацца на прэзыдэнта было асэнсаваным:

«Я хачу, каб Беларусь была свабоднай краінай з дэмакратычнай уладай і эфэктыўнай эканомікай. Я ведаю, якімі павінны быць рэформы».

У заяве таксама гаворыцца, што яшчэ да вызваленьня Мікалая Статкевіча Віктар Цярэшчанка ўвайшоў у склад ягонай ініцыятыўнай групы. А ў якасьці кандыдата на прэзыдэнта зьбіраўся патрабаваць вызваленьня ўсіх палітвязьняў:

«На шчасьце, яны на волі. Але мы павінны разумець, і вы можаце бачыць гэта на маім прыкладзе, што ніводзін грамадзянін Беларусі ня можа быць упэўнены, што цяперашняя сыстэма не пасадзіць яго ў турму, не атруціць альбо не заб’е».

На заканчэньне заявы спадар Цярэшчанка дзякуе ўсім, хто паставіў за яго подпісы і падтрымаў:

«Сябры, мы не павінны здавацца. Дыктатарскі рэжым хутка рухне, а час для па-сапраўднаму моцнай і квітнеючай Беларусі абавязкова прыйдзе.

Наша краіна будзе багатай і вольнай. Разам мы пераможам! Жыве Беларусь!»

Раней Цэнтрвыбаркам Беларусі размясьціў папярэднія звесткі аб усталяваньні тэрытарыяльнымі камісіямі колькасьці выбаршчыкаў, якія паставілі подпісы ў падтрымку вылучэньня патэнцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта.

Паводле афіцыйных зьвестак, колькасьць сапраўдных подпісаў у падтрымку Віктара Цярэшчанкі склала 6699. Такім чынам Віктар Цярэшчанка фармальна не сабраў неабходных для рэгістрацыі 100 тысяч подпісаў і выбыў з выбарчай кампаніі. Рэгістрацыя кандыдатаў ЦВК заплянаваная на 10 верасьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG