Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандр Сакураў: «Наша і мусульманская эстэтыкі несумяшчальныя»


Аляксандр Сакураў

Аляксандр Сакураў

Вядомы расейскі рэжысэр Аляксандр Сакураў лічыць, што Эўропа робіць памылку, упускаючы натоўпы мусульманскіх мігрантаў.

Адказваючы журналістам на кінафэстывалі ў Вэнэцыі на пытаньне пра мігрантаў, Сакураў — паводле Першага расейскага тэлеканалу, які цытуе італьянскую газэту Corriere della Sera — сказаў:

«Эўропа, якая дасягнула вяршыняў у мастацтве і філязофіі, працягвае рабіць памылку за памылкай. Тое, што адбываецца, гэтыя бясконцыя і бессэнсоўныя ўварваньні, падаюцца невымоўным кашмарам. Гуманітарнай катастрофай, перад якой грамадзяне бездапаможныя, а палітыкі бязьдзейнічаюць».

На фэстывалі ў Вэнэцыі Аляксандр Сакураў прадстаўляў свой фільм «Франкафонія» пра выратаваньне эўрапейскіх культурных каштоўнасьцяў у часы нямецкай акупацыі Эўропы. У паводзінах баевікоў «Ісламскай дзяржавы» Аляксандр Сакураў бачыць выразную гістарычную аналогію з тым, што адбывалася з культурнымі каштоўнасьцямі якраз у гады Другой сусьветнай вайны.

«Наша і мусульманская эстэтыкі несумяшчальныя. З усёй павагай, але мы павінны захоўваць дыстанцыю. Абараняць нашу культуру ад іканаборскага шаленства, якое яе разбурае. На тое, што адбылося ў Пальміры, не адважыліся б нават нацысты», — цытуе Сакурава Corriere della Sera ў пераказе расейскага тэлебачаньня.

Сакураў дадаў, што ён зусім ня супраць таго, каб эўрапейцы дапамагалі тым, хто сапраўды мае патрэбу — старым, жанчынам і дзецям. Але ён ня можа зразумець, адкуль сярод прыежджых дзясяткі тысяч маладых людзей з паводзінамі пераможцаў.

«Што робяць вашы генэралы Паўночна-Атлянтычнага блёку са сваімі мэдалямі? Яны што робяць? — пытаўся ў Вэнэцыі расейскі рэжысэр. — Чаму на Блізкім Усходзе разьвіваецца гэтая жахлівая гісторыя са зьнішчэньнем помнікаў культуры? Для чаго патрэбны Паўночна-Атлянтычны блёк? Для таго, каб ваяваць з Расеяй? Я ім кажу: вы ня будзеце ваяваць з Расеяй, гэта марна! Або вы дачакаецеся, што генэралы пачнуць у кабінэтах слаць дыванчыкі і чатыры разы на дзень рабіць намаз. Вы гэтага хочаце?»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG