Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПАРЭ вялікія чаканьні наконт прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, — Янукевіч


Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Дэлегацыя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, якая знаходзіцца зь візытам у Менску, сустрэлася зь лідэрамі беларускай апазыцыі і патэнцыйнымі кандыдатамі ў прэзыдэнты.

У сустрэчы бралі ўдзел лідэры апазыцыйных партыяў Анатоль Лябедзька, Павал Севярынец, Сяргей Калякін, Аляксей Янукевіч, Ірына Вештард, а таксама тры прэтэндэнты на прэзыдэнцкую пасаду — Тацяна Караткевіч, Мікалай Улаховіч і Жанна Раманоўская.

У інтэрвію Радыё Свабода Аляксей Янукевіч распавёў, што ўдзельнікі сустрэчы зь беларускага боку выказвалі свае меркаваньні наконт прэзыдэнцкай кампаніі і наагул сытуацыі ў Беларусі.

Апазыцыйныя палітыкі крытычна ацанілі выбарчую кампанію. Аляксей Янукевіч зьвярнуў увагу на неабходнасьць доўгатэрміновай стратэгіі адносінаў зь Беларусьсю.

«На маю думку, занадта шмат аптымізму гучыць у выказваньнях розных замежных палітыкаў і прадстаўнікоў міжнародных арганізацыяў адносна тых падзеяў, які адбываюцца сёньня ў Беларусі. Ёсьць шмат чаканьняў ад прэзыдэнцкіх выбараў — зрэшты, гэта досыць адкрыта і гаворыцца, што сапраўды замежныя палітыкі чакаюць, што выбары будуць значна больш свабоднымі і адкрытымі, чым гэта было раней.

У нас, зь беларускага боку, у гэтым ёсьць сумневы, і я выказаў перасьцярогу, каб не было нейкіх пасьпешлівых высноваў. Каб, з аднаго боку, не было рэакцыі, што сапраўды былі спадзяваньні, яны ня спраўдзіліся, Беларусь страчаная і трэба махнуць на сытуацыю рукой — на маю думку, гэта было б вельмі кепска.

Зь іншага боку, сапраўды ёсьць перасьцярога, што ў тым выпадку, калі будуць нейкія пазытыўныя зрухі, які не ўплываюць на функцыянаваньне ўсёй сыстэмы, будзе спакуса сказаць, што — ну вось, былі паляпшэньні і сытуацыя выпраўляецца, сытуацыя палепшылася і пытаньне зьнятае — гэта таксама было б памылкова.

Я выказаў меркаваньне, што фактычна ўнутры краіны пасьля прэзыдэнцкіх выбараў наўрад ці нешта зьменіцца істотна і што магчымыя зьмены да лепшага, відавочна, запатрабуюць значна большага часу і значна большых намаганьняў.

Я заклікаў да таго, каб стратэгія падтрымкі дэмакратычных зьменаў у Беларусі не была замкнутая на прэзыдэнцкія выбары, каб яна была значна больш доўгатэрміновая і каб пад яе было распрацавана пэўнае стратэгічнае бачаньне», — заявіў лідэр Партыі БНФ.

Янукевіч адзначыў, што самі прадстаўнікі ПАРЭ падчас сустрэчы гаварылі вельмі няшмат — яны пераважна слухалі тое, што казалі прадстаўнікі Беларусі.

«Збольшага яны ўстрымліваліся ад ацэнак сытуацыі, яны больш казалі пра тое, зь якой мэтай яны прыехалі і якія ёсьць чаканьні ад працэсу выбараў у будучыні.

Чаканьні ў іх сапраўды досыць вялікія ў сувязі з тым, як разгортваюцца падзеі ў нейкіх знакавых кірунках (у прыватнасьці, вызваленьне палітычных вязьняў, умовы для працы ініцыятыўных групаў).

Іх таксама цікавілі нашы прагнозы на тое, як будзе адбывацца агітацыя, якія будуць магчымасьці, як будзе адбывацца падлік галасоў.

Але насамрэч у прадстаўнікоў ПАРЭ ёсьць дастаткова вялікія чаканьні адносна таго, што гэтыя выбары будуць істотна адрозьнівацца ад папярэдніх», — кажа палітык.

Учора дэлегацыя ПАРЭ таксама сустрэлася зь беларускімі праваабаронцамі і прадстаўнікамі грамадзкіх арганізацыяў, са сьпікерам Палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Андрэйчанкам і старшынём Савету Рэспублікі Міхаілам Мясьніковічам. Дэлегацыя яшчэ павінна сустрэцца са старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай і міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем.

Папярэдняя місія назіральнікаў ПАРЭ будзе знаходзіцца ў Менску да 10 верасьня. Місія ПАРЭ вернецца ў Беларусь празь месяц, каб назіраць за галасаваньнем падчас прэзыдэнцкіх выбараў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG