Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія самалёты працягваюць палёты ў Сырыю. ЗША занепакоеныя


Расейскі самалёт Ан-124 «Руслан»

Расейскі самалёт Ан-124 «Руслан»

Расея павялічыла колькасьць палётаў транспартных самалётаў у Сырыю. У Злучаных Штатах абураюцца.

У аўторак некалькі амэрыканскіх СМІ са спасылкай на крыніцы ў амэрыканскай выведцы паведамілі, што Расея павялічыла колькасьць палётаў транспартных самалётаў у Сырыю.

Паводле зьвестак тэлекампаніі Foxnews, у апошнія дні было зафіксавана некалькі палётаў расейскіх самалётаў у Сырыю. У аўторак у аэрапорце Латакіі на міжземнаморскім узьбярэжжы краіны прызямліўся расейскі Ан-124 «Руслан», найбуйнейшы ў сьвеце ваенна-транспартны самалёт.

Інфармацыйнае агенцтва France Presse паведамляе, што ў аэрапорт Латакіі ў апошнія дні зьдзейсьнілі палёты два Ан-124 і расейскі пасажырскі самалёт.

У канцы мінулага тыдня газэта The New York Times напісала, што Расея даставіла ў Латакію зборныя дамы і абсталяваньне для кантролю за паветраным рухам, што прымусіла амэрыканскіх вайскоўцаў выказаць здагадку, што Расея мае намер арганізаваць там базу для вядзеньня паветраных апэрацыяў.

У аўторак Белы дом выказаў асьцярогі з нагоды сырыйскіх плянаў Крамля.

«Мы далі зразумець, што Злучаныя Штаты занепакоеныя паведамленьнямі пра тое, што Расея магла дысьлякаваць у Сырыі дадатковы вайсковы пэрсанал і самалёты», — заявіў прэс-сакратар Белага дома Джош Эрнэст.

Паводле яго слоў, гэтыя крокі могуць прывесьці да росту стратаў сярод мірнага насельніцтва, павялічыць плынь уцекачоў і прывесьці да канфрантацыі з кааліцыяй, якая вядзе дзеяньні супраць групоўкі «Ісламская дзяржава».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG