Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Чэхіі заклікаў дапамагаць уцекачам з Украіны, а ня з Афрыкі


Мілаш Зэман

Мілаш Зэман

Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман заявіў, што Чэхія павінна даць дапамогу ўцекачам з Украіны, а не з такіх «культурна аддаленых» рэгіёнаў, як Афрыка або Блізкі Ўсход.

Выступаючы перад кіраўніцтвам і грамадзянамі горада Іглава, ён заявіў, што, на яго думку, ужо ў бліжэйшым часе можа дайсьці да новай хвалі ўцекачоў з Украіны.

Украінскім уцекачам трэба дапамагчы, «украінцы працавітыя і значна бліжэйшыя да нашай культуры», — заявіў Зэман.

Затое прымаць уцекачоў з Блізкага Ўсходу па так званых квотах ЭЗ прэзыдэнт Чэхіі рашуча ня згодны. На яго думку, гэтыя ўцекачы далёкія ад чэхаў па культуры. «І хоць гэта цяпер здаецца ўтопіяй, і будучыня можа паказаць, ці не дайшло ў нашай краіне да стварэньня тэрарыстычных ячэек», — дадаў Зэман.

Паводле інфармацыі Міністэрства ўнутраных справаў Чэхіі, за 8 месяцаў гэтага года прытулку ў Чэхіі папрасілі агулам 990 замежнікаў. З гэтага ліку больш за ўсё заяваў паступіла ад украінскіх грамадзянаў — 467, на другім месцы грамадзяне Кубы — 106 пададзеных заяваў, і на трэцім месцы ўцекачы з Сырыі — ад іх паступіла толькі 69 заяваў аб прытулку ў Чэхіі.

Такая малая колькасьць пададзеных заяваў ад сырыйскіх уцекачоў пацьвярджае, што Чэхія зьўляецца для большасьці з іх ня мэтавай краінай, а толькі транзытнай тэрыторыяй па дарозе на Захад Эўропы, лічаць аглядальнікі.

На мінулым тыдні Служба бясьпекі і выведкі Чэхіі ў разьдзеле апублікаванай справаздачы за 2014 год, якая тычыцца Ўкраіны («Магчымы ўплыў украінскіх падзей на міграцыю і асяродзьдзе арганізаванай злачыннасьці ў Чэхіі»), адзначыла, што «патэнцыйная міграцыйная хваля з Украіны не ўяўляе для Чэхіі рызыкі бясьпекі». Колькасьць мігрантаў з Украіны ў Чэхію, гэтак жа як і ў іншыя краіны Цэнтральнай Эўропы, вырасла, аднак спэцыяльныя захады не патрэбныя, гаворыцца ў справаздачы чэскай спэцслужбы.

XS
SM
MD
LG